31 траўня споўнілася 50 гадоў былому паслу Польшчы ў Беларусі Марыюшу Машкевічу. «Наша Ніва» павіншавала пана Машкевіча з юбілеем і задала некалькі пытанняў.
Падчас падзеяў Плошчы ў 2006 г. Мінскі суд пакараў Машкевіча арыштам на 15 сутак.
«Наша Ніва»: Пан Машкевіч, у якім настроі сустрэлі пяцідзесяцігоддзе?
Марыюш Машкевіч: Сустрэў у добрай кампаніі сваіх беларускіх і польскіх сяброў, у маім доме пад Варшавай, у Міхаловіцах. Былі Аляксандр Мілінкевіч, Уладзімір Падгол, Мікола Маркевіч, Тадэвуш Гавін, Віктар Шалкевіч, Пётра Рудкоўскі. Прэзентавалі кнігу «Беларусь у бок Еўропы», а таксама польскія пераклады Уладзіміра Арлова. Некаторыя іншыя кнігі, што выйшлі ў серыі Biblioteka Bialoruska Калегіуму Усходняй Еўропы. Як бачыце, нават дзень нараджэння святкаваў з беларусамі.
«НН»: А ўвогуле, ці атрымліваецца сачыць за беларускімі падзеямі?
ММ: Заўсёды з цікавасцю сачу за тым, што адбываецца ў Беларусі. Імкнуся быць у курсе вашых справаў. Штодня чытаю беларускія сайты, у тым ліку nn.by.
«НН»: А як ацэньваеце тое, што беларускія ўлады абвясцілі курс на збліжэнне з Захадам?
ММ: Складанае пытанне. Магу толькі сказаць, што рух убок Еўропы замацоўвае беларускую незалежнасць.
«НН»: А чым увогуле зараз займаецеся?
ММ: Я кадравы работнік Міністэрства замежных спраў. Цяпер вось чакаю новага прызначэння. Таксама займаюся навуковай дзейнасцю.
«НН»: Якія планы на бліжэйшыя 50 гадоў?
ММ: Напісаць шмат кніжак. (Смяецца)
Марыюш Машкевіч (нар. у Ілаве 31 траўня 1959) — доктар гуманітарных навук, дыпламат, публіцыст. Заснавальнік першага польскага консульства ў Гродна, генеральны консул у Горадні ў 1994 — 1997 гадах. Пасол Польшчы ў Беларусі (1998 — 2002). 24 сакавіка 2006 г. быў затрыманы міліцыяй на Кастрычніцкім пляцы ў Мінску падчас пратэстаў прыхільнікаў пераменаў. Мінскі суд пакараў Машкевіча арыштам на 15 сутак.