23 чэрвеня

Карэспандэнта недзяржаўнай газэты «Intex-press» Руслана Гарбачова не пусьцілі на сумесны сход актывістаў суполак КПБ і ПКБ у Баранавічах, спаслаўшыся на рашэньне «бюро арганізацыі».

26 чэрвеня

У Сьветлагорску міліцыянты вярнулі беспартыйнай актывістцы Натальлі Бордак і сябру ПБНФ Тэльману Масьлюкову плякат «Сьветлагорск – за свабоду!», які канфіскавалі за некалькі дзён да таго пры спробе вывесіць яго на інфармацыйнай тумбе на цэнтральнай вуліцы гораду. Плякат вярнулі пасьля заявы актывістаў у міліцыю пра незаконнасьць канфіскацыі. Пасьля вяртаньня плякат быў вывешаны на інфармацыйнай тумбе.

27 чэрвеня

Калегія Гарадзенскага абласнога суду не задаволіла скаргі на рашэньне Лідзкага раённага суду ў справе актывіста АГП Івана Крука: прысуд застаўся ранейшым – 6 месяцаў арышту.

Судзьдзя Чыгуначнага райсуду Віцебску Бардзюкова аштрафавала распаўсюднікаў незалежнай прэсы Барыса Хамайду і Алеся Мудрычэнку «за гандаль у неналежным месцы» на 1 базавую велічыню кожнага.

У Магілёве кіраўніцтва суполкі прафсаюзу РЭП не змагло сустрэцца са старшынём гарвыканкаму Віктарам Шорыкавым для абмеркаваньня рэгістрацыі, хаця пра сустрэчу дамовіліся яшчэ 10 чэрвеня. У прыёмным пакоі мэра прафсаюзьнікам заявілі, каб па пытаньнях рэгістрацыі падавалі ў суд.

Працэс супраць РГА «Беларускі Хэльсынскі камітэт» у Вярхоўным судзе перапынены: ён працягнецца пасьля разгляду ў Вышэйшым гаспадарчым судзе скаргі БХК на прысуд, паводле якога праваабаронцаў змушаюць сплаціць 80 тыс. даляраў.

Актывістаў АГП Аляксея Казуліна і Юр’я Талстоя затрымалі 27 чэрвеня ў цэнтры Менску за тое, што на іх былі майкі зь лягатыпам партыі і надпісам «Надоел!». Іх завялі ў будынак Нацбанку, дзе правялі асабісты надгляд, забралі пашпарты і партыйныя пасьведчаньні. Потым іх абвінавацілі ў расклейцы налепак і даставілі ў міліцыю, дзе, паводле іх словаў, прымушалі пісаць тлумачальныя цыдулкі. Міліцыянты заявілі, што надпіс «Надоел!» на майцы забаронены і што яны маюць права забраць майкі. Адпусьцілі юнакоў праз 3 гадзіны.

Вярхоўны суд пакінуў бязь зьменаў касацыйную скаргу Берасьцейскага абласнога аб’яднаньня «Сузор’е» на рашэньне Берасьцейскага абласнога суду пра ліквідацыю арганізацыі.

28 чэрвеня

Рэклямная агенцыя «Аранжавы дэльфін» у Пінску адмовілася разьмяшчаць рэкляму недзяржаўнай газэты «Мясцовы час» у аўтобусах і на тумбах гораду (дзе яно трымае манаполію) падчас падпісной кампаніі.

Суд над Аляксандрам Казуліным прызначаны на 6 ліпеня на 10 гадзінаў у Маскоўскім судзе Менску. 30 чэрвеня лідэра БСДП(Г) перавялі ў Менск на Валадарку на час працэсу. Усе хадайніцтвы Казуліна, у тым ліку і пра тое, каб абаронцай была ягоная дачка Вольга (праўнік з адукацыі), адхіленыя. У адказ на гэта Казулін абвясьціў пра недавер суду.

У суд Цэнтральнага раёну Гомелю перададзеная з Гомельскага абласнога суду справа па скарзе ініцыятараў чарнобыльскага мітынгу Ўладзімера Кацоры, Васіля Палякова, Уладзімера Сякеркі: у красавіку аблвыканкам не дазволіў правесьці мітынг, што ініцыятары палічылі неправамерным. З просьбай праверыць правамернасьць рашэньня ініцыятары зьвярнуліся ў Савет міністраў, адтуль заяву перанакіравалі ў Мін’юст, а потым у суд.

29 чэрвеня

У Жлобіне на судовым працэсе супраць Эдуарда Зелянкова, абвінавачанага ў «дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі», прадстаўніца пракуратуры запатрабавала яму пакараньне ў 1 год пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай у 1,5 году. Наступнага дня судзьдзя Шаўцоў абвесьціў мяккі вырак – 30 б.в.

На судовым працэсе ў Кастрычніцкім судзе Горадні пракурор запатрабаваў для Мікалая Аўтуховіча 3 гады і 6 месяцаў у калёніі ўзмоцненага рэжыму, канфіскацыі маёмасьці й забароны на прадпрымальніцкую дзейнасьць на 5 гадоў. Для Юр’я Лявонава ён запатрабаваў 3 гады і 5 месяцаў калёніі ўзмоцненага рэжыму і забарону на 5 гадоў займаць пасады ў адміністрацыйна-гаспадарчай галіне.

Працэс над актывістамі «Партнэрства» Мікалаем Астрэйкам, Энірай Браніцкай, Цімохам Дранчуком, Аляксандрам Шалайкам пачнецца 20 ліпеня ў Цэнтральным судзе Менску.

Улады Сьветлагорску ня здужалі спагнаць штраф у 2 б.в. з Натальлі Бордак, прысуджаны ёй пры канцы сакавіка за раздачу агітацыйных матэрыялаў А.Мілінкевіча: тады суд вырашыў, што плякат кандыдата на прэзыдэнта 5 хвілінаў стаяў у неналежным месцы. 29 чэрвеня скончыўся 3-месячны тэрмін, вызначаны заканадаўствам для выкананьня спагнаньня.

У Менскім абласным судзе пачаўся працэс па ліквідацыі ГА «Інвэстыцыйны фонд прававых тэхналёгіяў», ініцыяваны абласной управай юстыцыі. У працэсе зроблены перапынак да 7 ліпеня, каб бакі прыйшлі да міравога пагадненьня.

30 чэрвеня

Суд Ленінскага раёну Берасьця адмовіў у задавальненьні пазову актывісту Свабоднага прафсаюзу Беларускага Валянціну Лазарэнкаву, які аспрэчваў сваё звальненьне з пасады выкладчыка Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Яго звольнілі за «амаральныя і не сумяшчальныя з далейшым працягам яго працы ў якасьці выкладчыка ВНУ» ўчынкі: арышт на 7 сутак «за хуліганства» падчас агітацыйнай кампаніі.

2 ліпеня

У Наваградку затрымалі Віктара Івашкевіча, які падчас мэдыявалю размахваў нацыянальным сьцягам на Замкавай гары, і склалі на яго партакол, які мае быць перададзены ў суд. У яго канфіскавалі 15 сьцягоў і некалькі значкаў «За свабоду». Акрамя таго, затрымалі 15 чалавек з нацыянальнымі сьцягамі (у тым ліку Зьмітра Касьпяровіча, Зьмітра Баразду), аднак Івашкевіч заявіў, што арганізатарам акцыі ёсьць ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?