Пасля адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы кандыдатамі ў прэзідэнты па краіне прайшлі акцыі пратэсту, на Нямізе 14 ліпеня былі сутыкненні з АМАП.
Тады на відэа трапіў эпізод з рэстарана KFC: хлопец забягае ў натоўп АМАПу, хапае чалавека ў чорным за руку, яго скручваюць.
Гэты хлопец, А.Ш (не хоча, каб імя апублічвалася), быў адным з першых затрыманых у краіне па 364 артыкуле Крымінальнага кодэкса — гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў унутраных органаў.
Лёсы затрыманых па такім артыкуле складваюцца па-рознаму. Ш. у гэтым плане даволі фартовы чалавек — з яго знялі крымінальнае абвінавачванне і ў верасні выпусцілі.
Як так выйшла? Хлопец расказаў «Нашай Ніве».
«Гэта стала для мяне прыемным сюрпрызам. Я думаў, што буду сядзець як мінімум да моманту, пакуль усё скончыцца. Але ці то 8-га, ці то 10 верасня мяне і яшчэ трох затрыманых у той дзень хлопцаў выпусцілі — мы на выхадзе перасекліся.
А ўсё было так: пасля затрымання мне выставілі 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і 364 артыкулы. З 342-м нічога ў іх не выйшла, відавочна, што нічога я не арганізоўваў. А з 364-м закон нечакана, спрацаваў на маю карысць.
Быў выкарыстаны 86-ты артыкул Крымінальнага кодэкса — вызваленне ад крымінальнай адказнасці коштам прыцягнення да адміністратыўнай, мне гэтую справу перакваліфікавалі.
У выніку я заплаціў 30 базавых штрафу, 2580 рублёў «на лячэнне» амапаўца, а таксама нейкую суму за пашкоджанае абмундзіраванне.
Сядзеў я некалькі месяцаў, у асноўным сукамернікі былі маладыя па 328-м артыкуле, за наркотыкі. Мы глядзелі тэлевізар і спрабавалі расшыфраваць яго як крывое люстэрка і зразумець, што ж за сценамі адбываеццца насамрэч», — расказаў хлопец.
Ён пакінуў без адказу пытанне пра прычыны сваіх паводзін і пра тое, ці шкадуе аб нечым.