Павел Ананіч.

Павел Ананіч.

«Самы захапляльны перыяд у гісторыі — Сярэднявечча»

Паўлу 18 год, ён з Магілёва.

«Я жыву ў цэнтры, і больш за ўсё мне падабаецца гэта частка горада, бо там захавалася крыху гістарычнай архітэктуры, адноўлена Ратуша. Прыгожа — калі б яшчэ папрацаваць, можна было б зрабіць другую Гародню», — усміхаецца хлопец.

Магілёўская моладзь звычайна тусуецца на пешаходнай Ленінскай. Але Павел часцей абірае іншыя справы — напрыклад, пакатацца на ровары. Ездзіць у лес ці ў іншыя гарады. Неяк дабраўся да Быхава, да якога ад Магілёва каля 50 кіламетраў. Дарога туды-назад заняла пяць гадзін. Апроч шпацыраў на ровары хлопец любіць плаванне — двойчы на тыдзень ходзіць у басейн.

Са школы Павел — аматар гісторыі.

«Напэўна, цікавасць з’явілася пасля таго, як я пачаў глядзець канал «Белсат гісторыя» — перадачы «Загадкі беларускай гісторыі», «Гісторыя пад знакам Пагоні». Самы захапляльны для мяне перыяд — Сярэднявечча. І потым ужо Новы час.

Мне здаецца, што гісторыю варта ведаць, бо тады з’яўляецца цікавасць да сваёй краіны, гэта робіць чалавека патрыётам. Яе трэба ведаць як грамадзяніну.

Дзякуючы гісторыі мы можам прааналізаваць памылкі мінулага і зрабіць высновы, адсачыць сувязі паміж мінулым і сучаснымі працэсамі. Мы нават можам прадказаць будучыню і падрыхтавацца да зменаў у жыцці грамадства, краіны і цэлага свету, таму што гісторыя мае ўласцівасць паўтарацца», — разважае хлопец.

У Паўла ёсць ідэя, як зрабіць беларускія гарады больш прывабнымі для турыстаў.

«У нас шмат чаго зруйнавана — і пасля камуністычнага ладу, і пасля сусветных войнаў. Вельмі цяжка аднавіць усю гістарычную архітэктуру — гэта доўга і зусім не танна. Тым больш на месцы многіх старых будынкаў зараз стаяць іншыя, вядома, іх не разбурыш, каб зрабіць копію страчанага. Таму ідэя ў тым, каб аднавіць гэта ўсё ў AR (тэхналогіі дапоўненай рэальнасці). Каб праз камеру на тэлефоне можна было паглядзець, як выглядала тое ці іншае месца раней», — дзеліцца ён.

З гэтай ідэй хлопец падаўся на конкурс «Першыя» ад А1, стаў фіналістам і выступіў на канферэнцыі для моладзі TEDxYouth@Minsk.

Акурат цяпер ідзе набор удзельнікаў у новы сезон адукацыйнага праекта ад А1 «Першыя». Гэта конкурс ідэй, як зрабіць свет вакол сябе лепшым. Сёлета дзесяць пераможцаў атрымаюць новыя iPhone 12. Вучні 9, 10 і 11-х класаў могуць падаць заяўку праз сайт www.generation.a1.by і займець магчымасць пракачаць сябе і як выступоўцаў, і як першаадкрывальнікаў, а таксама пашырыць веды пра экалогію, тэхналогіі, інклюзію, культуру і ўрбаністыку. Ды і проста гэта выдатная магчымасць апынуцца ў крэатыўным асяроддзі сярод таленавітых равеснікаў.

Першы анлайн майстар-клас праекта «Першыя» адбудзецца ў бліжэйшую суботу — 20 лютага — і будзе прысвечаны напрамкам «Тэхналогіі» і «Экалогія». Пачатак а 11-й гадзіне. Далучыцца да яго можна будзе на сайце праекта.

Павел згадвае, як рыхтаваўся да публічнага выступу:

«У кожнага фіналіста быў ментар, які дапамагаў складаць тэкст так, каб ён гучаў лепш, не быў сумны, стала больш зразумелай ідэя. Працавалі таксама над інтанацыяй. 

Для ўдалага выступу трэба не баяцца таго, што будзе шмат гледачоў, і вольна валодаць тэкстам. Не завучыць і распавесці як верш, а добра арыентавацца ў ім. Важна не паўтараць адну і тую ж інфармацыю шмат разоў і распавядаць пра ідэю.

Гэта карысны досвед. Мне здаецца, такія навыкі патрэбны нават пры звычайнай размове з сябрамі, а таксама на працы, тым больш калі яна звязана з камунікацыямі».

«Блогера А4 не гляджу — мяне цікавяць дакументальныя фільмы»

У будучай прафесіі Паўлу дакладна спатрэбіцца ўдала весці перамовы. Хлопец зараз вучыцца на першым курсе факультэта міжнародных адносін БДУ. Кажа, ён спачатку вызначыўся з прадметамі, якія будзе здаваць, а пасля ўжо абіраў спецыяльнасць.

«Быць юрыстам мне дакладна не цікава. Я мог у МДЛУ пайсці вучыцца на перакладчыка, але пасля факультэта міжнародных адносін я таксама буду перакладчыкам, акрамя іншых спецыяльнасцяў. Паступіць на гістфак… Я, канечне, люблю гісторыю, але мне больш падабаецца вывучаць яе для сябе, паглядзець перадачу ці пачытаць часопіс. А там вучыў бы, каб здаць іспыт на добрую адзнаку».

Ва ўніверсітэт хлопец паступіў з 336 баламі. 94 быў атэстат, па 79 набраў па грамадазнаўстве і беларускай мове, 84 — па ангельскай.

«Па ангельскай мове я хадзіў на курсы, па грамадазнаўстве сам рыхтаваўся, па беларускай мове раз на тыдзень факультатыў наведваў. У 11 класе мне было лянота траціць час на гэта, я не вельмі сур'ёзна ставіўся да падрыхтоўкі. На бюджэт ФМА так шмат балаў трэба, што можна год працаваць і ўсё адно не хопіць (летась прахадны на бясплатнае на Паўлаву спецыяльнасць быў 382. — «НН»). Дык навошта так шчыраваць, калі можна крыху больш адпачыць і ўсё адно паступіць?» — тлумачыць ён свой падыход.

Вучыцца ва ўніверсітэце хлопцу цікава. У яго раскладзе адразу дзве замежныя мовы — ангельская і шведская. А вось падыход да школьнай праграмы ён бы крыху змяніў. Напрыклад, у профільных класах пакідаў бы яшчэ менш часу на няпрофільныя прадметы — каб сканцэнтраваць сілы на тым, што абраў для будучай прафесіі.

У вольны час Павел глядзіць ютуб. Не лічыць гэта марнаваннем часу.

«Блогера А4 я не гляджу, — усміхаецца. — Можна траціць час на забаўляльныя відэа, а можна выбраць штосьці актуальнае, паслухаць меркаванне якога-небудзь дзеяча, каб новае даведацца. Мне цікавыя дакументальныя фільмы — для мяне гэта частка адпачынку».

«Было б добра працаваць у Міністэрстве замежных спраў»

Планы на прафесію ў Паўла амбіцыйныя.

«Было б добра, калі б атрымалася працаваць у Міністэрстве замежных спраў, хоць шанец, што я стану паслом, невялікі. Гэта мая мара — працаваць на карысць сваёй краіны.

Мяне цікавяць дзяржаўнае кіраванне, дзяржаўныя пасады. З бюракратыяй хацелася б змагацца. Змяніў бы я шмат чаго: ад гарадской структуры да падыходаў да нашай культуры. Мне здаецца, што дзяржава павінна быць больш нацыянальна арыентаванай, больш падтрымліваць беларускую культуру, пашыраць ужыванне роднай мовы», — дзеліцца студэнт.

Сваё веданне мовы Павел палепшыў дзякуючы ютубу. Школа, на яго думку, больш дапамагае засвоіць граматыку, а не павялічыць слоўнікавы запас.

«Беларускамоўнага кантэнту на ютубе стала нашмат больш. Але ўсё ж такі гэта ў асноўным сур’ёзныя перадачы: пра палітыку, гісторыю. Тое, што не зацікавіць большасць моладзі. Мабыць, не хапае блогераў. Распакоўка падарункаў, толькі па-беларуску, — для падлеткаў, якім па 12 год, было б акурат тое. Гэта важны крок да беларусізацыі».

З тым, што «моладзь ужо не тая», хлопец згодны. І не бачыць у гэтым нічога кепскага, наадварот.

«Мне здаецца, наша пакаленне клапоціцца не толькі пра сябе, але і пра глабальныя праблемы — той жа конкурс «Першыя», дзе вучні 9—11 класаў распавядаюць, як змяніць свет. Чаму так? Магчыма таму, што ўзровень жыцця стаў лепшы і ў людзей з’явілася больш часу, каб думаць не толькі пра свой заробак, але і пра ўвесь свет».

Чытаць больш пра конкурс ідэй «Першыя» ад А1

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?