Каля 19-й гадзіны вечару ля райвыканкама стаіць адзін міліцэйскі аўтамабіль. У машыне сядзяць два міліцыянеры. Час ад часу заводзяць машыну: на вуліцы -15, унутры службовага транспарту хутка становіцца холадна.

Недалёка ад міліцэйскага аўтапатруля стаіць купка людзей. Спачатку іх было пяцёра. Але да іх усё пацягваюцца новыя людзі. Хтосьці з мінакоў застаецца, некаторыя вітаюцца, стаяць некалькі хвілін і сыходзяць. Усе рознага ўзросту.

Смаргонцы шчыра здзіўляюцца заўвазе, што ў Маладзечне да іх бы ўжо падышлі міліцыянеры і, магчыма, затрымалі б:

— Спачатку нас забіралі, праводзілі гутаркі, давалі суткі, — кажа адзін з удзельнікаў. — А пасля плюнулі — што з намі зробіш. Вось толькі стаяць і дзяжураць, пакуль мы не разыдземся. На камеру здымаюць, я вельмі спадзяюся, што яны пасля глядзяць гэтыя гігабайты відэа.

Праз дарогу па вуліцы Леніна каля прыпынку стаіць пешы патруль з трох міліцыянераў. Супрацоўнікі пераходзяць дарогу, праносяцца каля кампаніі людзей і пасля зноў становяцца на іншым баку вуліцы. Адтуль супрацоўнікі амаль гадзіну будуць назіраць за людзьмі.

Раз-пораз да аўтапатруля падыходзяць людзі, каб паразмаўляць з супрацоўнікамі міліцыі. На працяглы час каля міліцыянераў затрымліваюцца два мужчыны з бел-чырвона-белымі шалікамі.

— Гэта ўчастковы наш, нічога супраць яго не маю. Добра паразмаўлялі. Ён першы раз нас пільнуе, — расказаў пасля адзін з мужчын.

Нягледзячы на мінусавую тэмпературу і халодны вецер, людзі не разыходзяцца. Кажуць карэспандэнту «Рэгіянальнай газеты», што збіраюцца на размовы кожны дзень:

— Кожны дзень тут. Ведаеце, нават адзін чалавек тут усё роўна будзе стаяць, — кажа хлопец з бел-чырвоным шалікам. І расказвае пра судовы працэс з ЖКГ.

На гэтым тыдні ў Смаргоні скончылася судовае разбіральніцтва грамадзянскай справы: ЖКГ судзілася з 13 жыхарамі горада па справе малых архітэктурных форм. 8 лістапада ў цэнтры горада нехта развесіў белыя і чырвоныя шарыкі на слупах уздоўж дарогі. Суд пастанавіў сплаціць смаргонскай ЖКГ 70 рублёў у якасці кампенсацыі шкоды.

— Справа трынаццаці. Так яе называем, — кажа хлопец.

Яшчэ адна з навін — суд па тэрарызме. Людзі не вераць, што чалавека можна асудзіць на 20 гадоў за жарт ў тэлеграм-канале.

— Мы ж яму перадачку сабралі. У яго нікога няма, таму мы дапамагаем.

Гальшанца Івана Вярбіцкага абвінавачваюць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку і за акт тэрарызму.

Кажуць, што звычайна ў Смаргоні збіраецца шмат людзей падтрымаць абвінавачаных па палітычных справах. На абвяшчэнне прыгавору былому ўладальніку «Новай газеты Смаргоні» Рамуальду Улану за абразу міліцыянераў прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек для падтрымкі.

Да гэтага лета людзі, што збіраюцца штодзённа каля смаргонскага райвыканкама, былі паміж сабой незнаёмыя.

— Так вам скажу, мы і цяпер не ўсе ведаем рэальныя імёны адно аднаго, — прызнаецца журналісту мужчына з сівой барадой.

На вуліцы Леніна, цэнтральнай у Смаргоні, вісіць банер, часам там з’яўляецца рэклама канцэрта аднаго з эстрадных выканаўцаў, інфармацыя пра Усебеларускі народны сход, напаміны пра адміністрацыйныя і крымінальныя артыкулы, якія тычацца масавых мерапрыемстваў.

— А што вы пра УНС думаеце?

— Што думаем… Хацелі нашых так званых дэлегатаў выправіць ад райвыканкама на гэты сход. Але ж яны хуценька з чорнага выхаду выйшлі, селі ў аўтобус і з’ехалі.

Пра Усебеларускі сход больш людзі не размаўлялі. Усіх хвалююць зусім іншыя пытанні, у асаблівасці апошнія судовыя працэсы ў горадзе. Некаторыя дзеляцца гісторыямі пра размовы з ідэолагамі, іншыя жартавалі, каб падбадзёрыць.

Праз гадзіну людзі пачынаюць разыходзіцца. Міліцыянеры не з’язджаюць, пакуль апошні чалавек не сышоў з месца сустрэчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0