Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

Амаль кожны прадмет у нашых дамах, ад лямпачкі да канапы, акон і Wi-Fi роўтараў, адпавядае глабальным стандартам, якія забяспечваюць іх якасць.

Прамысловыя стандарты, створаныя ЗША і Захадам на працягу дзесяцігоддзяў, утвараюць нябачную матрыцу правіл, якія складаюць аснову глабальнага рынку. Аднастайнасць мае выключнае значэнне для міжнароднага гандлю, бо яна гарантуе, што, напрыклад, балты, USB-штэкеры або транспартныя кантэйнеры, могуць узаемазамяняцца ва ўсім свеце. Стандарты адлюстроўваюць пагадненне паміж міжнароднымі групамі экспертаў, дзе доўгі час дамінавалі заходнія спецыялісты.

Аднак цяпер Кітай хоча заняць лідарскую пазіцыю ў некаторых перадавых галінах. Пекін выкарыстоўвае дзяржаўнае фінансаванне і палітычны ўплыў, каб вызначаць стандарты для перадавых тэхналогій у тэлекамунікацыях, перадачы электраэнергіі і штучным інтэлекце, піша The Wall Street Journal.

«Дамінаванне ў тэхнічных стандартах, якія складаюць аснову інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і іншых сучасных галін, — неад’емная частка амбіцый Кітая», — заявіла Камісія па маніторынгу эканамічных пытанняў і пытанняў бяспекі ў адносінах паміж Кітаем і ЗША — орган, адобраны Кангрэсам ЗША.

Такія памкненні Кітая тлумачацца жаданнем пераўзысці Захад, а таксама атрымаць прыбытак. Справа ў тым, што стандарты, заснаваныя на запатэнтаваных тэхналогіях, патрабуюць ад карыстальнікаў выплачваць ліцэнзійныя зборы. Напрыклад, кампаніі Nokia Corp. і Qualcomm Inc. штогод атрымліваюць мільярды даляраў ад сваіх патэнтаў, якія сталі асновай для мабільных сістэм, створаных канкурэнтамі.

Кітаю хацелася б зарабляць такія грошы шляхам распрацоўкі сваіх тэхнічных стандартаў, якія б адпавядалі тэхналогіям кітайскіх кампаній.

Пытанне распрацоўкі стандартаў становіцца ўсё больш актуальным, паколькі з’яўляецца новае пакаленне тэхналогій, залежнае ад сетак 5G, у тым ліку беспілотныя транспартныя сродкі, «разумныя» гарады і інтэрнэт рэчаў. Усе гэтыя дасягненні злучаюць лічбавы свет з фізічным так, як ніколі раней.

Па звестках камітэта Кангрэса, новыя тэхналогіі, у тым ліку сістэмы распазнавання твараў, закранаюць прыватнае жыццё і грамадскую бяспеку, што, у сваю чаргу, пагражае нацыянальнай бяспецы.

Кітай прасоўвае стандарты, якія павялічаць экспарт кампаній, што маюць сувязь з Пекінам, а таксама паспрыяюць умацаванню апарата дзяржаўнай бяспекі, сцвярджае былы міністр гандлю Японіі Акіра Амары. «Калі кітайскія прадукты могуць збіраць асабістыя звесткі, то трэба мець на ўвазе, што ў канчатковым выніку яны могуць трапіць да кітайскага ўрада», — перакананы ён.

Кітайскія чыноўнікі сцвярджаюць, што Пекін вучыцца лавіраваць у глабальнай сістэме, дзе дамінуе Захад, і, як краіна з адной з найбуйнейшых эканомік свету, Кітай займае сваё законнае месца ў міжнароднай супольнасці. У бліжэйшы час Пекін плануе абнародаваць «Кітайскія Стандарты 2035» — амбіцыйны план лідарства ў галіне сучасных тэхналогій.

«Глабальныя тэхнічныя стандарты ўсё яшчэ знаходзяцца на стадыі фарміравання», — кажа Дай Хонг, прадстаўнік Нацыянальнага камітэта па кіраванні стандартызацыяй Кітая. «Гэта дае кітайскім стандартам шанец стаць дамінуючымі ў свеце».

Пад’ём Кітая ў галіне стандартызацыі супадае са спадам уплыву сусветных лідараў. У Міжнароднай арганізацыі па стандартызацыі кітайскія дэлегаты маюць удвая больш месцаў у секрэтарыяце, чым яны мелі 10 гадоў таму. Гэта дае Кітаю магчымасць уплываць на прапановы, дэбаты і прыярытэты ў арганізацыі.

Камісар ЕС Т’еры Брэтон паведамляе, што еўрапейскія кампаніі актыўна развіваюць міжнародныя стандарты на рынках, каб захаваць свае канкурэнтныя перавагі. Па яго словах, няздольнасць рэагаваць на дзеянні Кітая паўплывае на эканамічную канкурэнтаздольнасць і тэхналагічнае лідарства Захаду.

Згодна з афіцыйнымі дакументамі, Кітай штогод вылучае ўсё больш сродкаў кампаніям, якія займаюцца распрацоўкай міжнародных стандартаў. У той жа час фінансаванне Захаду скарацілася за апошні час. «Таму не трэба здзіўляцца, калі ўрэшце мы пачнём гуляць па кітайскіх правілах», — кажа Крыстаф Вінтэргальтэр, дырэктар Нямецкага інстытута стандартызацыі.

Амбіцыі Кітая ў пытанні стандартызацыі праявіліся яшчэ ў 2016 годзе, калі адбылася сустрэча 3GPP — глабальнай арганізацыі, якая ўсталёўвае стандарты 5G. На гэтай сустрэчы кампанія Huawei Technologies Corp. запатрабавала прыняць яе стандарты ў выпраўленні памылак падчас перадачы звестак 5G. У той час шырокую падтрымку атрымалі стандарты амерыканскай кампаніі Qualcomm. Напружаныя дэбаты скончыліся толькі апоўначы. У выніку было вырашана прыняць стандарты абедзвюх кампаній.

На сённяшні дзень Кітай лідзіруе ў шматлікіх высокатэхналагічных галінах, што дае яму магчымасць лідзіраваць і ў прапановах сусветных стандартаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0