У манеўрах «Захад-2009» будуць удзельнічаць агульным лікам 13 тысяч вайскоўцаў. Пра гэта заявіла прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі. Такім чынам, сенсацыя пра дзве расійскія арміі — выпушчаная з Масквы «вутка».

Што ж, у нашым вайсковым ведамстве нарэшце схамянуліся і сталі замаскавана абвяргаць ашаламляльную заяву начальніка расійскага генштаба генерала Макарава. Памятаеце: нібыта дзве іхныя арміі ў поўным складзе будуць уведзены ўвосень у Беларусь дзеля супольных манеўраў.

Адмыслоўцам абсурднасць слоў Макарава (ці іх журналісцкай інтэрпрэтацыі) была відавочная ад пачатку.

«У Расіі ўвогуле не набярэцца дзвюх баяздольных армій, — сказаў мне мінскі вайсковы аналітык Аляксандр Алесін. — І само гэта паняцце там аджывае. Рэформа расійскага войска палягае ў тым, што адмаўляюцца ад армій і пераходзяць на структуру “брыгада — корпус — камандаванне”».

Со слоў Алесіна, армія — гэта 80 тысяч салдатаў з тэхнікай. Каб перакінуць такую процьму ваякаў з усімі іх цацкамі, спатрэбіліся б сотні цягнікоў. Выдаткі каласальныя. А калі дзве арміі… «Казаць пра такую перакідку не дазваляе ні эканоміка, ні лагістыка, ні элементарная логіка», — рэзюмаваў Алесін.

Дадамо: у элементарную палітычную логіку гэта таксама не ўлазіць. Калі б расійцы і надумалі навадніць Беларусь свамі войскамі пад выглядам манеўраў, то Лукашэнка не такі наіўны ў пытаннях захавання ўлады (ці нехта яшчэ сумняваецца?), каб даваць згоду. Ён, дарэчы, яшчэ 10 сакавіка падпісаў задуму імпрэзы пад суперкрэатыўнай :) назвай «Захад-2009». Там і закладзена гэтая лічба — 13 тысяч (з іх расійцаў 4-5 тысяч).

Дарэчы, пры цяперашнім абвастрэнні дачыненняў заклятых хаўруснікаў няма гарантыі, што і гэтых пусцяць. Манеўры могуць сарвацца або скамячыцца. Ці, ва ўсякім разе, Мінск паспрабуе ў звыклым стылі лёгкага шантажу выбіць пад гэту справу нейкіх новых вайсковых бразготак за бясцэнак.

Звыш усяго, перакідка 160 тысяч расійскіх салдатаў з тэхнікай да межаў НАТО была б парушэннем дамовы аб звычайных узбраеннях у Еўропе, зазначае Алесін. Захад стаў бы на вушы. Лукашэнку гэта зараз трэба?

Іншая рэч, што ва ўмовах суверэннай аўтакратыі і звышпрывязкі да вялікай суседкі любая пагалоска пра чарговую «здачу Беларусі» падае на спажыўную глебу. Зразумела, апазіцыйным палітыкам грэх не ўдарыць у звон. Але варта і з экспертамі кансультавацца, каб выглядаць у сваіх заявах не толькі патэтычна, але і болей-меней кампетэнтна.

Ну, тое, што беларускі афіцыйны бок праспаў з піяр-рэакцыяй на халасты стрэл Макарава — не дзіва. Так было і з дэвальвацыяй, і з заявай Кудрына. Надта няўклюдны гэты казённы агітпроп. А вось чаму Масква не стала выпраўляць ляп? Адсочвала рэакцыю?

ЗЫ. Калі іхні генштаб чытаў форум НН — то маглі і спалохацца :)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?