25-гадовую настаўніцу з Брэста Марыну Глазаву разам з іншымі палітвязнямі судзяць па «вадамётнай справе». Фота з фэйсбука яе таты Уладзіміра Глазава.
Валодзю і Марыне Глазавым
Я быў там так даўно,
што не пазнаць дэталяў.
Адні пайшлі на дно,
другія й не ўсплывалі.
Сяброўкі і сябры,
знікомая эскадра,
нябесныя двары
вартуе ваша варта.
Паўз карусель трывог,
палаты слёз і злосці,
вядзе нас нейкі бог
пад музыку мілосці.
У наш птушыны хор
ўпляліся гукі маршаў,
густой крыві кагор
і вадкіх будняў каша.
На беразе тугі,
пад кронамі адчаю —
трымайся, дарагі.
Трымайся, дарагая.
0
0
0
0
0
0