Гэта самае буйное банкруцтва за ўсю гісторыю эканомікі ЗША.

Працэдура дазволіць кампаніі абараніцца ад прэтэнзій крэдытораў. Па амерыканскім аўтагіганце моцна ўдарыла фінансавая крыза. Чысты ўбытак кампаніі за 2008 год склаў 30,9 мільярда даляраў.

У такіх варунках кіраўніцтва General Motors пайшло на продаж практычна ўсіх сваіх замежных актываў. Напрыканцы 2008 года былі прададзены долі амерыканскай кампаніі ў японскім аўтапроме. Некалькі дзён таму абвешчана пра продаж кампаніі Opel. Такі ж лёс, магчыма, чакае і шведскі Saab.

У агуле ў выніку рэарганізацыі кампаніі працу згубяць штонайменей 20 000 работнікаў.

Афіцыйна пра банкруцтва кампаніі сёння абвесціць прэзідэнт ЗША Барак Абама. Адразу пасля гэтага адбудзецца прэс-канферэнцыя кіраўніцтва General Motors з падрабязнасцямі плану рэструктурызацыі фірмы.

Паводле папярэдняй інфармацыі, урад ЗША выдзеліць дапамогу ў памеры 30 мільярдаў даляраў для паратунку аўтагіганта. Дзяржава за гэтае атрымае 60% акцый кампаніі. Рэструктурызацыя General Motors працягнецца ад 60 да 90 дзён. Пасля працэсу «дзяржаўны аўтавырабнік» па сваіх памерах будзе мала падобных на цяперашняга гіганта аўтапраму. Чакаецца, што будуць зачыненыя ці прададзеныя практычна ўсе «непрофільныя актывы», а таксама зачынена да паловы вытворчых магутнасцяў.

Варта зазначыць, што прынамсі 54% акцыянераў General Motors ўжо выказалі сваю згоду з планам у надзеі захаваць прынамсі 10% ад сваіх сродкаў, укладзеных у акцыі кампаніі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?