Фота BBC
У 2019 годзе гадавы экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі ў Японіі склаў усяго $8,79 мільярда — невялікая лічба для краіны з эканомікай памерам з японскую. Гэта лічба ўражвае, але традыцыйныя японскія селькагаспадарчыя метады застаюцца працаёмкімі, а сярэдні ўзрост работнікаў у гэтым сектары дасягнуў 67 гадоў.
Менавіта таму зацікаўленыя бакі вывучаюць шляхі мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі і павышэння прадукцыйнасці. Вытворцы ўсведамляюць неабходнасць пераходу ад мадэлі, калі прадукт з’яўляецца галоўным, да мадэлі, дзе галоўным становіцца спажывец, а інакш кажучы, да рынкава арыентаванай сельскай гаспадаркі. Якраз тэхналогіі адыгрываюць выключную ролю ў пераходзе да новага стылю вядзення сельскай гаспадаркі.
Прыклад актыўнага ўкаранення тэхналогій — японская ферма Bell Farm, якая займаецца вырошчваннем памідораў. Памідоры — другая па запатрабаванасці сельскагаспадарчая культура ў Японіі пасля рысу, піша BBC.
Bell Farm імкнецца рэалізаваць праект «разумнай сельскай гаспадаркі», які ўключае ў сябе аўтаматызацыю працэсу, што робіць яго больш лагічным, а затым яго аналіз і вывучэнне вынікаў.
З 2019 года Bell Farm выкарыстоўвае цяпліцы з клімат-кантролем, якія дазваляюць атрымліваць ураджай на працягу ўсяго года. Таксама актыўна прымяняюцца рабатызаваныя сартавальныя машыны, у якіх усталявана праграмнае забеспячэнне, што можа выяўляць, колькі цукру мае гародніна ў сваім складзе, заўважаць пашкоджанні, а таксама фіксаваць памер кожнага памідора.
Укараненне падобных тэхналогій у сельскай гаспадарцы значна эканоміць час, а таксама ўплывае на працоўную сілу. Змяншаецца патрэба ў фізічнай працы і колькасці работнікаў. У той жа час тэхналогіі даюць магчымасць увайсці ў сектар маладому пакаленню, якое не мае вопыту ў сельскай гаспадарцы, але падкаванае тэхнічна.
Будучы поспех японскага сельскагаспадарчага экспарту будзе залежыць ад якасці прадукцыі. Якраз сучасныя тэхналогіі і з’яўляюцца найбольш эфектыўным спосабам, каб дасягнуць міжнароднага прызнання. GLOBALG.A.P. — самая папулярная ў свеце праграма сертыфікацыі фермерскіх гаспадарак. Bell Farm ужо прайшла гэту сертыфікацыю, што дазваляе вытворцам распаўсюджваць сваю прадукцыю ва ўсім свеце.
Кацухіса Такесуэ, менеджар па працы з кліентамі ад GLOBALG.A.P., адзначае, што японская сельскагаспадарчая прадукцыя ўжо мае добрую рэпутацыю за мяжой з пункту гледжання смаку і выгляду.
«Калі вытворцы змогуць прадэманстраваць сусветнаму рынку, што іх прадукцыя адпавядае патрабаванням бяспекі харчовых прадуктаў, дабрабыту работнікаў, а таксама экалагічным стандартам — усё гэта складае аснову сельскагаспадарчага бізнэсу, то японскі брэнд будзе мець высокія пазіцыі ў свеце», — сцвярджае Кацухіса Такесуэ.
Японія ўжо паказала, што можа дасягнуць тэхналагічнай дасканаласці за кошт інавацый у вытворчасці. Верагодна, гэта дапаможа краіне вывесці сельскагаспадарчую прадукцыю на новы ўзровень шляхам рэалізацыі стабільнай круглагадовай вытворчасці і зніжэння залежнасці ад фізічнай працы і кліматычных умоў.