З 15 лістапада Чульцова і Андрэева знаходзяцца пад вартай. Іх вінавацяць па частцы 1 артыкула 342 КК: арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. І ўсё гэта таму, што яны вялі відэастрым з плошчы Перамен, дзе 15 лістапада ўшаноўвалі памяць 29-гадовага дэманстранта Рамана Бандарэнкі, які тут загінуў.

Пакаранне ад штрафу ці арышту да 3 гадоў «хіміі» альбо нават калоніі.

Следства сцвярджала, што стрым нібыта пацягнуў за сабой спыненне руху 13 аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных. Праз гэта пацярпела ГП «Мінсктранс», шкоду ацанілі ў 11 562 рублі і 14 капеек. Цяпер лёс Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай будзе вырашаць суддзя Наталля Бугук.

Перад пачаткам пасяджэння Дар'я Чульцова зажурылася, у яе ў вачах з'явіліся слёзы. 

Кацярына Андрэева яе суцяшала.

10:15

Падтрымаць дзяўчат прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку палітык Анатоль Лябедзька, прадстаўнікі дыпмісій ЕС і ЗША.

Але ж у залу змаглі трапіць нямногія: апошнім часам у судах згадалі пра каранавірус і санітарна-эпідэміялагічныя нормы. У выніку, першымі запусцілі адвакатаў і сваякоў абвінавачаных, прадстаўнікоў дыпмісій, затым — расійскія СМІ ТАСС і «Інтэрфакс», толькі пасля іх увайшлі журналісты СБ, АНТ і Белта, таксама частка незалежных СМІ.

Дар'ю бароніць адвакат Аляксандр Хаецкі, Кацярыну — Сяргей Зікрацкі

Дар'ю бароніць адвакат Аляксандр Хаецкі, Кацярыну — Сяргей Зікрацкі

«Кацярына ў бадзёрым настроі, гэта відаць, — расказаў муж Кацярыны Андрэевай журналіст Ігар Ільяш. — Дар’я пусціла слязу, калі ўбачыла маці. Каця яе абняла, каб падтрымаць. Нам не далі нават нейкі жэст рукамі паказаць, канваір мяне адштурхоўваў. Штучна абмяжоўваюць колькасць прысутных. Палова залы свабодная, рассадка праз аднаго».

Ігар Ільяш — муж Кацярыны Андрэевай

Ігар Ільяш — муж Кацярыны Андрэевай

11:11

Пасяджэнне пачалося з хадайніцтваў адвакатаў. Сяргей Зікрацкі папрасіў далучыць да справы схему руху грамадскага транспарту: а канкрэтна тых трамваяў і аўтобусаў, нумары маршрутаў якіх фігуруюць у абвінавачанні.

Таксама адвакаты прадаставілі дакументы, якія сведчаць, што журналісткі кампенсавалі грашовую шкоду, у якой іх вінавацяць.

Суддзя Бугук усе хадайніцтвы задаволіла, акрамя аднаго — просьбу адвакатаў аб змене меры стрымання яна адхіліла. Журналістак пакінулі пад вартай.

Дзяржаўны абвінаваўца па справе — Аліна Касьянчык. Менавіта яна была абвінаваўцам на справе аб надпісе на асфальце «Не забудзем», які з’явіўся на месцы смерці Аляксандра Тарайкоўскага. Па справе абвінавачанымі праходзілі двое, 26-гадовы Максім Паўлюшчык і 27-гадовая Марыя Бабовіч. Касьянчык прасіла пасадзіць хлопца на 2 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, а дзяўчыну адправіць на 1,5 гады «хатняй хіміі». У выніку, такія прысуды і былі вынесеныя (толькі Паўлюшчык атрымаў 2 гады агульнага, а не ўзмоцненага рэжыму).

11:20

Касьянчык зачытала абвінавачанне: Андрэева і Чульцова не мелі акрэдытацыю журналістаў, але з карыслівых меркаванняў вялі трансляцыю з дапамогай камеры і мабільніка, чым здзейснілі збор актыўных удзельнікаў несанкцыянаванага мерапрыемства. Падчас стрыму кіравалі гэтым мерапрыемствам і паведамлялі аб затрыманнях і выкарыстанні спецсродкаў, агучвалі інфармацыю ў эфіры — у тым ліку прадастаўленую дэструктыўнымі акаўнтамі ў сацыяльных сетках.

Таксама журналісткі «выказвалі пазітыўную адзнаку дзеянням удзельнікаў несанкцыянаванага мерапрыемства, чым заклікалі людзей удзельнічаць у ім», «заклікалі ўдзельнічаць людзей, каб стварыць масавасць» і заклікалі кіроўцаў пад’язджаць у раён, каб блакаваць вуліцы.

Ну і ўсё гэта, па версіі следства, прывяло да перашкодаў працы грамадскага транспарту.

Сваю віну ані Андрэева, ані Чульцова не прызналі.

11:22

Адзін з прысутных пацікавіўся прозвішчам дзяржабвінаваўцы. Суддзя растлумачыла, што глядач — не ўдзельнік працэса, а калі ён працягнуў пытацца, то выдаліла мужчыну. Ён застаўся на месцы — у выніку, яго вывелі міліцыянт і ціхар, які сядзеў у зале.

11:42

Затым прайшоў допыт сведак. Першы — 59-гадовы мужчына, жыхар аднаго з дамоў Сморгаўскага тракту. Ён кажа, што абвінавачаныя не знаёмыя, ніколі іх не ведаў. 15 лістапада быў дома, сачыў з акна за тым, што адбываецца на вуліцы.

«Пачала збірацца вялікая колькасць людзей. Прыходзілі наконт гібелі Рамана Бандарэнкі. Мне трэба было выехаць з двара, я не змог, бо было шмат людзей. І аўтамабілі стаялі, а грамадскі транспарт не ездзіў», — кажа мужчына.

— Што рабілі? — спытала пракурорка.

— Некаторыя стаялі, некаторыя перакрывалі рух.

— Штосьці казалі?

— У асноўным, гэта звязана з лозунгам «Жыве Беларусь». Больш нічога не чуў. Мелі сцягі бел-чырвона-белыя. Яшчэ была гэтая, я не ведаю, як называецца… Пагоня, ці як там называецца, — працягнуў сведка. — Недзе а гадзіне дня прыехаў АМАП і пачаў разганяць людзей. У 14:20 зноў прыехаў АМАП і атачыў пляцоўку, якую называюць у нас цяпер «плошча Перамен». Людзі пачалі казаць: «Выпусціце нас». Камандзір АМАПа ім казаў: «Вы сюды прыйшлі пастаяць і развітацца з Раманам, таму пастойце, а пасля бачна будзе».

— Вы звярталіся ў міліцыю 15 лістапада?» — спытала абвінаваўца Аліна Касьянчык.

— Так, але па іншым пытанні. Калі следчы браў паказанні, ён сказаў, што гэтае пытанне яму не цікавае, — адказаў мужчына.

— Па якім пытанні вы званілі ў міліцыю першапачаткова? — спытаў у сведкі адвакат Зікрацкі.

— Быў аўтамабіль, у якім былі людзі з рацыяй, якія каардынавалі рух пратэстоўцаў. Якая машына, нумары — я ўсё перадаў у міліцыю. Людзі былі з рацыямі, у камуфляжнай форме, сядзелі ў шэрай «таёце», — сказаў сведка.

— Ці была сярод тых людзей Чульцова альбо Бахвалава? — удакладніў адвакат.

— Не, там былі чацвёра мужчын.

Сяргей Зікрацкі заўважыў, што гэтая інфармацыя супрацьлежыць паказанням сведкі, якія ён даваў раней. Паказанні зачыталі: у іх сведка не кажа ані пра якую «таёту» і каардынатараў.

— Я не ведаю, што міліцыянт запісаў, — паціснуў плячыма мужчына.

— Ці казалі вы міліцыі падчас званка пра вялікую колькасць людзей на вуліцы? — спытала пракурорка

— Не, — адказаў мужчына. На тым яго допыт і скончыўся

— А прычым тут я да ўсёй гэтай карціны, якую вы бачылі з акна? — праз нервовы смех спытала Кацярына Андрэева.

Суддзя зняла пытанне. Але сведка прызнаў, што ў той дзень ані Чульцову, ані Андрэеву не бачыў.

Наступная сведка — жанчына, якая была ў гасцях у сяброў на плошчы Перамен. Яе сябры — гаспадары кватэры, з якой журналісткі вялі свой стрым.

Сведка распавяла, што 15 лістапада бачыла на плошчы Пераменаў вялікую колькасць людзей, яны мелі бела-чырвона-белыя сцягі, часам гукалі «Жыве Беларусь». Але ўсё было мірна, падкрэсліла сведка.

Калі яна прыйшла да сяброў, там былі дзве дзяўчыны, згадвае сведка. Дзяўчаты былі увесь час у агульным пакоі, каля акна стаяла камера.

— Вам гаспадары патлумачылі, хто гэтыя дзяўчаты? — спытала абвінаваўца.

— Не, я і не пыталася, — адказала сведка.

— Вы чулі, каб абвінавачаныя каментавалі штосьці?

— Я не чула.

Сведка распавяла, што паглядвала ў акно з іншага пакоя, глядзела, што адбываецца ў двары дома.

— Калі прыехаў АМАП, прыйшлося закрыць фіранкі, каб дзеці не бачылі, — кажа сведка.

Пасля нейкія людзі пачалі грукаць у дзверы, згадвае жанчына, гэтыя людзі не прадстаўляліся. Грукалі доўга: па адчуваннях, мінімум 20 хвілін. Гаспадары не хацелі адкрываць, бо нікога не чакалі. Гаспадар кватэры сказаў: адкрываць не буду.

— Як адрэагавалі на грукат абвінавачаныя? — пацікавілася пракурорка.

— Як і ўсе. Спалохаліся.

— У чым выразіўся страх? Пра што яны казалі?

— Гэта была не тая сітуацыя, у якой вядзецца гутарка.

Адна з дзяўчат узяла ў сведкі тэлефон пазваніць. Тэлефонную размову сведка не чула.

— У выніку дзверы зламалі, нам сказалі заставацца на месцах, — згадвае жанчына. — Я бачыла, як дзяўчат вывелі з кватэры. Пасля перапісалі нашы даныя, правялі ператрус, пры якім супрацоўнікі мяняліся.

— Прымяняўся ціск ці фізічная сіла з боку супрацоўнікаў?

— Не, — адказала сведка.

Затым дала паказанні гаспадыня кватэры, з якой стрымілі Чульцова з Андрэевай.

Жанчына распавяла, што 15 лістапада яе мужу хтосьці патэлефанаваў: папрасілі паздымаць з акна кватэры, як людзі збіраюцца ў двары. Хто званіў дакладна, сведка сказаць не можа. Але яны з мужам пагадзіліся, у выніку да іх прыйшлі Чульцова з Андрэевай.

— Сказалі, што карэспандэнты, хочуць паздымаць з акна, — згадвае сведка.

— Ці былі на іх камізэлькі з надпісам «прэса»? Якое СМІ яны прадстаўлялі?

Сведка адказала, што не памятае.

— Што адбывалася на вуліцы?

— Людзі падыходзілі, сыходзілі. Прыносілі кветкі, лампадкі, — адказала сведка.

Увесь час журналісткі вялі стрым, што казалі, сведка асабліва не памятае. Адзін раз дзяўчаты кудысьці выходзілі, неўзабаве вярнуліся. А каля 5-й гадзіны вечара ў дзверы кватэры пачалі грукаць невядомыя.

— Вы разумелі, хто грукае?

— Магчыма, супрацоўнікі праваахоўных органаў, а магчыма і не. Я была не ўпэўненая, — сказала сведка. — У выніку, я падышла да дзвярэй, вырашыла адкрыць, калі грукат стаў вельмі інтэнсіўным. Але дзверы адкрыліся перада мною. Былі людзі ў чорных касцюмах, чорныя маскі, спыталі, ці ёсць хтосьці чужы, не чакаючы адказу, увайшлі ў кватэру. Далейшыя падзеі ў мяне выпалі з галавы.

— У сувязі з чым? — пацікавілася абвінаваўца.

— У сувязі з тым, што ў мяне здарыўся гіпертанічны крыз, — адказала сведка.

— Вы чулі ад абвінавачаных заклікі да нейкіх супрацьпраўных дзеянняў? — спытала суддзя Бугук.

— Усё, што я чула, як яны апісвалі тое, што адбывалася ў двары, — адказала сведка.

13:05

Абвешчаны перапынак да 14:00. Пасяджэнне да абеда ішло амаль тры гадзіны. Увесь гэты час некалькі дзясяткаў чалавек, якія прыйшлі падтрымаць дзяўчат, але не змаглі трапіць у залу, не разыходзіліся, а чакалі пад дзвярыма.

14:40

Пасля перапынку на абед, працягнулі слухаць паказанні сведкаў. Выступіў гаспадар кватэры, з якой вёўся стрым. Гэта муж жанчыны, якую выслухалі раней.

— Мне пазваніў увечары ў суботу мужчына, спытаў: ці могуць дзве дзяўчыны-журналісткі паздымаць з маёй кватэры. Ён таксама прадставіўся рэдактарам ці журналістам.

Я пагадзіўся, бо ў нядзелю планаваў быць дома.

Адпаведна, у нядзелю 15 лістапада каля 12 гадзіны дня; пазванілі ў дамафон: вітаем, гэта Каця і Дар’я. Я адкрыў: «14-ы паверх, падымайцеся», — распавёў мужчына.

У кватэры на той момант быў ён сам, яго жонка і двое дзяцей.

Па яго словах, нейкія пасведчанні ці іншыя дакументы ён не прасіў паказаць. Ці ведаў, журналісткі якога СМІ яны — не памятае. Але, кажа, бачыў сярод іх рэчаў сінюю камізэльку з надпісам «Прэса».

З сабой у журналістак была вялікая камера, яны размясціліся ля акна ў адным з пакояў. Спыталі, ці можна адтуль здымаць, мужчына дазволіў.

— У той момант у двары быў стыхійны мемарыял: шмат лампадак, кветак і вельмі-вельмі шмат людзей, — кажа сведка.

Далей ён пакінуў журналістак у тым пакоі, перыядычна праходзіў на кухню і бачыў, што стаіць камера, накіраваная ў акно, ля камеры Дар’я, побач Кацярына, якая нешта каментуе:

— Па тэлефоне ці ў мікрафон кажа — я не звяртаў увагу.

Абвінаваўца спытала, што адбывалася ў двары, акцэнтуючы ўвагу на тым, што адбывалася на праязной частцы.

— Было шмат людзей. Спачатку транспарт хадзіў. Прыкладна гадзіне а 4-й была нібыта паўза, людзі пачалі выходзіць на праязную частку, а з боку Арлоўскай пачалі пад’язджаць бусы, з іх выходзілі людзі ў чорным, — адказаў сведка.

— Спачатку пад’ехалі недзе два бусы. Людзі пачалі рухацца ў іх бок, тады бусы ад’ехалі.

Пасля быў добры такі выбух, адзін ці два».

— Чаму нельга было рухацца па праязной частцы?

— Бо з аднаго боку стаялі бусы, з іншага — стаялі людзі».

Абвінаваўца Касьянчык пацікавілася: з кватэры абвінавачаныя выходзілі?

— Так, пыталіся ці можна выйсці хвілін на 15-20. Выйшлі з камерай, вярнуліся недзе праз паўгадзіны, — сказаў сведка.

Затым ён распавёў пра падзеі ў двары: у людзей паляцелі святлошумавыя гранаты, людзі пачалі адступаць. Прыехала больш бусаў, з’явілася каля 50 чалавек у чорным. Пад’ехала машына ДАІ, частка людзей сышла з дарогі, частка там засталася.

— Што адбывалася непасрэдна ў вашай кватэры? — спытала суддзя Бугук.

Мужчына пераказаў, амаль тое ж, што ўжо казала яго жонка:

 — Пачалі грукаць у дзверы, жонка сказала: ідзі да дзяцей, я пайду адчыняць. Я пайшоў у пакой да дзяцей, уключыў ім мульцікі грамчэй, а праз пару хвілін увайшлі сілавікі.

— Чаму адразу не адамкнулі дзверы?

— Бо было незразумела, хто гэта, што гэта, і з якой мэтай. Быў у разгубленасці.

— Як рэагавалі абвінавачаныя?

— Кацярына папрасіла ў мяне тэлефон — пазваніць мужу. Была напалоханая. Дар’я была больш спакойная.

Далей я быў з дзецьмі, у пакой увайшоў адзін супрацоўнік з пісталетам, за ім — яшчэ адзін у шлеме. Спыталі імя-прозвішча, сказалі сядзець і чакаць.

Пасля мне сказалі, што можна прайсці ў асноўны пакой. Абвінавачаных там ужо не было, на сярэдзіне пакоя былі іх рэчы, торба. Праз гадзіну недзе прыехала следчая група, правялі ператрус. 2-3 гадзіны доўжылася, забралі лічбавую тэхніку: тэлефоны, ноўтбукі, фотаапарат, флэшкі», — распавёў сведка.

— Ці заўважылі вы нейкія супрацьпраўныя дзеянні з боку абвінавачаных?» — спытаў адвакат Хаецкі у сведкі.

Мужчына адказаў адмоўна:

— Каб я заўважыў, то папрасіў бы іх выйсці з кватэры.

Напрыканцы Кацярына Андрэева вырашыла ўнесці ўдакладненне: «Сведка сказаў, што я была настолькі напалоханая, што ў мяне была амаль істэрыка — гэта не зусім так. Я была ў некаторым напружанні, але істэрыкі на працоўным месцы ў мяне ніколі не здаралася».

15:10

Чарговы сведка — начальнік аднаго з упраўленняў «Мінсктранса». Прадаставіў даверанасць ад намесніка гендырэктара, што мае права прадстаўляць інтарэсы грамадзянскага пазоўніка — то-бок, «Мінсктранса».

Абвінавачаных не ведае, раней не бачыў. Расказаў, што 15 лістапада былі парушэнні руху транспарту па вуліцах Чарвякова і Пушкінскай.

— Час затрымання руху і нанесеную шкоду мы прадаставілі следчым. Сума каля 11 тысяч рублёў, магу памыляцца

— Як разлічваецца шкода? Па якой працэдуры?» — спытала пракурорка.

— Пры любой прычыне, калі нельга ехаць па маршруце, кіроўца дакладвае дыспетчару, расказвае, што адбываецца, якія прычыны, дыспетчар фіксуе месца. Пасля аддзел уліку транспарт працы разлічвае аб’ём транспартнай працы, які не быў выкананы. І затым гэтыя аб’ёмы перадаюць эканамістам, яны, сыходзячы з кошту адзінкі аб’ёма транспартнай працы, робяць разлікі, — адказаў мужчына.

Сам ён гэтымі разлікамі не займаецца, робяць падначаленыя.

Па яго словах, «Мінсктранс» нясе страты нават тады, калі вуліцы перакрывае міліцыя. Але, кажа сведка, 15 лістапада праваахоўнікі рух на Чарвякова не перакрывалі.

— У абвінавачанні ўказана шмат маршрутаў аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў. Усе яны праходзяць па Чарвякова ці побач? — спытала суддзя.

— Па Чарвякова — не, побач — так, — адказаў сведка. — Калі заблакаваная адна вуліца, заторы распаўсюджваюцца і на суседнія.

— Можаце вы сцвярджаць, што дзеяннямі абвінавачаных і дзеяннямі неўстаноўленых асоб «Мінсктрансу» была нанесеная шкода на агучаную вышэй суму? — спытала пракурорка.

— Так, — адказаў сведка.

— Малайчына! — гледзячы яму ў вочы сказала Андрэева.

15:54

Затым у якасці сведкі даў паказанні Ігар Ільяш, журналіст, муж Кацярыны Андрэевай.

Абвінаваўца Касьянчык распытала яго, як даўно Ільяш ажаніўся з Андрэевай, дзе яны жылі, дзе працавала Кацярына, які ў іх быў штомесячны даход у 2020 годзе?

Затым пацікавілася, дзе быў Ільяш 15 лістапада. Ён сказаў, што быў дома, жонку бачыў толькі раніцай, планы яе на дзень Ігар ведаў — бо Кацярына мела рэдакцыйнае заданне зрабіць рэпартаж з «Плошчы Перамен».

— Вы і ваша жонка маеце акрэдытацыі журналістаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь?

— Не, не маем, — адказаў Ільяш.

Пракурорка спытала, якім чынам рэгулюецца фармат працы: калі пішацца рэпартаж, напрыклад, а калі вядзецца прамы эфір? Ільяш патлумачыў, што ўсё вырашаецца ў абмеркаваннях з рэдактарам ці ў залежнасці ад сітуацыі.

— Журналісты не ваенізаванае фарміраванне, нам не аддаюць канкрэтныя загады, — сказаў ён.

Затым абвінаваўца пацікавілася, ці ведаў Ільяш канкрэтныя працоўныя планы жонкі, ці мела яна камізэльку з надпісам «прэса», якім тэлефонам карысталася. Ці званіла Андрэева мужу 15 лістапада?

— Так, жонка званіла мне, з якога нумара не памятаю. Сказала, што найхутчэй яе затрымаюць, бо «яны ўжо за дзвярыма». З кантэксту нашай працы, я разумеў, што «яны» — гэта, хутчэй за ўсё, работнікі спецслужбаў, якія парушаюць Крымінальны кодэкс, перашкаджаючы нашай законнай дзейнасці, — адказаў Ігар Ільяш.

— Па вашым месцы жыхарства праводзіўся ператрус? — спытала суддзя Бугук.

— Праводзіўся не ператрус, а арышт маёмасці, прычым маёй, — падкрэсліў Ільяш. Затым, пасля просьбы суддзі, пералічыў мадэлі тэлефонаў і іншай тэхнікі.

— Абстрагіруемся ад абвінавачанняў, пару пытанняў каб зразумець сутнасць журналісцкай дзейнасці. «Белсат» адносіцца да Рэспублікі Беларусь ці да замежнай дзяржавы? — спытала суддзя.

— Ён зарэгістраваны ў Польшчы, — адказаў Ільяш.

— Ці магчымая дзейнасць замежнага журналіста на тэрыторыі Беларусі без акрэдытацыі?

— Гэта спрэчнае прававое пытанне,калі трактаваць гэта парушэнне закона, то гэта караецца адміністратыўным штрафам.

— Ці дапушчальна ажыццяўляць журналістам заклікі да парушэння заканадаўства?»

— Гэта не дазволена не толькі журналістам, а ўсім грамадзянам Рэспублікі Беларусь, — сказаў Ільяш.

Пасля суддзя звярнулася да Дар’і Чульцовай — але яна адмовілася даваць паказанні. Тады суддзя Наталля Бугук зачытала заяву Дар’і, дзе дзяўчына кажа, што нічога не парушала сама і не падбівала на гэта іншых: не агучвала, не арганізоўвала, не заклікала да незаконных дзеянняў, і ў матэрыялах па справе няма доказаў віны.

Затым агучылі паказанні Чульцовай, якія яна дала пасля затрымання на допыце 16 лістапада.

У іх Дар’я распавяла пра расклад дня 15 лістапада. Па яе словах, раніцай яна схадзіла ў краму па батарэйкі, пасля яны з Андрэевай паехалі на таксі на «плошчу перамен». Там у кватэры і ў двары яна здымала падзеі на відэа, не парушала парадак і не мае дачынення да блакіроўкі дарог ці іншых супрацьзаконных дзеянняў.

Каля ўвахода ў залу суда — натоўп мужчын сілавога выгляду. Магчыма, гэта сведкі з боку абвінавачвання

Каля ўвахода ў залу суда — натоўп мужчын сілавога выгляду. Магчыма, гэта сведкі з боку абвінавачвання

Дзясяткі людзей, якія прыйшлі падтрымаць журналістаў, не змясціліся ў залу суда. Яны чакаюць на калідорах і лесвіцы

Дзясяткі людзей, якія прыйшлі падтрымаць журналістаў, не змясціліся ў залу суда. Яны чакаюць на калідорах і лесвіцы

16:45

Пасля даць паказанні прапанавалі Кацярыне Андрэевай. Яна сказала, што хоча выказацца ў свабоднай форме.

«Я абсалютна не вінаватая ў злачынстве і лічу пераслед палітычна матываваным і сфабрыкаваным ад пачатку да канца. Гэта акт помсты спецслужбаў за маю прафесійную дзейнасць», — сказала Андрэева.

Яна падкрэсліла, што неаднаразова звярталася па акрэдытацыю, але ўлады яе не давалі.

«Са жніўня я рэгулярна асвятляла акцыі пратэсту, правяла некалькі дзясяткаў жывых эфіраў. Каментавала падзеі, апытвала ўдзельнікаў.

Перад 15 лістапада рэдактар паставіў мне задачу правесці стрым з Плошчы Перамен, дзе адбылося забойства— гэта я падкрэсліваю, не смерць, а забойства — Рамана Бандарэнкі», — паведаміла Кацярына.

Яна распавяла, што вяла стрым з кватэры, каментуючы падзеі, пасля выйшла ў двор, каб узяць каментары ўдзельнікаў. І што тычыцца выхаду людзей на дарогу — гэта адбывалася, але машын на той момант на дарозе ўжо нейкі час не было, і сама Андрэева ніяк на гэта не паўплывала бо, маўляў, і не магла паўплываць.

Трансляцыю спынілі толькі калі рэзка знік інтэрнэт. У той жа момант перасталі працаваць абодва яе тэлефоны, згадвае журналістка. Яна ўзяла мабільнік у гаспадара кватэры, пазваніла мужу. Пасля адкрываць дзверы ці не — вырашалі толькі гаспадары кватэры.

У выніку, у кватэру ўварваліся каля 8 чалавек у цёмнай форме са зброяй. Яны загадалі Кацярыне збіраць рэчы, пасля трое сілавікоў вывелі яе, пасадзілі ў легкавік і адвезлі ў Кастрычніцкі РАУС, па дарозе пагражалі.

«Паедзеш на 10 гадоў на зону ментам форму шыць», — казалі мне. Адзін з міліцэйскіх начальнікаў сказаў, што я «сяду на 7 гадоў за экстрэмізм». Я спытала: а чаму не расстрэл адразу? Той адказаў: куль на вас шкада», — распавяла Андрэева.

Пасля ёй стала кепска. Выклікалі хуткую, ненадоўга шпіталізавалі, але пасля забралі на Акрэсціна. На наступны дзень Кацярына атрымала 7 сутак адміністрацыйнага арышту, але не паспелі яны прайсці, як яе прызналі падазраванай па крымінальнай справе. Затым этапавалі ў Жодзіна.

«Я не давала паказанняў і не прызнавала віну», — сказала Андрэева.

Яна падкрэсліла: у абвінавачванні фігуруе фармулёўка пра «карыслівыя меркаванні». Ці можна так назваць умовы працоўнага кантракта?

«Я агучыла інфармацыю з дэструктыўных акаунтаў сацсетак. Яны нават не называюцца! Што гэта за каналы? Ці праводзілася экспертыза, якая прызнала акаунты дэструктыўнымі?

Праз свой стрым я не магла сабраць людзей ці кіраваць імі — бо, па-першае, на той момант яны ўжо былі на Плошчы Перамен, а па-другое, не працаваў інтэрнэт, і яны проста не маглі быць гледачамі маёй перадачы, — сказала Андрэева. — Я катэгарычна абвяргаю і абвінавачванне ў «актыўным удзеле ў пратэсце». А з моманту затрымання я выконвала ўсе патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі.

У маіх дзеяннях няма складу злачынства — я настойваю на поўнай невінаватасці і апраўданні».

Прамову Андрэевай людзі сустрэлі апладысментамі.

Пасля пытанняў пракурора (на большую частку з іх Андрэева адмовілася адказваць), слова ўзяла суддзя Бугук.

— У чым была функцыя Чульцовай падчас стрыму?

— Адмаўляюся адказваць на гэтае пытанне

— Чульцова выходзіла з вамі на вуліцу?

— Адмаўляюся адказваць на гэтае пытанне

— Чульцова выходзіла разам з вамі на праязную частку?

— Адмаўляюся адказваць на гэтае пытанне

На тым і скончылі.

17:24

Апошнім выслухалі сведку-таксіста, які вёз Андрэеву і Чульцову на «Плошчу Перамен» 15 лістапада.

Ён распавёў, што пазнаёміўся з імі ў жніўні 2020, час ад часу яны былі яго кліенткамі. Але дакладную дату, калі ён апошні раз вазіў дзяўчат, мужчына згадаць не змог, не згадаў і хто з іх званіў яму, хто ўказаў апошні пункт маршрута.

Нават згадаць дакладна назву месца мужчына не змог:

«Меммарыял Тарайкоўскага?»

Мемарыял Тарайкоўскага знаходзіцца ў раёне станцыі метро Пушкінская», — раптам паправіла яго суддзя Бугук.

Сышліся на тым, што таксіст вёз журналістак да нейкага мемарыяла ў раёне вуліцы Чарвякова.

Мужчына сказаў, што людзей на праязной частцы не бачыў. Па дарозе з журналісткамі не размаўляў, іх гутарку паміж сабою не памятае.

«Кім яны працуюць і дзе вы ведалі?» — спытала пракурорка.

«Не, даведаўся ад следчага», — адказаў таксіст.

У выніку, гэтым пасяджэнне і скончылася. Працяг — у 14:30 аж 16 лютага.

Тры закладніцы. Чаму сядзяць журналісткі Андрэева, Чульцова, Барысевіч — ФІЛЬМ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?