Храм Стрэчання Гасподняга ў Бабруйску сёлета абакралi двойчы: першы раз на Вялiкдзень, i цяпер — на Троiцу.

У ноч з 6 на 7 чэрвеня з храма знiклi срэбныя вырабы на суму болей за 3,3 мiльёна рублёў, паведамiлi ў прэс‑цэнтры абласнога УУС. Невядомыя зладзеi ўзламалi дзверы i скралi царкоўнае срэбра.

Каля двух месяцаў таму, на Вялiкдзень, з гэтай невялiкай царквы на вулiцы Ульянаўскай ужо скралi срэбра на 8 мiльёнаў рублёў. Хутка выявiлася, што крадзеж учынiлi тры падлеткi, якiя залезлi ў царкву праз разбiтае акно.

У мiлiцыi каментуюць, што першым разам зламыснiкаў‑«бязбожнiкаў» дапамагла адшукаць грамадскасць, i цяпер плануецца таксама звярнуцца да людзей.

Акрамя гэтага, праваслаўнаму прыходу самы час памеркаваць над аховай сваёй уласнасцi. Пасля першага крадзяжу ў царкве так i не з’явiлiся нi вартаўнiк, нi сiгналiзацыя. Праўду кажуць: на Бога спадзявайся, але i сам не рабi промаху!

Мiж тым, рэчаiснасць такая, што святыя днi не гарантуюць абарону ад злачынцаў.

У тым жа Бабруйску 7 чэрвеня, але ў iншым храме — Свята‑Iверскiм, у 22‑гадовай жанчыны скралi мабiльны тэлефон.

Алена Казлова, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0