Распавядаючы, чым сітуацыя 2020 года адрозніваецца ад выбараў-2015 і выбараў-2006, Чалы адзначыў, што сёння ўсе дакладна ведаюць, што нас шмат, што меншасць у праціўніка. «Гэта адчуванне, і маральнай рацыі, і таго, што мы перамаглі, але перамогу ў нас скралі, ужо нікуды не дзенецца».

«Перагарнуць старонку, забыць пра 400 выпадкаў катаванняў, 30 тысяч асуджаных на суткі? Так не бывае. Прымірэння не бывае без пакаяння», — катэгарычны эканаміст.

«Адбылося нешта беззваротнае. Ужо дарогі назад няма. Уладзе вельмі хацелася б вярнуцца назад у 8 жніўня, пра што казала Качанава. Але гэта немагчыма. І мы, і яны ўжо зрабілі вельмі шмат беззваротных рэчаў. Так, як раней, ужо не будзе дакладна».

«А скончыцца гэта можа толькі двума сцэнарамі. Альбо ўсё пойдзе ў бок дэмакратычнай рэвалюцыі ў царства свабоды, альбо тут будзе паўнавартасны Асвенцім. Таму што па-іншаму ніяк».

Разам з тым у сённяшняй сітуацыі ўрад і эканоміка могуць пратрымацца год, мяркуе Чалы.

«Эканоміка цяпер уся практычна ў паралічы, у стане чакання. Гэта ж бачна па тым, што гарызонт планавання рэзка скараціўся. У такой сітуацыі немагчымыя інвестыцыі, наогул ніякія, я ўжо не кажу пра замежныя. Хто ў здаровым розуме будзе цяпер пашыраць бізнэс?»

«Для мяне насамрэч дзіўна, што і так дастаткова доўга ўсё. Я бачу гераічныя дзеянні Нацбанка. Яму ж прыйшлося перажыць і адток дэпазітаў, і набег на абменнікі, і золатавалютных рэзерваў яны ў гэтым годзе 20% страцілі. Прычым перад гэтым чатыры гады людзі наогул не згадвалі дэвальвацыю».

«Спрабую зразумець, што адбываецца ў калідорах улады. І тое, што даносіцца адтуль…» — задаецца пытаннем Сяргей.

«Пакуль атрымліваецца так, што ад дзеянняў Расіі залежыць вельмі шмат. Мне гэта не падабаецца, але гэта факт. Гэта і ёсць страта міжнароднай легітымнасці, калі лёс тваёй краіны вырашаюць не ў тваёй краіне»

«Але гэта не значыць, што ўсё, што Пуцін вырашыць, так і будзе. Пуцін можа хацець усё, што заўгодна, але вось ці атрымаецца тут усё, што ён хоча».

Чалы мяркуе, што самая галоўная рызыка цяпер — гэта не рызыка нейкага краху, збяднення, дэвальвацыі. «Галоўная рызыка — гэта апусканне ў застой безнадзейнасці.

Калі ўсе, хто здольны, канкурэнтны на рынку, з'едзе адсюль, бо тут не будзе ні ўнутранага попыту, ні ўмоў, а тыя, што засталіся, будуць харчавацца пераводамі з-за мяжы і падножным кормам на дачных участках. Беларусь можа стаць банкрутам, прычым у класічным яго разуменні. Гэта і называюць дэфолт».

Але баяцца дэфолту не варта, пасля дэфолту — рост, як стала ў Расіі ў 1999-м.

Калі ў Беларусі адбудуцца новыя выбары, то перамагчы Лукашэнку зможа хто заўгодна, бо гэта будзе пратэснае галасаванне, як фактычна было 9 жніўня, мяркуе Чалы.

Пры канцы Сяргей расказаў грузінскі анекдот. «Калі ў грузіна спыталі, які транспарт самы хуткі ў свеце? — Тралейбус. — Чаму? — Бо ён прывязаны так бегае, а калі адвязаць, паляціць, напэўна».

Тое ж і для Беларусі. «Я да таго, што калі мы такія цуды (пратэст метадамі Гандзі) паказваем свету пад такім ціскам, то як гэта будзе, калі гэты ціск знікне.

Калі знікне гэты страх, гэты гвалт, калі можна будзе нармальна ўздыхнуць, ісці па вуліцы і не думаць, што табе трэба хістаць гэты рэжым, займацца барацьбой, баяцца, а можна проста будаваць мірнае жыццё. Вось гэта рэальна будзе крута і гэта сапраўды будуць цуды. Думаю, што нам рэальна будуць усе зайздросціць».

«Я ўпэўнены, што ўвесь свет цяпер сочыць за тым, ці атрымаецца ў нас. Аб 2020 годзе будуць потым манаграфіі і дысертацыі пісацца, здымацца фільмы. Гэта будзе падзея ХХІ стагоддзя, якая змяніла ход гісторыі. Вось што цяпер адбываецца», — рэзюмаваў ў канцы інтэрв'ю Сяргей Чалы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0