Распыталі Вольгу пра тое, што яна збіраецца там рабіць і як змянілася яе ўяўленне пра дзяржаўны лад са студэнцкіх часоў.

Вольга Цесакова. Нарадзілася ў Расіі, пасля жыла з бацькамі ў Оршы. У лютым 2018 года, калі Вользе было 22 гады, яе абралі ў Мінгарсавет 28-га склікання. Дэпутацкую нагрузку сумяшчае з асноўнай працай: Вольга — спецыялістка па працы з кліентамі ў лізінгавай кампаніі

Вольга Цесакова. Нарадзілася ў Расіі, пасля жыла з бацькамі ў Оршы. У лютым 2018 года, калі Вользе было 22 гады, яе абралі ў Мінгарсавет 28-га склікання. Дэпутацкую нагрузку сумяшчае з асноўнай працай: Вольга — спецыялістка па працы з кліентамі ў лізінгавай кампаніі

— Патлумачце канчаткова, адкуль узялася навіна, што вашу кандыдатуру разам з дэпутатам Паўлам Бачарнікавым не ўхвалілі для ўдзелу ва Усебеларускім народным сходзе, бо вы адзіныя, хто раней выказваўся супраць гвалту і быў заўважаны на мірных пратэстах?

— Навіна, я так разумею, узялася з высноў пэўнага тэлеграм-канала. Раз з 57 дэпутатаў дэлегатамі абралі толькі 55, метадам выключэння нехта вырашыў, што, хутчэй за ўсё, адмялі нас з Паўлам. Але насамрэч нас цяпер у гарсавеце засталося 55.

— Але для вас стала навіной тое, што вы ўсё ж абраныя для ўдзелу ў сходзе… 

— Так, раней я нават не цікавілася гэтай тэмай, бо была ўпэўненая, што не патраплю на мерапрыемства. На 6 студзеня ў Мінгарсавеце зрабілі анонс павесткі пазачарговай сесіі з абраннем дэлегатаў. На ёй мяне не было, таму зацвярджэнне маёй асобы і стала сюрпрызам.

— Вас абралі без вашай жа згоды, а цяпер вядома, што ўдзельнікаў Усебеларускага народнага сходу збіраюцца ўнесці ў Адзіную кнігу рэгістрацыі злачынстваў. Гэта ўсё адно не спыняе вас адмовіцца ад удзелу ў мерапрыемстве?

— Ну, калі так ужо здарылася, неразумна ўсё гэта байкатаваць, на мой погляд. Прыйдзецца патрапіць пад санкцыі, калі што. Але пакуль я планую быць для людзей крыніцай альтэрнатыўнай інфармацыі адтуль. 

— Вы неяк рыхтуецеся да сходу? Ëсць жаданне выкарыстаць яго на сваю карысць, выступіць з парадкам дня, сапраўды актуальным для беларусаў, калі б з’явілася такая магчымасць?

— Ведаеце, па беларускім тэлебачанні ўжо ж сказалі, што ва ўсіх дэлегатаў ёсць свой парадак, маецца план развіцця на найбліжэйшыя пяць год. Я, праўда, калі даведалася пра гэта, сядзела дома і ела бутэрброд. Але раз інфармацыю агучылі, відаць, план ёсць. І мне дадуць яго пачытаць, азнаёмяць, можа, як гэта і робіцца звычайна.

Хацелася б спадзявацца, што ў мяне будзе магчымасць сказаць нешта ад сябе, але малаверагодна. Думаю, там будуць выступаць загадзя ўхваленыя дакладчыкі, якія нібыта прадстаўляць меркаванне ўсяго гарсавета.

Але ў любым разе я падрыхтую нейкі маналог. Ад мяне і тых людзей, якія да мяне звяртаюцца, якіх хвалюе неапраўданы гвалт, жорсткасць і перакройванне законаў на любы лад. Я падумаю, як гэта аформіць і данесці да ўсіх удзельнікаў сходу.

— Вы самі хацелі датэрмінова скласці свае паўнамоцтвы, а пасля, калі не атрымалася, папрасілі выбаршчыкаў адклікаць вас. Калі і пасля гэтага не выйшла пакінуць пост, як вы на гэта адрэагавалі? Як «праз нежаданне» выконваеце свае дэпутацкія абавязкі цяпер?

— У рамках беларускага заканадаўства дэпутат можа датэрмінова скласці паўнамоцтвы толькі ў выпадку хваробы, па рашэнні суда ці якраз па ініцыятыве выбаршчыкаў. Сама дзяржава не адпусціла мяне таму, што не хацела ствараць такі прэцэдэнт: як гэта, чалавек абраны і хоча сысці? Такога не было, гэта выключэнне з правілаў. Думаю, у сістэмы быў страх: калі без наступстваў адпусцяць мяне, шмат хто рушыць услед па маім прыкладзе. 

Мае выбаршчыкі шляхам галасавання, большасцю галасоў, таксама адмовіліся мяне адклікаць. У мяне дваякія эмоцыі ад гэтага. З аднаго боку, я расстроілася. Я эгаістка па натуры і, перш за ўсё, цаню ўласны камфорт. А тое, што я застануся на месцы, дзе не хацела б быць да восені 2021 года, — не самае прыемнае ў маім жыцці. З іншага боку, я разумею людзей: у маёй асобе яны ўбачылі адзіную магчымую крыніцу атрымання інфармацыі ў закрытай, непразрыстай вертыкалі. У мяне адбыліся перавыбары, выходзіць.

Аднак абірацца на другі тэрмін я дакладна не збіраюся. І не збіралася яшчэ да жнівеньскіх падзей. Гэта звязана і з маёй непадрыхтаванасцю, і з неапраўданымі чаканнямі. Мінгарсавет — шалёная сацыяльная нагрузка ў дадатак да асноўнай працы. Ты абавязаны весці прыём, пасміхацца, калі цябе абражаюць незнаёмыя людзі. Гэта ўсё вельмі цісне псіхалагічна.

У канцы снежня я завяла тэлеграм-канал, куды людзі могуць накіроўваць пытанні да мяне, не завітваючы на асабісты прыём. Гэта шмат у чым спрасціла камунікацыю: мне дасылаюць спісы пытанняў. У асноўным, яны пакуль тычыліся добраўпарадкавання, капрамонтаў.

Вольга на адным з мірных маршаў

Вольга на адным з мірных маршаў

— Калі цяпер вы лепш разумееце, як працуе сістэма знутры, вы ўсё яшчэ лічыце, што вас абралі ў Мінгарсавет сумленным шляхам?

— Мне здаецца, тут неадназначная сітуацыя. З аднаго боку, большую частку галасоў мне дакладна не малявалі. Усё ж я ўзначальвала Каардынацыйную раду органаў студэнцкага самакіравання Студэнцкага гарадка БДУ і Каардынацыйную раду жылога комплексу «Студэнцкая вёска», мяне сапраўды многія ведалі. І цяпер многія людзі, што прыходзяць да мяне на прыём, жыхары Дзяржынскай акругі №23, шчыра прызнаюцца, што вельмі радыя, што галасавалі за мяне.

Але я не выключаю, што маю кандыдатуру «ўхвалілі» зверху, таму што выпадковаму чалавеку трапіць у дэпутаты, мне здаецца, нерэальна. Магло быць указанне «амаладзіць гарсавет».

— Пры гэтым падчас выбараў адразу вылезла інфармацыя пра тое, што студэнтаў прымушаюць вас падтрымліваць. 

— Усё, што бачыла я, было добраахвотна. У самым пачатку мы пагутарылі са студэнтамі і вырашылі вылучыць маю кандыдатуру. Яна была лагічная, у тым плане, што на той я момант прадстаўляла арганізацыю ў БДУ, якая займалася праблемамі студэнтаў — у прыватнасці ўсё, што тычыцца камфортнага жыцця ў інтэрнатах. Мне, калі шчыра, здавалася, што маладыя дэпутаты робяць тое ж самае.

Мы атрымалі маральную падтрымку ад кіраўніцтва БДУ, потым пазнаёміліся з адміністрацыяй Маскоўскага раёна. У маёй камандзе аказаўся студэнцкі актыў недзе з 20-30 чалавек. Плюс дапамагаць выклікаліся розныя арганізацыі ў складзе Асамблеі БДУ: Студэнцкі Саюз, БРСМ і ншыя. Калі было жаданне, людзі адтуль дапамагалі мне са зборам подпісаў, з пікетамі (кампанія, дарэчы, ішла зімой), з фотасесіямі і іншымі рэчамі. 

— Вам вядома, як адбываўся падлік галасоў?

— Мне вядомыя толькі агульныя працэсы: тым больш я была назіральніцай на прэзідэнцкіх выбарах-2015.

Сама за сябе я прагаласавала датэрмінова, бо мне так было зручна: на выходных было шмат спраў. І нават не чакала вечаровых вынікаў, мне пра іх паведамілі ўжо зранку, на наступны дзень. 

— Вы пайшлі ў гарсавет, былі актывісткай у студэнцкіх арганізацыях, але пры гэтым казалі, што да жніўня 2020 былі апалітычнай. А як такое магчыма? Як можна быць апалітычным дэпутатам?

— Ва ўніверы я проста жыла па законах БДУ. Там усё проста і зразумела. А калі я прыйшла ў гарсавет, мне ніхто не выдаў, умоўна скажам, кніжку «Дапаможнік дэпутата», якую можна было б прачытаць і зразумець усе абавязкі. Не разумеючы да канца, як працуе гарсавет, я заставалася апалітычнай.

— Дык нават на жыццё студэнтаў так ці інакш уплывае палітыка, а вы ж прадстаўлялі іх інтарэсы…

— Проста мяне працэсы ў жыцці краіны ніяк не чаплялі. Мне было не асабліва цікава, як пройдзе прэзідэнцкая кампанія, не было цікава, што там у парламенце вырашаюць. І тым больш у гарсавеце. Я ведала, што мае знаёмыя, мая сям’я працуюць, усё ў нас нармальна, праблем няма. Забойстваў і злачынстваў мы самі не бачылі. А ў чым праяўляецца палітыка для абывацеля? У тым, што ў цябе ўсё нармальна.

— Лічыце такую пазіцыю рацыянальнай?

— Цяпер разумею, што гэта няправільна. З аднаго боку, у такой пазіцыі ёсць здаровы давер: ты даручыў кваліфікаваным людзям займацца тваім жыццём. Яны ж лепш разбіраюцца ў многіх працэсах. З іншага боку, гэта простая абыякавасць: нам проста лянота пачытаць заканадаўства, разбірацца ў палітычных працэсах.

Мы не прызвычаіліся браць на сябе адказнасць за тое, як мы жывём. Так мы і дапусцілі ў краіне самавольства. А калі хочаш нешта змяніць, трэба не маўчаць, выходзіць з зоны камфорту, умець дамаўляцца з рознымі людзьмі. Я дагэтуль сябе перасільваю, каб жыць менавіта па такім сцэнары ўключанасці.

— Якая цяпер атмасфера сярод вашых калег? Ці падтрымлівае нехта вашу пазіцыю?

— Мы бачымся, у асноўным, на сесіях. Са мной усе вітаюцца, што ўжо нядрэнна (смяецца). Камусьці хапіла смеласці выказаць крытыку ў мой адрас напрамую, а нехта робіць гэта на «Жоўтых злівах». Ад некаторых паважаных мной людзей такога бруду я не чакала нават у межах дзелавой этыкі.

Безумоўна, адразу пасля выбараў не адна я хацела нейкай рэакцыі ад улады на той гвалт, што адбыўся ў краіне. Але дэпутаты на ўсе запыты атрымлівалі выключна адпіскі: гэта не ў вашай кампетэнцыі. Пры тым, што па законе дэпутаты не проста прадстаўляюць інтарэсы грамадзян, але і абараняюць іх правы, свабоды. На справе ж нават мой запыт у пракуратуру наконт неправамернасці караць людзей за бел-чырвона-белую тканіну на балконе перанакіроўваецца ў МУС, і, хутчэй за ўсё, я зноў атрымаю адпіску.

Нам даўно трэба зрабіць заканадаўства недвухсэнсоўным: каб яго не чытаў на сваю карысць нейкі бок. І нам таксама патрэбнае пашырэнне паўнамоцтваў дэпутатаў. Каб мы перасталі чуць кожны раз: гэта не ў вашай кампетэнцыі.

— У вас ёсць нейкі страх за сваё жыццё? Калі так, як вы з ім спраўляецеся?

— Я гатовая да бусікаў, што могуць мяне забраць, яшчэ са жніўня. Пасля таго як напісала заяву на імя старшыні Мінгарсавета з просьбай датэрмінова скласці з мяне дэпутацкія паўнамоцтвы. Гатовая пасля таго, як пачала заўважаць, што за мной сочаць. Прычым не хаваючыся. Калі зразумела, што мяне праслухоўваюць. І калі мне простым тэкстам сказалі: калі патрапішся зноў на маршы, то пойдзеш па крыміналцы, а не па адміністрацыйнай справе.

Канечне, проста так жыць у гэтых рэаліях немагчыма. Таму я звярнулася па псіхалагічную дапамогу.

— Вы нарадзіліся ў Расіі і неяк казалі, што, хоць і жывяце ў Беларусі, адчуваеце сябе рускай, прычым «са знакам якасці». Цікава, ці нешта змянілася?

— Ведаеце, раней я не бачыла розніцы паміж беларусамі і рускімі. Цяпер яна ёсць, і мне хочацца думаць, што я ўсё ж беларуска. Беларусы цяпер праяўляюць той набор маральных якасцяў, да якіх я імкнуся. Людзі вераць у сябе, з’яівілася пачуццё свабоды, справядлівасці, салідарнасці. І хочацца верыць, што гэтыя якасці будуць не соннымі, а ярка выяўленымі.

label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?