Пасля 15 сутак у ЦІП яго зноў затрымалі, судзілі і пакаралі такім жа тэрмінам. Абодва разы — па артыкуле 23.34 КаАП. Пра гэта TUT.BY распавяла жонка выкладчыка, Юлія Якубава.

Віктар Якубаў.

Віктар Якубаў.

Першы раз Віктара Якубава затрымалі яшчэ 20 снежня — пасля дзіцячага свята каля ёлкі ў Наваполацку. Выкладчыка абвінавачвалі ва ўдзеле ў ланцугу салідарнасці, які ў той жа дзень адбыўся ў горадзе: у ім стаяў больш за дзесятак гараджан з БЧБ-сцягамі.

— Віктар не быў ў тым ланцугу салідарнасці, ён нават не ведаў пра гэту акцыю. Мы з дзецьмі — а ў нас іх двое, чатырох і сямі гадоў, — былі на свяце каля елкі. Адтуль Віктара і забралі ў міліцыю, — тлумачыць Юлія Якубава.

Трое сутак Якубаў знаходзіўся ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у мясцовым ГАУС. 23 снежня адбыўся суд, справу адправілі ў міліцыю на дапрацоўку. Паўторны разгляд прайшоў 5 студзеня.

Суддзя Зінаіда Балаболава дала выкладчыку 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Паколькі трое сутак ён ужо правёў у ЦІП, засталося 12.

Выкладчык павінен быў выйсці на свабоду 18 студзеня. Аднак гэтага не адбылося.

— Вечерам 18 студзеня на мужа склалі новы пратакол і зноў затрымалі. На гэты раз яго абвінавачвалі ў шэсці, якое адбылося ў Наваполацку таксама ў мінулым годзе — 5 снежня. Я бачыла відэа з гэтай акцыі. На ім — цьмяныя сілуэты людзей, і ўдзел у шэсці можна прыпісаць каму заўгодна. Суд адбыўся 20 студзеня, і тая ж суддзя Зінаіда Балаболава дала Віктару зноў 15 сутак. Адзін з міліцыянтаў нібыта пазнаў сярод удзельнікаў шэсця майго мужа — па паходцы і акулярах.

Юлію Якубаву таксама 25 студзеня будуць судзіць па абвінавачванні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсці ў Наваполацку 5 снежня.

— Міліцыянты перакананы, што я там была. На скрыншоце з відэа адзін чалавечы цень абведзены кружочкам — і стаіць подпіс «Якубава».

Юлія перажывае за мужа:

— Невядома, каго пакаралі — Віктара ці мяне. Цяжка. Але я ведаю, што мой муж усё вытрымае.

Віктар Якубаў скончыў ПДУ па спецыяльнасці «Гісторыя», навучаўся ў аспірантуры Інстытута гісторыі НАН Беларусі. З 2007 года працуе ў родным універсітэце. Прайшоў шэраг навуковых стажыровак ва ўніверсітэтах у Польшчы, Расіі, Венгрыі. Мае публікацыі, артыкулы ў часопісах і навуковых зборніках, энцыклапедычным зборніку, даклады на міжнародных навукова-практычных канферэнцыях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0