У першы дзень суда было дапытана 18 сведак: выкладчыкі і студэнты БДУІР, ахоўнік і бацькі Арцёма. Па іх словах, заняткі былі прыпыненыя на 5-15 хвілін, але прэтэнзіяў ніхто не мае да гэтага. Паводле абвінавачвання, Арцём дзейнічаў у групе асобаў — гэтыя людзі неўстаноўленыя, а сведкі даюць розныя паказанні, колькі людзей там было. Арцёма Вінакурава многія пазналі толькі на відэа са спрэчкай з дэканам БДУІР Леанідам Шылінам, якое студэнты выклалі ў інтэрнэт. Справу разглядае суддзя Марына Фёдарава, паведамляе spring96.org.

Арцём Вінакураў — студэнт 3 курса факультэта камп'ютэрных сістэм і сетак БДУІР. Паводле звестак МУС, 26 кастрычніка ён разам з іншымі навучэнцамі зайшоў у аўдыторыю, дзе праходзіў занятак, і пачаў заклікаць да страйку. Пасля таго як дэкан факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання Леанід Шылін зрабіў заўвагу студэнтам і папрасіў іх выйсці з аўдыторыі, «у яго адрас пасыпаліся абразы і пагрозы». Арцём быў затрыманы раніцай 27 кастрычніка, супраць яго была распачатая крымінальная справа аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342 Крымінальнага кодэкса).

3 снежня Арцём быў прызнаны праваабаронцамі палітычным зняволеным. Да суда Арцём утрымліваўся ў СІЗА ў Жодзіне.

Сваю віну Вінакураў прызнаў у поўным аб'ёме. Інтарэсы хлопца абараняюць адвакаты Андрэй Балмакоў і Андрэй Доўнар.

Першай сёння дапыталі выкладчыцу з БДУІР. Яна распавяла, што на яе лекцыю 26 кастрычніка «ўварваўся падсудны, а студэнты аказвалі яму шумавую падтрымку». Па яе словах, у групе было каля 30 студэнтаў, яны зайшлі ў аўдыторыю з двух уваходаў. Усё заняла не больш за 10 хвілін. Выкладчыца распавядае пра дзеянні Арцёма Вінакурава:

«Крычаў, на мой погляд, нарыхтаваныя лозунгі эмацыйнага настрою, заклікаючы да страйку, да якога заклікала і Святлана Ціханоўская».

Студэнты яго падтрымлівалі: апладзіравалі, скандавалі падрыхтаваныя выразы. Але выкладчыца дадала, што яна не памятае шмат чаго, бо была ў шокавым стане.

Тады яна спытала ў студэнтаў, няўжо Святлана Ціханоўская супраць таго, каб студэнты вывучалі гісторыю, але Вінакураў ёй не адказаў. Па яго словах, яна не паспела выкласці ўвесь матэрыял не толькі з-за 10 хвілін, але і з-за звароту да студэнтаў з тэмай, не звязанай з лекцыяй.

Выкладчыца падкрэсліла на судзе, што ўварванне Вінакурава пакінула ўражанне на ёй. Адвакат запытаў, ці негатыўнае, на што выкладчыца сказала:

«Чаму? Гэта было нечаканасцю, я падыходзіла да навучальнага працэсу стандартна: без забастовак і правакацый».

Арцём у зале суда папрасіў прабачэнне ў выкладчыцы за тое, што прынёс нязручнасці ёй.

Наступным дапытваюць яшчэ адну выкладчыцу БДУІР, у якой 26 кастрычніка была лекцыя па матэматыцы. Яна распавяла, што на пару сапраўды заходзіла група студэнтаў на 5-7 хвілінаў. Яна не памятае, што канкрэтна яны казалі і ці была ў іх сімволіка. Не памятае яна, ці быў сярод іх Арцём Вінакураў. Па яе словах, гэта паўплывала на навучальны працэс: «Дзесьці казала хутчэй потым». Па яе словах, спрэчкі не было паміж імі:

«Яны да мяне не звярталіся, а звярталіся да студэнтаў. Потым выслухалі мяне і ўсё зразумелі».

Наступны сведка — выкладчык Аляхновіч. Па яго словах, у аўдыторыю, дзе ў яго былі заняткі, каля 10-й гадзіны зайшлі студэнты ў чорных масках і сказалі: «Хто супраць гвалту — за мной». «І тыя, хто супраць гвалту, пайшлі за імі».

Гэты выкладчык заявіў на судзе, што заняткі не былі праведзеныя да канца:

«Я лічу, гэта парушэнне грамадскага парадку».

Але ён не змог сказаць, ці быў сярод той групы студэнтаў Арцём Вінакураў. Усе дзеянні занялі 2-3 хвіліны.

«У мяне склалася ўражанне, што яны былі гатовыя, вось па-вайсковаму, па-вайсковаму ўсталі і пайшлі, то-бок яны былі гатовыя».

На судзе па справе Вінакурава таксама быў дапытаны загадчык лабараторыі Страковіч — куратар групы БДУІР, дзе навучаўся Арцём. Ён ахарактарызаваў Арцёма як «студэнта, не самага адсталага, як большасць студэнтаў, які меў аўтарытэт сярод аднакурснікаў».

Была дапытаная і яшчэ адна студэнтка БДУІР Цуро — аднагрупніца Арцёма, стараста групы. Яна апісала яго як добразычлівавга чалавека, які заўсёды дапамагаў іншым. 26 кастрчніка яна адсутнічала на парах — дазналася пра падзеі таго дня з інтэрнэту.

У судзе былі агучаныя паказанні яшчэ некалькіх студэнтак, якія не змаглі з'явіцца на пасяджэнне. На судзе ў якасці доказаў быў прагледжаны ролік канфлікту дэкана Леаніда Шыліна і Арцёма Вінакурава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0