13 чэрвеня ў Маладзечне пройдзе 10-ты Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна‑2009». Першы быў праведзены — у 1993 годзе.

Нехта скажа: «Падумаеш, дата, 10 гадоў». Але калі ўлічыць, што мерапрыемства праводзіцца ў нас раз на два гады, то традыцыі гэтай ужо 20.

Ля вытокаў фестывалю беларускай песні і паэзіі стаялі тагачасны мэр горада Генадзь Карпенка і яго намеснікі, а таксама загадчыца аддзела культуры Маладзечанскага гарвыканкама Надзея Сідарэнка.

Дарэчы, яна правяла восем фестываляў, першы з якіх прайшоў на гарадскім стадыёне.

Успамінае былы яго дырэктар Валянціна Галіцына: «Першы фестываль праводзілі на стадыёне, бо толькі ён мог змясціць такую колькасць удзельнікаў, гледачоў і гасцей. Да падзеі рыхтаваліся не толькі мы. Дапамагалі ўсе маладзечанцы. Горад упрыгожылі, зрабілі запрашэнні гасцям і артыстам, выпусцілі маляўнічыя афішы і значкі.

Працаваць было не проста, і ў той жа час цікава. Асабіста мне запомніўся Міхаіл Фінберг. У першую чаргу сваёй надзвычайнай адказнасцю. Адзін з усіх беларускіх зорак, ён тут і жыў ў нас, на стадыёне. А гасцямі фестывалю ў той год былі артысты з далёкай сонечнай Грузіі Тамара Гвердцытэлі і Сосо Паўліашвілі».

Была на першым фестывалі ў Маладзечне і Эліна Вялічка. Сёння яна інструктар‑метадыст медыцынскай рэабілітацыі аднаго з рэспубліканскіх навукова‑практычных цэнтраў у Мінску. Што больш за ўсё запомніла? Як дапамагала маладым спевакам паставіць голас, як падтрымлівала іх маральна, як разам з тагачасным дырэктарам драматычнага тэатра Сяргеем Вальковічам упрыгожвала фае тэатра, дзе працавала выстава карцін яе мужа.

Сёння ўжо цяжка ўявіць культурнае жыццё Маладзечна без фестывалю, на які звычайна з’язджаюцца госці з усёй краіны і які дае старт у творчае жыццё маладым. Думаецца, што сёлетні, дзесяты, будзе таксама запамінальны. Галоўнае, каб не перашкодзіла надвор’е.

Мечыслаў Станкевіч, Рэгіянальная газета

***

Праграма 10-га Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, 13 чэрвеня

11.00 вул. Прытыцкага
«Горад Майстроў». Выстава народных рамёстваў, дэкаратыўна‑прыкладнога мастацтва. кірмаш.

11.00 сквер Цэнтральнай плошчы
«Мая зямля — мае вытокі». Выстава выяўленчага мастацтва вучняў дзіцячых мастацкіх, агульнаадукацыйных школ і пазашкольных устаноў Маладзечанскага раёна

12.00 Палац культуры
Рэспубліканскі конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні

13.00 канцэртная пляцоўка «Юбілейная»
«Паклон табе, мой беларускі край». Hаённы фестываль‑конкурс самадзейных вакальна‑харавых калектываў. выступленні калектываў аматарскай творчасці Маладзечанскага раёна.

13.00 Гарадскі парк імя Перамогі
«табе нясу зямны паклон — мой родны кут, мой родны дом». Канцэртная праграма з удзелам аматарскіх калектываў і дзіцячых калектываў устаноў адукацыі Маладзечанскага раёна.
«Вясёлыя хвілінкі». гульнёва‑забаўляльная праграма.
«Горад маёй мары». Конкурс малюнкаў на асфальце/

15.00 «Музыка, натхнёная радком» Творчыя сустрэчы беларускіх паэтаў і кампазітараў з жыхарамі горада Маладзечна і Маладзечанскага раёна.

16.00 Цэнтральная бібліятэка імя Багдановіча
прэс‑канферэнцыя з удзелам мясцовых і рэспубліканскіх СМІ.

16.30 Цэнтральная плошча.
«На свята запрашаем». Канцэртная праграма Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі «Свята» Белдзяржфілармоніі
Выступленні беларускіх паэтаў.

20.00 Цэнтральная плошча. Гала‑канцэрт «Зямля мая — песня» зорак беларускай эстрады, вядучых творчых калектываў Беларусі і пераможцаў рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0