Усаўнаўленні-удачкаванні, Брэд Піт, пафасная акторская ігра, Білі Боб Торнтан. Мы вырашылі скарыстаць 34-ы дзень народзінаў Анджэліны Джолі, каб зразумець, чаму мы любім яе і ў адначассе так любім ненавідзець. 5 рэчаў, якія нам падабаюцца ў кіназорцы, і 5, якія не.

Чаму нам даспадобы Анджэліна Джолі?

1. Бо яна шчырая душа. Пасол добрай волі ў ААН. Ёй сапраўды баліць за галодных дзетак у свеце, ды яна пераказвае процьму грошай на дабрачыннасць.


Анджэліна Джолі

2. Бо яна такая прыгожая, а некаторыя скажуць, што нават дасканалая. Вось прыгадайце, калі вы ўпершыню яе пабачылі: вочы, вусны, грудзі, спакуслівая ўсмешка… Не так ужо шмат жанчынаў, якія столькі разоў займалі месца самай зваблівай і пекнай жанчыны планеты.

3. Удачкаваныя і ўсынаўлёныя дзеці. Мы, можа, яшчэ не ведаем, як будуць выглядаць яе будучыя блізняты, але наяўныя, усынаўлёныя - такія зорачкі ясныя! Ну, як такая мама можа быць зненавіднай знакамітасцю?

4. Красуня мае «Оскара», што сведчыць пра яе ўдоранасць і пра тое, што яна стараецца, працуе над сабой. Любіць дзяцей і любіць працаваць, а на нашу думку спалучыць кар’еру і сям’ю – несумненны поспех.


Містэр і Місіс Сміт і якія з імі

5. Брэд Піт. Звяла яго, не звяла – якая розніца! Ён што, бычок нейкі?! Галоўнае, што цяпер яны - звышпара, і мы ў прынцыпе не вінавацім ні Энджы, ні Брэда. Ёсць адчуванне, што злучыла іх якраз найвышэйшая воля. І варта зацеміць, што Джолі абрала роўню: красунчыка, не дурнога і не без таленту. У дадатак гэта яскрава кажа, што Анджэліна ясна ўсведамляе сваю прыгажосць.

Чаму мы любім ненавідзець Анджэліну Джолі?

1. Даражэнькая, можа хопіць гэтыя закалоты з паказушнымі паездкамі па добрай волі, з дапамогай бліжняму і г.д.?! Чалавецтва вас ужо і так палюбіла. Выглядае досыць пафасна, прыблізна як вашая ж акторская гульня (а да яе мы яшчэ дойдзем). Праўда, Анджэліна ахвяруе вялікія сумы, але чаму інфармацыя пра гэтыя грашовыя пераводы заўсёды трапляе ў кожную газету? Мільёны людзей штодня робяць ахвяраванні і ніхто не піша пра іх. Чаму Анджэліна павінна абавязкова публічна паведаміць, што гатовая сфатаграфавацца з блізнятамі за шматмільённы ганарар, каб перавесці прыбыткі ад здымкаў на дабрачыннасць? Што, даражэнькая, ніколі не чула пра ахвяраванні ў сакрэце?

2. І хопіць іграць так пафасна. Ну і што дастала «Оскара»?! Можа тым годам іншыя былі проста горшыя? Анджэліна, будзьце прасцейшай, і да вас пацягнуцца людзі.

3. Білі Боб Торнтан. Хай даруюць яго прыхільнікі, але што такая дзяўчына, як Анджэліна, рабіла побач з ім? І чаму трэба было насіць выбарку яго крыві ў медальёне? Што, на выпадак пераліцця крыві, калі яна чарговы раз зробіць татуяванку ці сваё ўлюбёнае шнараванне на скуры? І нават парнаграфічныя інтэрв'ю, якія яна шчодра пастаўляла прэсе, у якіх яна распавядала дзе і як яны з Торнтанам бавіліся сэксам. Варта зазначыць, што ўсе выбрыкі не дадалі ёй да жаданага іміджу «кепскай дзяўчыны», бо яны былі проста вартымі смеху. Цяпер маем, што маем: татуяванку можна памяняць ці звесці, а вось рэзюмэ – наўрад.


Колісь: Анджэліна Джолі і Білі Боб Торнтан

4. Брэд Піт і Джэніфер Аністан. Ведаеце, спадарыня Джолі, такіх? Яны былі галівудскай парай серыі «Най»: найпрыгажэйшыя, найпрыемнейшыя, пакуль вы, спадарыня Джолі, не вырашыла прысабечыць палоўку гэтага Брэ(н)да. Яму таксама, канешне, трэба надаваць па галаве, але гэта ўсё ж ваш дзень нараджэння. І не спрабуйце сказаць, што вы пачалі сустракацца з ім пасля таго, як шлюб распаўся, бо ў вас жа самой вырвалася, што тое здарылася да разводу. А кожная жанчына засведчыць, што тое занадта.


Колісь: Джэніфер Аністан і Брэд Піт

5. Увага! Для тых, хто прыбыў толькі што: Анджэліна Джолі абышла на круг саму Опру Ўінфры, калі паводле часопісу «Форбс» была абраная самай «моцнай знакамітасцю». Ой, сапраўды, яшчэ адзін недарэчны напышлівы тытул — толькі гэтага нам бракавала! Але: абысці саму Опру, якую мы любім ненавідзець яшчэ больш, дае Анджэліне сякую‑такую перавагу.

І нават калі пасля гэтага ўсяго вы, шаноўныя, так і не сфармавалі ўласную меркаванне наконт Анджэліны Джолі, ці вам проста нецікава, усё роўна пагадзіцеся, што гэтае дзяўчо цяжкавата не заўважыць і так ці інакш яна вартая, каб яе павішаваць з днём народзінаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?