Бізнэс-вумэн у Амстэрдаме аддаюць перавагу роварам.

Фота Андрэя Лянкевіча

Як зрабіць беларускія гарады ўтульнымі і ціхімі? Піша Андрэй Катлярчук.

12 гарадзенцаў-раварыстаў выехалі нядаўна на вуліцы роднага места, каб патрабаваць роўных умоваў руху з аўтамабілістамі. За гэтым, здаецца, руцінным пытаньнем дарожных правілаў насамрэч хаваецца эўрапейская будучыня для Беларусі.

Нядаўна амбасадар Расеі ў Беларусі параўнаў беларусаў з расейцамі: маўляў, вы, беларусы, падобныя на нашых сялянаў. Ня буду спрачацца, як той казаў, па ўсіх пунктах, але падкрэсьлю тое, што выразна адрозьнівае беларусаў ад расейцаў. Гэта любоў нашага народу да ровару. Пабываўшы ў розных весях Расеі, ніколі ня ўбачыш звычайнай для нашага мястэчка і вёскі карціны: маладзіцы і старыя беларускія кабеты масава круцяць пэдалі. Едуць на працу і з працы, на сенакос і зь сена, на госьці і дахаты. Едуць самі ды вязуць бульбу, траўку, рыбу, дзетак, тавары з крамы і кірмашу. Балазе, дарогі дазваляюць: наўкол або добры асфальт, або пясчанка.

У савецкай Беларусі 1930-х ровар каштаваў тысячу рублёў, больш за карову. У панскай Польшчы ён таксама быў не даступны простым сялянам. А хацелася ж. Так зьявіўся на сьвет цалкам драўляны ровар, фота якога ў свой час абышло ўсе эўрапейскія газэты. Гэты цуд беларускай народнай думкі, зроблены ў 1935 г., можна агледзець у Пінскім краязнаўчым музэі. Як толькі беларусы пачалі жыць лепш, ровар стала ўвайшоў у штодзённае жыцьцё кожнага мястэчка і вёскі БССР. За маё дзяцінства кожны дарослы туравец ці тураўчанка мелі ажно два ровары: стары для гаспадарчых мэтаў і новы – каб дабіць да працы.

Пашана да ровара збліжае беларусаў з старой Эўропай мэнтальна, аддаляючы нацыю ад усходу. Ровар даўно зрабіўся часткай эўрапейскага жыцьця. Велізарныя стаянкі з сотнямі і тысячамі ровараў можна ўбачыць ва ўсіх гарадох Эўразьвязу ад Партугаліі да Фінляндыі. Роварныя маршруты дазваляюць у роўным па колькасьці насельніцтва зь Менскам Стакгольме праехаць без праблемаў праз усе месцы. Больш за тое, ва ўсіх скандынаўскіх сталіцах сёньня ровар, а не аўто абвешчаны прыярытэтным прыватным транспартам. У Осла і Стакгольме рух прыватных аўто ў цэнтры абмежаваны. Кожны прыватны кіроўца, перасякаючы мяжу цэнтру, плаціць два эўра за кожны заезд. Грошы здымаюцца аўтаматычна з рахунку сканэрам, што счытвае нумар машыны. Як вынік, шмат дзе, напрыклад у маім унівэрсытэце, студэнты ды вялікая частка прафэсуры (што, між іншым, маюць добрыя аўто) дабіраюцца на працу роварам, часта за 15–20 км. Вятроўку і спартовыя штаны ў шафу, душ – і за работу. За кошт масавага руху раварыстаў у цэнтры места пануе цішыня і чыстае паветра. Апошнім часам адзін з самых папулярных відаў адпачынку ў Швэцыі – гэта прагулянка на двух колах праз усю краіну. Роварныя дарожкі ёсьць паўсюль, а праз кожныя 50 км турыстаў чакае матэль. Любоў да ровара апроч здароўя і чыстага асяродку ставіць неабходныя патрабаваньні да «бацькоў гораду». Буйнае места мусіць быць ня толькі пампэзна чыстым, але ўтульным і ціхім. Тыдзень таму мэр Кіева загадаў зрабіць роварныя дарожкі ў цэнтры места. Аматары язды адразу зазначылі, што гэта толькі першы крок, якога замала. Спачатку трэба вырашыць праблему з 8-палосным аўтарухам, побач зь якім можна катацца толькі ў рэсьпіратары чарнобыльца ды навушніках падрыўніка. Але новы ўкраінскі брэнд зьявіўся. Цяжка ўявіць роварны рух у цэнтры Масквы, як і, дарэчы, сучасную Расею ў складзе ЭЗ. Менск такой магчымасьці ня страціў.

За больш дэталёвай інфармацыяй пра жыцьцё Эўропры зьвяртайцеся да ўэб-бачыны belarus-europe.info.

Тэлепраграма «Акно ў Эўропу» трансьлюецца на канале RTV і праз кабэльнае тэлебачаньне штонядзелю а 17-й і з паўторам у панядзелак (а 5.00), аўторак (12.00), чацьвер (5.00) і суботу (2.00).

Штотыднёвая радыёпраграма «Акно ў Эўропу» трансьлюецца на Эўрапейскім Радыё для Беларусі на частотах АМ і FM, праз спадарожнік і ў Сеціве а 8-й раніцы (АМ: AM: 612 kHz, спадарожнік: 11013 Mhz, FM: 103.4 а 5.40).

Гэтыя праграмы фінансуюцца Эўракамісіяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?