Панамарова — былая адвакатка, цяпер на пенсіі.
«Гэта было 26 кастрычніка. У фэйсбуку быў нейкі пост са здымкам маладога хлопца ў шортах, было напісана, што гэта нібыта амапавец і была яго характарыстыка.
Пад допісам 112 каментароў, адзін з іх — мой. Я напісала: «Застрэлься, с***», — расказвае Святлана «Нашай Ніве». — А 12 лістапада да мяне прыйшлі. Я жыву адна і раптам бачу, як 6 мужыкоў заходзяць у двор. Падумала спачатку, што, можа, сацыяльныя службы правяраюць адзінокіх.
А я якраз коцікаў карміла, рубіла ім курыныя галовы. Ну і выйшла з сякеркай з дома неяк аўтаматычна. Тыя мужыкі ўцяклі за вароты адразу, кажуць: трэба пагаварыць, але схавайце сякеру. Я кажу: ой, вас шасцёра маладых, а вы баіцеся старую бабу з сякерай!»
Але пусціла іх у хату. Зайшлі, давай мне пасведчаннямі ў нос тыкаць».
Па словах Святланы, да яе прыехалі двое супрацоўнікаў аддзела ўласнай бяспекі МУС.
«Двое з Мінска з УУБ, двое нейкіх мясцовых міліцыянтаў і дваіх з мясцовай вучэльні яны ўзялі панятымі.
Паказалі санкцыю пракурора вобласці: агледзець памяшканне і забраць прыладу, з якой я напісала той каментар. Аддала ім тэлефон, а яны кажуць: будзем праводзіць ператрус. Я кажу: хлопцы, тут жа напісана «агляд памяшкання». Я юрыст і працавала адвакатам, ператрус ад агляду магу адрозніць».
«Госці» правялі агляд.
«Адзін з гэтых мінскіх быў адэкватны, а другі мне кажа: вы польскі шпіён!
Я адказваю: Ды вы што? І грошы атрымліваю? — пасміхаецца Святлана. — Пасля яны адпусцілі нашых клецкіх міліцыянтаў, адпусцілі і панятых. І кажуць мне: скажыце, што вы раскайваецеся ў тым, што абразілі і просіце прабачэння. Я кажу: не, бо я яго не зневажала. І якая там можа быць абраза пры выкананні службовых абавязкаў, калі на фота, пад якім каментар, чалавек стаіць у шортах каля рэчкі?»
У выніку Панамарова прызнала, што напісала камент, але адзначыла, што намеру кагосьці абразіць у яе не было. А 29 снежня ёй пазванілі з клецкага СК і паведамілі: заведзеная крымінальная справа. Пацярпелым прызналі таго амапаўца з фота.
Раніцай 31 снежня Панамарова была на допыце ў СК.
«У заключэнні эксперта напісана, што мае словы — гэта «негатыўная адзнака асобы» таго амапаўца», — кажа Святлана.
Цяпер справа ў пракурора. Панамарова напісала хадайніцтва аб спыненні крымінальнай справы. Ёй адмовілі.
Жанчыну чакае суд. Пакараць за абразу могуць штрафам, арыштам, грамадскімі працамі ці абмежаваннем волі — хіміяй.
«Я пенсіянер, мне даць грамадскія працы нельга. Могуць даць арышт, штраф ці абмежаванне волі па месцы жыхарства. Гляджу, што па такіх справах даюць абмежаванне волі ў асноўным. Ну буду скардзіцца, а што рабіць?» — кажа Святлана Панамарова.





