Тарэсе Шырме было 53 гады, яна родам з вёскі Рапейкі, што каля Ліды, піша Белсат.

У 1986 годзе дзяўчына прыехала рабіць у Ленінград, дзе далучылася да мясцовай каталіцкай супольнасці. Выкладала ў нядзельнай школе, супрацоўнічала з каталіцкай дабрачыннай арганізацыі «Карытас», шмат часу аддавала наведванню хворых, арганізоўвала працу сацыяльнай дапамогі.

На мяжы стагоддзяў разам з ксяндзом Сяргеем Сурыновічам, які тады яшчэ быў студэнтам духоўнай семінарыі, яна стала арганізатарам рэгулярных імшаў на беларускай мове ў парафіі Успення Найсвяцейшай Панны Марыі ў Санкт-Пецярбургу, якія здзяйснялі святары-выхадцы з Беларусі і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Два разы на месяц Тарэса вяла праграмы на беларускай мове на Пецярбургскім хрысціянскім радыё «Марыя», а таксама рэдагавала газету «Krynica» на беларускай мове.

Са жніўня 2020 года Тарэса зноў актыўна ўлілася ў жыццё нефармальнага беларускага зямляцтва ў Санкт-Пецярбургу. Рэгулярна прыязджала на акцыі пратэсту перад аддзяленнем амбасады Беларусі ў Санкт-Пецярбургу, а калі пачаліся затрыманні пратэстоўцаў, ездзіла па аддзяленнях паліцыі ды дапамагала затрыманым актывістам.

Яе жыццё раптоўна абарвалася 5 лютага. Сваякі спадзяюцца пахаваць яе ў Беларусі, у Лідскім раёне, побач з бацькамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0