На тле апошніх падзеяў, што адбываліся ў нашай краіне, словы, якія я вынес ў загаловак, набылі палітычную ды ідэалягічную афарбоўку. Паняцьце стабільнасьці стала сымбалем дзейнай улады, а супраціўленьне выступае пад сьцягам свабоды.

Я ж хачу ў гэтым артыкуле, абстрагуючыся ад палітыкі, ідэалёгіі, паразважаць аб гэтых дзьвюх катэгорыях у дачыненьні да асобнага чалавека, ягонай волі ды ўнутранага выбару. Я пастараюся паказаць, што гэтыя два паняцьці, стабільнасьць ды свабода, сапраўды ёсьць антыподамі, полюсамі, ды выбар паміж імі стаіць перад кожным чалавекам.

Давайце зірнём на жыцьцё стандартнага чалавека, чалавека, як кажуць, сярэдняй клясы. Ён нараджаецца ў пасьпяховай сям’і, адпраўляецца ў дзіцячы садок ці адразу ў школу, вучыцца, адпачывае, расьце. Яго жыцьцё, увогуле кажучы, даволі дакладна вызначана на першыя 17–19 гадоў жыцьця. Прычым яно вызначана яшчэ да яго нараджэньня (паколькі гаворка аб сярэднім чалавеку, я не бяру ў разьлік магчымасьць якіхсьці катастроф, трагедый ці, наадварот, фантастычных удач, зь якімі ён можа сутыкнуцца за гэтыя гады). У сваёй практычна татальнай вызначанасьці ягонае жыцьцё стабільна. Наўрад ці ён можа зьмяніць хаду гэтых звычных падзеяў, наўрад ці ён нават задумваецца над магчымасьцю іншага сюжэту.

Скончыўшы школу, чалавек адпраўляецца, каб нам было прасьцей, скажам, у ВНУ. Фармальна выбар установы, то бок выбар сваёй прафэсіі, магчыма, сваёй будучыні, ёсьць актам свабоднай волі. Але давайце спытаем у студэнтаў, ці ведалі яны, калі былі абітурыентамі, што іх чакае ва ўнівэрсытэце, інстытуце? Шмат хто адкажа на гэтае пытаньне адмоўна. Многія зь іх нават не ўяўлялі сабе, што такое вышэйшая адукацыя, акадэмічная сыстэма. Але яны апынуліся там, дзе апынуліся. І вельмі нямногія, зразумеўшы, што іх «выбар» быў няўдалым, знаходзяць сілы штосьці зьмяніць.

Я сьцьвярджаю, што існуе пэўная інэрцыя, якая вядзе людзей. Яна вядзе іх са школы ва ўнівэрсытэт, потым на працу і так далей. Гэта глябальная вызначанасьць, якая, здавалася б, мусіць адпусьціць чалавека па дасягненьні паўналецьця, працягвае перасьледаваць яго й далей. Гэта дух стабільнасьці. Ён трымае людзей у трывалых, але пяшчотных ланцугах. Ён падкупляе чалавека: сапраўды, ідучы па звычайным, нібыта адмыслова падрыхтаваным, шляху, чалавек можа з добрай дакладнасьцю разьлічваць на тое, што ў яго будуць грошы, сям’я, дах над галавой, спакойная старасьць. «Складана адмовіцца ад гэтага ўсяго, дый навошта? Гэта глупства!» – скажуць многія. Вось што такое стабільнасьць. Гэта выбар бяз выбару, выбар, зроблены за чалавека. Выбар, зроблены лёсам чалавека, яго мінулым, скопам выпадковасьцяў.

Але ў кожнага чалавека ёсьць у душы нешта накшталт агеньчыку, іскры. Некаторыя не заўважаюць яго. А некаторыя – жывуць ім. Гэта крыніца ўсяго надзвычайнага, усяго сапраўды новага. І таксама гэта выток жаданьня процістаяць інэрцыі, духу стабільнасьці, які вядзе чалавека, спрабуючы фармаваць лёс цалкам вызначаным чынам. Гэта агеньчык і ўсё, што зь ім зьвязана, усё, што сыходзіць зь яго, – і ёсьць Свабода. Бо кожны чалавек можа прыняць рашэньне, зрабіць маленькі крок ды цалкам зьмяніць сваё жыцьцё. Чалавек можа адмовіцца ад усяго, пайсьці, пакінуць старое ды пачаць з нуля, зь першай старонкі. Канечне, зрабіць гэты крок далёка ня лёгкая задача. А яшчэ складаней – зразумець яго неабходнасьць. Ніхто ня можа ў гэтым чалавеку дапамагчы, ніхто ня можа падказаць, бо гэта пытаньне ўнутранага выбару. Гэта пытаньне, якое чалавек мусіць вырашыць з сабою, унутры сябе.

Канечне, кошт такой свабоды вялікі. І ўвогуле, кажучы аб гэтым, трэба разумець і ўлічваць, якія каштоўнасьці прымае гэты чалавек. Я не імкнуся навязаць чужыя ды дзіўныя каштоўнасьці людзям, якія прывыклі да цеплыні ды ўтульнасьці. І тым больш я нікога не заклікаю кідаць усё, зьбягаючы ад цяжкасьцяў ды праблемаў, хай нават да праблемаў цяжэйшых. Але падумайце. Гэта надзея, гэты агеньчык, патэнцыйная магчымасьць, шанец – ці ня гэта ёсьць тым самым, што прабуджае ў нас сілы, энэргію, здольнасьць ды жаданьне ствараць? Бо кожны з нас хаця б калі-небудзь казаў сабе: «Прыйдзе дзень, і ўсё зьменіцца. Я ўсё зьмяню». І гэта простая «мантра» прыдавала кожнаму з нас сілы, давала прычыну рухацца далей. Гэты глыток свабоды, уздых. Мы, нібыта дэльфіны, вынырваем з густога ды цёплага, але нерухомага акіяну стабільнасьці, каб зрабіць уздых свабоды.

Свабода неабходна нам, яна складае нашу душу – тое непрадказальнае ды нявызначанае, што ніколі не ўкладзецца ні ў якія рамкі ды заўжды будзе дарыць нам мноства дзіўных ды вялікіх адкрыцьцяў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?