— Мірны пратэст працуе?

— Канечне, працуе. А ты бачыў узброены пратэст? Бачыш нейкі плён ад узброенага пратэсту, ад захопу рэзідэнцыі? Я не бачу такой сітуацыі. Не бачу, як можна змагацца з войскам і настолькі ўзброенымі персанажамі ўсіх гэтых структур, не мірных. Як гэта можна рабіць?

— А якія вынікі?

— Вынікі такія, што народ убачыў, што ён не ў меншасці. Сапраўды большасць. І людзі разумеюць, што гэта моц, што тое, што цяпер робіцца ― гэта ўсё нелегітымна. А галоўнае нам змяніць свядомасць людзей, каб не сядзеў кожны дома і казаў: «Гэта ж я так думаю. А вось усе гэтыя суседзі ― яны ж, напэўна, Лукашэнкі».

— Ініцыятыва Генпракуратуры аб забароне БЧБ. Як ты адрэагаваў?

— З аднаго боку, рэзка негатыўна, з іншага боку, такая сакралізацыя любімай намі сімволікі ― гэта да лепшага, мне здаецца, бо калі ты забараняеш сімвал так штучна, то ён робіцца даражэйшым для масы народу. Шчыра кажучы, я думаў, што БЧБ на вельмі доўгі час застанецца для нас, для вузкага кола беларусаў, здавалася, што надоўга гэты прыгнечаны стан мовы, сімволікі, ― а тут неяк усё забуяла, акрыяла. Цяпер, калі яны вырашалі забараніць ― гэта памылка. Яны наогул робяць памылку за памылкай і не спыняюцца на гэтым, усё руйнуюць, што яны збудавалі за гэты час, і іх нічога не стрымлівае.

***

— Я быў на працэсе Пашы Аракеляна ― гэта быў Оруэл. Суддзя быццам бы абсалютна адэкватная жанчына. Яна на пытанні адвакаткі нармальна адказвала. Потым быў нармальны міліцыянер, сведка таго, што Паша там граў. Ён не быў такі, што нешта мармытаў. Ён нармальнай мовай звязна адказваў на пытанні адваката, якая запыталася: «Была сімволіка на гэтым шоу?» Ён адказаў: «Я не замеціў». «А лозунгі гучалі?» ― спытала яна. «Не, не гучалі». Карацей, чалавек граў для дзяцей канцэрт. Потым нейкае відэа пачалі паказваць. Адвакатка гаворыць: «Гэта ж не адсюль». І быццам бы суддзя цалкам увайшла ў сітуацыю. І большасць людзей, якія там сядзелі падумалі: «Ну, зараз, канешне, максімум штраф». Яна нават не выходзіла раіцца. Яна проста ў канцы гэтага працэсу сказала: «Мне ўсё зразумела ― 15 сутак»

— Чаму N.R.M распаўся?

— Сам не магу зразумець, што адбылося такое, калі глабальна казаць. У 2010-2011 годзе неяк так лягла карта, што мае былыя паплечнікі вырашалі чамусьці без мяне пачынаць працаваць далей. Я быў такі пасля гэтага паходу да Праляскоўскага задуменны. Мне здавалася, нешта прадалі. Што нас пускаюць граць туры па краіне, што мы граем неяк так бесперашкодна, што гэта было такім нейкім непрыемным абменам. Ім, канешне, гэта ўсё не падабалася. Музыканты звычайна мала над гэтым задумваюцца ― даюць граць, дык іграй. І адзін найбольш дзейсны чалавек сярод іх пачаў тлумачыць ім, што я наогул не хачу з імі супрацоўнічаць. У мяне такія думкі, шчыра кажучы, былі. Я рабіў крокі ў гэтым кірунку, але ў мяне свае песні не пісаліся. Я пісаў, але ж усё было нешта не тое.

— Найбольш дзейсны ― гэта Піт Паўлаў?

— Ясна. Хто ж яшчэ.

— Як вы з Пітам наогул разам існавалі?

— Сам не ведаю. Я калі збіраў новую фармацыю, якая яшчэ не называлася N.R.M у той час, не хацеў з Пітам супрацоўнічаць. Я меў з ім досвед працы ў «Мроі» ― гэта быў самы паганы перыяд «Мроі». Мы хадзілі на рэпетыцыі для птушачкі.

Потым я туды таргануўся, туды сунуўся… Потым неяк Піт мяне ўгаварыў: «Давай я паспрабую, буду рабіць усё, што скажаш». Ну, я чалавек мяккі. Ну, ай, ладна, давай. Нейкі быў кодэкс у гэтай фармацыі, што мы асабліва так не сябравалі ніколі, спрабавалі напачатку, але гэта ўсё былі спробы. Я не буду казаць мінусы, таму што які сэнс. Плюсы ж гэтага праекта, што ўсё магло нараджацца вельмі хутка. Песню можна было зрабіць за рэпетыцыю.

— Як здарылася, што N.R.M распаўся? Гэта была нейкая тэлефонная размова, сход?

— Гэта больш за ўсё непрыемна. Тое, што яны, не сказаўшы мне слова, пачалі збірацца на рэпетыцыі. Я пра гэта даведаўся ад нашага польскага менеджара. Мы з ёй сустрэліся, і яна сказала: «Ты ведаеш, што яны без цябе збіраюцца?» Я кажу: «Што? Як гэта яны без мяне збіраюцца?» Яна кажа: «Патэлефануй і спытай, што адбываецца?» Я сказаў, што хай самі тэлефануюць, раз яны самі пачалі збірацца. Ну мне ніхто не тэлефануе, нічога не адбываецца. А потым, калі былі гэтыя страшныя падзеі 2010 года, ― гэтыя разгоны, страшнае закручванне гаек ― тут яны раптам абвяшчаюць, што на «Рок-каранацыі» будуць без мяне граць. Якая магла быць рэакцыя? Затое мне адразу пачало пісацца сваё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0