Карына Хацкалёва.

Карына Хацкалёва.

Карына расказвае, як усё адбывалася.

«Дзяніса каля брамы ізалятара чакала я і яшчэ чатыры чалавекі. Непадалёк была кампанія з трох чалавек. Адзін з іх, як я зразумела, быў журналістам. Спачатку супрацоўнік ІЧУ проста выйшаў і настойліва папрасіў адысці. Мы спыталі, дзе можна стаць, каб не перашкаджаць нікому, і накіраваліся ў сквер побач. Але пасля, як я зразумела, гэты мужчына ўбачыў камеру ў журналіста і зноў прыляцеў да нас. Пачаў штурхаць чалавека з камерай. Я спытала ў яго: «На якой падставе вы ўжываеце фізічную сілу?» Тады гэты мужчына падышоў да мяне, дастаў свой тэлефон, пачаў здымаць, называў нас «неверагоднымі бл*****і». Ëн паклікаў яшчэ двух супрацоўнікаў ІЧУ, і ўжо разам яны ўзялі мяне пад рукі і завялі на Акрэсціна».

У прыёмнай Карыну абшукалі, вырашэння свайго лёсу яна чакала ў «стакане». 

«Супрацоўнікі ІЧУ некалькі разоў прапаноўвалі «па-бацькоўску» выбачыцца перад тым мужчынам, што выходзіў да мяне. Тады б мяне нібыта адпусцілі. Але я шчыра не разумела, за што павінна была выбачацца. Не разумею і сёння», — кажа Карына.

Каб захаваць працэдуру затрымання, Карыну транспартавалі ў РУУС. Там яе аформілі бліжэй да ночы і зноў вярнулі на Акрэсціна. 

«Я проста афігела ад гэтай сітуацыі, гэта быў проста сюррэалізм, які адбываўся са мной. Пазней я спрабавала адказаць сабе на пытанне: чаму мяне затрымалі. Тлумачыла гэта тым, што супрацоўнікам Акрэсціна не спадабалася, што Дзяніса сустракала так шмат людзей. Ім не па душы, што з Акрэсціна, карнай установы, людзей сустракаюць як герояў. Але гэта, вядома, мае суб’ектыўныя адчуванні».

У камеры на шэсць чалавек разам з Карынай было 16 жанчын. Сярод іх — пенсіянерка, медыкі, айцішніца, маладыя маці, судмедэксперт, настаўніца. Ніякіх гігіенічных сродкаў ім не выдалі. Спаць жа праз недахоп нар прыйшлося на падлозе.

«Пачынаючы з РУУС, цябе называюць «недабітым змагаром», намякаюць, што «нам пашанцавала, што цяпер не жнівень», жартуюць, што могуць падкінуць наркотыкі… Цябе пераконваюць, што ты ніхто, а яны — улада. Для іх гэта смешна, але калі ты знаходзішся там і не ведаеш, чаго сапраўды чакаць, зусім не да смеху», — каментуе Карына.

Толькі на судзе, на другія суткі свайго затрымання, Карына даведалася, у чым яе абвінавачваюць. Сведка з міліцыі, якога яна бачыла ўпершыню, сцвярджаў, што Карына ладзіла адзіночны пікет з сімволікай і цягам 15 хвілін крычала «Жыве Беларусь!».

«Вядома, ніякай сімволікі ў мяне ў вопісе рэчаў не было. А сведка нават не змог сказаць, дзе я стаяла», — кажа дзяўчына.

Пасля суда і трох сутак утрымання на Акрэсціна Карыну выпусцілі. Пакуль яе справа на дапрацоўцы. Што будзе далей, не ведае ні яна, ні адвакат.

«Рэжысёр Васілій Сігараў у інтэрв’ю Юрыю Дудзю казаў, што ў іх у Расіі развіваецца культура прыніжэння. Мне здаецца, у нас таксама. Проста той факт, што ты не ведаеш, дзе парушаеш закон, ужо прыніжае, прымушае баяцца. Затрымаюць цябе ці не — проста нейкі рандом. Фабрыка па фабрыкаванні спраў робіць сваю працу. Адзінае, што застаецца нам — гаварыць пра гэта, не замоўчваць. Ну і салідарнасць. Калі я выйшла, то атрымала вельмі шмат падтрымкі і салідарнасці, нават ад зусім незнаёмых людзей. Гэта вельмі прыемна. Салідарнасць — галоўная сіла, якая ў нас сёння ёсць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?