Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

Усё больш экспертаў у сферы аховы здароўя выступаюць за шырокае выкарыстанне танных хуткіх тэстаў для імгненнага выяўлення выпадкаў захворвання, бо, па меркаванні навукоўцаў, больш за 50 адсоткаў заражэнняў перадаюцца людзьмі, якія пераносяць хваробу бессімптомна.

За апошні час меры бяспекі сталі яшчэ больш актуальнымі праз з’яўленне новых штамаў і рост смерцяў ад кавіду ў ЗША і краінах Еўропы. Гэта стадыя пандэміі выклікала новую хвалю каранцінаў і лакдаўнаў. На думку спецыялістаў, гэтыя вядомыя стратэгіі па стрымліванні распаўсюджвання інфекцыі — важныя крокі ў барацьбе з новымі варыянтамі каранавіруса, піша выданне The Wall-Street Journal.

За год каранавірус вывучылі больш дасканала, што дае магчымасць даследчыкам прыйсці да адзінага меркавання.

Новыя меры бяспекі заснаваныя на двух галоўных фактах, якія навукоўцы зразумелі. Па-першае, у адрозненне ад большасці формаў грыпу і ВРВІ, людзі, у якіх няма сімптомаў, могуць перадаваць вірус.

Эксперты па інфекцыйных захворваннях занепакоеныя такім маўклівым распаўсюджваннем, бо якраз гэта адна з найвялікшых перашкод для стрымлівання пандэміі. Па звестках цэнтраў па кантролі і прафілактыцы захворванняў, ад 40 да 45 адсоткаў інфікаваных пераносяць хваробу бессімптомна.

Па-другое, даследчыкі выявілі, што дробныя часціцы паветра, вядомыя як аэразолі, адыгрываюць пэўную ролю ў распаўсюджванні кавіду. Яны могуць перамяшчацца на адлегласць да 2 метраў.

Першапачатковыя супрацьэпідэміялагічныя меры былі засяроджаныя на рызыцы перадачы інфекцыі праз мікракроплі, што ўзнікаюць падчас дыхання чалавека. Як правіла, яны пралятаюць адлегасць на некалькі сантыметраў, а затым апускаюцца на зямлю. Шматлікія прадпрыемствы пасля гэтых звестак пачалі набываць плексігласавыя бар’еры.

Такія бар’еры прадухіляюць пападанне кропляў з вірусам на здаровых людзей. Гэта пэўная ахова для работнікаў, якія маюць кароткія кантакты з людзьмі на працягу працоўнага дня, напрыклад, для касіраў. Аднак у такіх месцах, як спартыўныя залі, офісы ці рэстараны, бар’еры не такія эфектыўныя, бо гучныя размовы і глыбокае дыханне ствараюць аэразолі, якія затрымліваюцца ў паветры і абыходзяць бар'еры.

Больш за тое, усталёўка такіх бар’ераў уплывае на паветраны паток ва ўсім памяшканні, што перашкаджае належнай вентыляцыі і пагаршае ахову ад інфекцыі.

Навуковы кансультант Цэнтра даследаванняў інфекцыйных захворванняў Універсітэта Мінесоты Ліза Броса адзначае: «Існуе памылковае меркаванне, што часціцы, якія пераносяць вірус, можа спыніць бар’ер. Насамрэч яны распаўсюджваюцца паўсюль».

У першыя дні пандэміі эксперты заклікалі рэгулярна ачышчаць паверхні, але на дадзены момант навукоўцы выявілі, што забруджаныя паверхні амаль не ўплываюць на распаўсюджванне віруса.

Праверка тэмпературы таксама стала неактуальнай у грамадскіх месцах, бо зараз дакладна вядома, што далёка не ўсе пацыенты з кавідам тэмператураць.

Свежае паветра і добрая вентыляцыя, у сваю чаргу, вельмі важныя для памяшканняў, паколькі вірусныя часціцы разлятаюцца да таго, як яны паспеюць заразіць.

Маскі забяспечваюць аналагічную перавагу, бо зніжаюць колькасць часціц, якія вылучаюць інфікаваныя людзі.

Некаторыя навукоўцы сцвярджаюць, што дзве маскі робяць ахову яшчэ больш эфектыўнай. Даследаванне, апублікаванае ў кастрычніку, выявіла, што ў краінах, дзе адразу быў уведзены масачны рэжым, смяротнасць ад кавіду меншая, чым у краінах без такіх мер.

Навукоўцы сыходзяцца на тым, што на гэтым этапе патрэбныя шматузроўневыя супрацьэпідэміялагічныя меры, бо ніводны метад прафілактыкі не засцерагае на 100 адсоткаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0