Нацыянальны банк чакае, што сітуацыя на рынку наяўнай валюты ў Беларусі нармалізуецца на працягу гэтага тыдня, заявіў начальнік упраўлення інфармацыі Нацбанка Анатоль Драздоў.

Ён звярнуў увагу на тое, што чуткі пра чарговую дэвальвацыю беларускага рубля актыўна мусіраваліся і напярэдадні майскіх святаў, і цяпер, перад 1 чэрвеня.

«Некаторы ажыятаж пачне заціхаць па натуральных прычынах — наступіла 1 чэрвеня і ніякай дэвальвацыі не адбылося, курс у банках не змяніўся, — зазначыў Драздоў. — Мы разлічваем, што на гэтым тыдні сітуацыя выраўнуецца, бо чуткі чарговы раз не пацвердзіліся».

Прадстаўнік Нацбанка зазначыў, што ўсю другую палову сакавіка, красавік і пачатак мая людзі валюту прадавалі. Ён паведаміў, што валюты ў банках было дастаткова, але з другой паловы мая на хвалі чутак пра нібы чаргую дэвальвацыю беларускага рубля стаў адзначацца рэзкі павышаны попыт на яе.

«Гэта значыць зноў з’явілася тэндэнцыя чыстага попыту на валюту з боку насельніцтва, хоць і ў значна меншых маштабах, чым гэта было ў студзені 2009 года. Характэрна таксама, што ў апошнія дні мая скупляліся ў асноўным менавіта долары ЗША. Еўра і расійскія рублі ў продажы былі», — зазначыў прадстаўнік галоўнага банка краіны.

У Нацбанку канстатуюць, што банкі зноў не гатовыя да рэзкага росту попыту на замежную валюту, у тым ліку таму, што такія сітуацыі досыць складана спрагназаваць. «Трэба ўлічваць, што для завозу валюты банкам таксама неабходныя рэсурсы і пэўны час», — сказаў Драздоў.

Шэраг айчынных і міжнародных эканамістаў апошнія месяцы заяўляюць аб пагрозе новай дэвальвацыі беларускага рубля з-за вялікага адмоўнага сальда знешняга гандлю (паводле даных Белстата, за чатыры месяцы 2009 года адмоўнае сальда гандлю таварамі склала 2 млрд. 621,7 млн. долараў).

Эксперты місіі Міжнароднага валютнага фонду, якія працавалі ў Мінску з 29 красавіка па 13 мая, заявілі пра ўзмацненне ўплыву сусветнага крызісу на Беларусь.
Місія павінна падрыхтаваць справаздачу, на падставе якой будзе вырашацца пытанне аб выдзяленні краіне другой часткі стабілізацыйнага крэдыту.

Пры гэтым шэраг СМІ паведамлялі, што новая дэвальвацыя рубля (на 5—10%), або пашырэнне межаў калідора валютнага кошыку (да 10%) нібы з’яўляецца адным з патрабаванняў МВФ для выдзялення ёй другога траншу крэдыту. Аднак гэтая інфармацыя афіцыйна не пацверджана.

Аляксей Арэшка, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0