Міжнародны дзіцячы конкурс песні «Еўрабачанне‑2010» пройдзе ў Мінску. Адпаведнае афіцыйнае паведамленне Еўрапейскага вяшчальнага саюза (ЕВС) атрымала 8 чэрвеня Белтэлерадыёкампанія.

Шоу адбудзецца ў Мінску 20 лістапада 2010 года. Дамашнім вяшчальнікам усіх мерапрыемстваў дзіцячага «Еўрабачання‑2010» вызначана Белтэлерадыёкампанія.

На правядзенне конкурсу першапачаткова прэтэндавалі многія краіны — ўдзельніцы ЕВС. Пасля першых слуханняў назіральнага савета вяшчальнага саюза ў лютым 2009 года ў фінале засталіся тры краіны — Беларусь, Расія і Мальта.

5 чэрвеня ў Кіеве адбылося пасяджэнне назіральнага савета ЕВС, на якім краіны‑фіналісткі паказалі свае прэзентацыі. У выніку рашэнне было прынята на карысць Беларусі. Месцам правядзення вызначаны спартыўны комплекс «Мінск‑арэна».

Сярод пераваг беларускай заяўкі‑прэзентацыі перад канкурэнтамі з Расіі і Мальты журы адзначыла найбольшую дэталізацыю ўсіх момантаў знаходжання замежных дэлегацый у Беларусі, паведамляе прэс‑служба Белтэлерадыёкампаніі.

Так, ужо вызначаны праграма для адпачынку юных выканаўцаў, унікальны дызайн сцэны і вялікая ўмяшчальнасць арэны (каля 15 тысяч гледачоў), а таксама слоган конкурсу: Feel the magic («Адчуй чараўніцтва»).

Плануецца, што банеры з выявамі удзельнікаў дзіцячага «Еўрабачання‑2010» будуць расклееныя на цэнтральных вуліцах гарадоў Беларусі, а іх ролікі будуць транслявацца на відэаэкранах Белтэлерадыёкампаніі ў Мінску.

У найбліжэйшы час будзе таксама названа імя артыста, які правядзе майстар‑клас для ўдзельнікаў песеннага конкурсу. Сярод кандыдатур разглядаецца Джэніфер Лопез, Джасцін Тымберлейк і іншыя зоркі сусветнай поп‑сцэны, гаворыцца ў прэс‑рэлізе кампаніі.

Выканаўчы дырэктар конкурсаў песні «Еўрабачанне» Свантэ Стакселіуc даручыў Белтэлерадыёкампаніі сфармаваць каманду для падрыхтоўкі конкурсу і абраць выканаўчага прадзюсера.

Для працы ў Мінск будуць запрошаныя вопытныя кампаніі па здымцы, устаноўцы святла, тэхнічным абсталяванні, якія ўжо былі задзейнічаныя ў дарослых і дзіцячых конкурсах «Еўрабачання».

У Белтэлерадыёкампанію ўжо паступілі заяўкі ад патэнцыяльных спонсараў, удзел якіх дазволіць прыцягнуць рэкордную для дзіцячага шоу колькасць краін‑удзельніц (да 20—25).

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0