Кароткая перадгісторыя. У кастрычніку гаспадыню крамы і рэкламнага агенцтва «Хамелеон» Крысціну Іванову двойчы судзілі па артыкуле 23.34 — за фота ў інстаграме са сцягам. Агулам аштрафавалі на 50 базавых. Першы раз затрымлівалі, як у баевіку: дзяўчына з прыяцелямі вярталася з Мінска, калі іх машыну на трасе спыніў бус з амапаўцамі і ДАІ.

Пасля гэтага на краму пачалі нібыта паступаць ананімныя скаргі. Было ажно 8 праверак. Спачатку энерганагляд — пыталіся ў суседзяў па офісе, ці ёсць ў прадпрымальніцы якія касякі і нясплаты. Пасля санстанцыя — быццам у краме не прытрымліваюцца антыкавідных мер. 

Потым Крысціне не хацелі працягваць дамову арэнды: цэлы месяц яны біліся над гэтым пытаннем і ўрэшце адстаялі памяшканне. Праўда, на наступны дзень заявілася МНС, а яшчэ праз час — міліцыя: маўляў, ананімныя скаргі на продаж бел-чырвона-белай сімволікі. Была яшчэ праверка з падатковай. Нагода — фірмовы сайт, які не з’яўляецца інтэрнэт-крамай, не зарэгістраваны ў БелГІЭ. Але сайт якраз у стадыі перарэгістрацыі — тэхнічна ўсе заявы пададзены, аплаты зроблены.

З усіх праверак Крысціна выйшла без прадпісанняў. І вось учора — новыя візіцёры.

«Прыйшоў супрацоўнік РУУС, не наш участковы. У паперах я ўбачыла, што да іх паступіла скарга ад першага намесніка мэра Ігара Квасоўкі. Нібыта 29 студзеня ён аб 11-й гадзіне быў у мяне ў краме і бачыў незарэгістраваную сімволіку. Мы паглядзелі камеры за гэты дзень — натуральна, тут чыноўніка не было. Дакумента, які забараняе гандляваць рэчамі з бел-чырвона-белай сімволікай, мне не паказалі. Па выніку склалі пратакол, што мае кубкі і магніты — гэта пікет».

Адна з супрацоўніц крамы тым часам раздрукавала фота, дзе Аляксандр Лукашэнка прыносіў прысягу пад нацыянальным сцягам. Пытаецца: гэта пікет? «Мала што вы зрабілі там у фоташопе!» — адрэагаваў міліцыянт.

Крысціна сёння аднесла ў выканкам запыт аб тлумачэнні заканадаўства: калі іх крама штосьці парушае, то няхай спашлюцца на канкрэтныя артыкулы.

Цікава, што яшчэ ў чэрвені дзяўчына атрымлівала дыплом з рук першага намесніка мэра.

«Ён казаў, што вельмі рады, што ў горадзе ёсць прадпрыемствы, якія паляпшаюць эканамічныя паказчыкі. Наша рэкламнае агенцтва існуе больш за шэсць год, працавала з выканкамам, рабіла для іх стэнды. Я сама дызайнер. Да мяне звярталіся, калі трэба было ад раёна адправіць паштоўку на дзень народзінаў прэзідэнту. Дык вось большасць паштовак малявалася маёй рукой. У гэтым годзе я адмовілася.

Чула, што прадпрыемствам тэлефанавалі, казалі не звяртацца да нас па рэкламу. Але што парадавала — за ўвесь час пасля гэтых падзей з намі адмовілася працаваць толькі адна арганізацыя, а ўсе астатнія працягваюць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?