Праваабаронцы абвесцілі, што будуць адкрыта дзейнічаць ад імя незарэгістраванага праваабарончага цэнтру «Вясна».

Праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Алесь Бяляцкі і Уладзімір Лабковіч выступілі з наступнай заявай.

«Мы афіцыйна заяўляем, што дзейнічалі і дзейнічаем ад імя незарэгістраванай арганізацыі «Праваабарончы цэнтр «Вясна» і надалей будзем працягваць дзейнасць ад імя гэтай арганізацыі. Мы гатовыя да любой рэакцыі ўладаў на нашую заяву і, вядома, мы б віталі крокі ўладаў па адмене ганебнага артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса РБ, паколькі ўпэўненыя, што ён парушае Канстытуцыю краіны і не адпавядае міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека, а, перш за ўсё, Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах».

Мы ўпэўненыя, што нашая дзейнасць абсалютная легітымная. Мы спадзяемся, што ўлады распачнуць нейкія дзеянні для адмены гэтага артыкула, а не для таго, каб расправіцца з намі. Мы не злачынцы, мы не парушаем чыесьці правы, мы займаемся абаронай правоў чалавека, і гэта абсалютна законна ў любой нармальнай дэмакратычнай краіне», ‑‑ заявілі грамадскія дзеячы.

Нагадаем, што 25 траўня Міністэрства юстыцыі Беларусі ў трэці раз вынесла рашэнне пра тое, што праваабарончае грамадскае аб’яднанне «Наша Вясна» не можа быць зарэгістравана ў вызначаным законам парадку. Пад назвай «Наша Вясна» праваабаронцы спрабавалі зарэгістравацца пасля таго, як у 2003 годзе быў ліквідаваны іх цэнтр «Вясна».

Праваабаронцы заявілі, што прэтэнзіі Мінюста да рэгістрацыі арганізацыі не засноўваюцца на заканадаўстве Беларусі, а існуючую практыку рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў назвалі «абсурдам».

«Беларускія ўлады не хочуць рэгістраваць яе з незаконных, на мой погляд, прычынаў. Мы расцэньваем гэта як сістэматычную дыскрымінацыю праваабаронцаў і будзем падаваць пазоў у Камітэт па правах чалавека ААН. Я выдатна ўсведамляю тое, што ў выніку гэтай заявы я падпадаю пад дзеянне артыкулу 193‑1 Крымінальнага кодэксу (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). Але я заяўляю, што з рэгістрацыяй ці без яе беларускія праваабаронцы не спыняць сваю дзейнасць», — сказаў адзін з заснавальнікаў «Нашай Вясны» Валянцін Стэфановіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?