Як жа ў нашым рацыянальным жыццi не хапае цудаў i прыгод! Нездарма ж такiя папулярныя кнiгi пра далёкiя падарожжы i фiльмы пра адысеi адважных мараходаў. Многiя перакананыя, што адшукаць таямнiцы i дзiвосы магчыма толькi за «трыма акiянамi», у вечназялёных джунглях цi бяскрайнiх пустынях.

Памыляецеся, даражэнькiя, — так я вам з усёй адказнасцю скажу. Прыгоды i рамантыка — побач. Варта толькi адарвацца ад канапы, выключыць тэлевiзар i рушыць у падарожжа. Тады вас абавязкова чакаюць цiкавыя сустрэчы, неардынарныя людзi i самыя неверагодныя адкрыццi. У гэтым яшчэ раз пераканаўся, калi завiтаў у лясны край — на Бярэзiншчыну.

Мадэльер у вёсцы

Дабрацца да маленечкай вёскi Снуя не так i проста. Гэта толькi здаецца, што паселiшча па сённяшнiх мерках знаходзiцца лiтаральна «пад бокам» у сталiцы — усяго толькi 108 кiламетраў ад Мiнскай кальцавой. Калi дакладна не ведаеш маршруту, то лёгка можна збочыць i заблудзiць. Спачатку па шашы, дзе пасля дажджу пад гарачым сонцам лужыны лiтаральна на вачах пераўтваралiся ў пару i машыны рухалiся ў густым тумане. Пасля па гравiйцы, абапал якой — сасновы лес i нiводнага аўтамабiля насустрач.

Карацей кажучы, нават ад раённага цэнтра няблiзкi свет, але дарога вельмi маляўнiчая i настройвае на рамантычны лад. Паступова адступаюць жыццёвыя клопаты i штодзённыя турботы. Вось i Снуя — вёска на ўзбярэжжы Бярэзiны, у прамым сэнсе ў лесе стаiць. Рухаюся дакладна па паказальнiку «Сядзiба «Бярэзiнская» i трапляю на падворак, дзе чакае гаспадар — Дзмiтрый Казей. Прапануе прайсцi ў хату, але так не хочацца зноў у чатыры сцяны, таму сядаем у альтанцы.

Адсюль такiя краявiды, у якiх проста патанаеш. Цiшыня — ажно вушы з непрывычкi закладвае, ад чыстага паветра нават галава кружыцца.
Як толькi пачынаем размаўляць, адразу «падключаюцца» салаўi — адзiн перад адным высвiстваюць.

— Што, таксама праняло? — усмiхаецца Дзмiтрый Аляксандравiч. — Тое ж i са мною адбылося, калi пятнаццаць гадоў таму сюды ўпершыню трапiў. Цiкава, што за гэты час адчуванне нейкай дзiцячай радасцi не зменшылася. Мая гiсторыя тыповая: купiў газету, дзе ўбачыў аб’яву аб продажы дома. Прыехаў у Сную i, калi ўбачыў гэтыя мясцiны, адразу зразумеў, што колькi б нi запрасiлi грошай гаспадары, на любыя ўмовы пагаджуся. Тую здзелку лiчу адной з самых удалых у сваiм жыццi. Пачаў тут абуладкоўвацца, знаёмiцца з суседзямi‑вяскоўцамi i цяпер ужо па справядлiвасцi магу лiчыцца тутэйшым. Праўда, засталiся лiчаныя мясцовыя жыхары, больш людзей, якiя ў вольны час сюды на дачу прыязджаюць.

Дзмiтрый Казей па прафесii мадэльер. У свой час да яго з заказамi з усёй Беларусi звярталiся.
Аднак працаваў па спецыяльнасцi нядоўга, паколькi адчуў, што гэты занятак не для яго. Як толькi з’явiлася такая магчымасць, то арганiзаваў сваю справу. У бiзнэсе з самага пачатку — з канца 1990‑х. Асвойваў самыя розныя кiрункi, i даволi паспяхова атрымлiвалася. Але, напэўна, нешта карцела ў чалавека ў душы, калi ён нечакана для многiх вырашыў заняцца агратурызмам. Узяў крэдыт i паехаў у Сную.

Птушка гогаль

Сядзiба «Бярэзiнская» была афiцыйна зарэгiстраваная год таму — у маi 2008‑га. Да гэтага часу Дзмiтрый Казей закупiў неабходны спортiнвентар, зрабiў добрую лазню, сёе‑тое пераабсталяваў у доме. Як належыць падрыхтаваўся да прыёму гасцей, i турысты паехалi ва ўнiкальны куток некранутай прыроды. За гэты час тут пабывала некалькi сотняў чалавек. Нядрэнны вынiк за год працы, праўда? Людзей вабiць у Сную тое незабыўнае адчуванне спакою i прыгажосцi, якое ахоплiвае кожнага, хто хоць аднойчы сюды трапiў.

— Мясцiны проста выдатныя, — кажа Дзмiтрый Казей. — Можна ўбачыць рэдкiх птушак — чорнага бусла, шэрую чаплю, гогаля. Маляўнiчыя сасновыя лясы, у асобных частках — з бярэзнiкам.

Вёска старая, тут падчас вайны 1812 года французы кватаравалi. Непадалёк быў мост праз Бярэзiну, так што месца, можна сказаць, стратэгiчнае. У Вялiкую Айчынную i немцы тут «адзначылiся». Праўда, мост тады ўзарвалi i дасюль яго не аднавiлi. Можа яно лепш — далей ад цывiлiзацыi, а па рацэ ўсе тутэйшыя на лодках ходзяць.

А чаго здзiўляцца — спрадвеку жыццё жыхароў Снуi было звязана з велiчнай Бярэзiнай. Вудзiць рыбу яны вучылiся, мабыць, адначасова з тым, як рабiлi першыя няўпэўненыя крокi. Не страцiлi людзi тых звычак i дасюль. Дзмiтрый Казей таксама заўзяты рыбак. Пра сакрэты лоўлi можа расказваць гадзiнамi. Кажа, што хоць i аб’ездзiў усю Беларусь, а рыбацкiя рэкорды ўсе адсюль.

Ужо можаце здзiўляцца: шчупак — 10 кiло, судак — 6 кг, лешч — 4,5 кг. Такiх вынiкаў дасягнуць удалося нямногiм — любы прафесiянал рыбалкi аб гэтым скажа. Так што ў Сную iмкнуцца патрапiць аматары клёву. Толькi вось далёка не ва ўсiх атрымлiваецца. Праўда, з дапамогай Дзмiтрыя Аляксандравiча можна знайсцi нядрэнныя месцы. У гэтым месцы Бярэзiна мае шмат старыц. Акрамя ўжо узгаданых шчупака, судака i ляшча можна выцягнуць таксама плотку, язя, акуня, налiма, жэраха. Як вам такi спiс!

У гаспадара дзве маторкi, якiя ён ахвотна прапануе для рыбалкi. Пры жаданнi можна прыехаць i са сваёй лодкай. Выхад да вады тут жа каля падворка. Адчыняеш брамку i па прыступках спускаешся да рэчкi. Як заўважае Казей, на рыбалку нярэдка прыязджаюць сямейныя пары. Калi вы не аматар павудзiць, то можна на горным веласiпедзе кiламетры панакручваць, згуляць партыю ў тэнiс ды i проста ў футбол паганяць. Аднойчы ў Сную завiтаў самы сапраўдны англiчанiн.

— Усю сажалку мне шарыкамi ад гольфа закiдаў, — са смехам кажа гаспадар.

— А якiя ў яго ўражаннi былi?

— Цяжка сказаць, на твары нiякiх уражанняў я не заўважыў — ужо вельмi флегматычны чалавек. Я ж кажу — чыстакроўны англiчанiн з абавязковай клюшкай для гольфа. Уяўляеце?

Але ж, напэўна, i ў такога чалавека засталiся аб Снуi добрыя ўспамiны. Iнакш i быць не можа. Паколькi прыязджаюць сюды турысты не толькi ўлетку, але i зiмой. Узiмку тут таксама вельмi прыгожа. Можна з лазнi i ў палонку нырца даць, а таксама пасядзець у альтанцы каля агню. Гаспадар з задавальненнем пачастуе самай сапраўднай юшкай, якую гатуюць пры вас. А можаце i самi паўдзельнiчаць. Пры жаданнi магчыма замовiць стравы з вясковай печы: яешню з салам, бабку, калдуны. «Гатуем як для сябе, — кажа гаспадар. — Таму госцi ядуць так, што ажно за вушамi трашчыць». А што ж, апетыт тут лёгка нагуляеш ды i спiцца як пшанiцу прадаўшы.

Сын турэцкападданага

— Стаю на «нумары» i раптам бачу нешта на бярозе незвычайнае, — узгадвае Казей. — Падыходжу блiжэй i ажно мову адняло: шыльда, якую звычайна на могiлках выбiваюць, — iмя, прозвiшча i гады жыцця…

— Няўжо магiла, што пасля вайны засталася? Але чаму на бярозе? — не вытрымлiваю я.

— Цяжка сказаць чаму, але вы паслухайце, што за iмя i прозвiшча — Астап Бэндэр.

I тут у мяне таксама ў прамым сэнсе слова мову адняло, як у Дзмiтрыя Аляксандравiча падчас таго палявання. I памяць iмгненна выдала ўсiм вядомыя радкi з Iльфа i Пятрова: «У горад малады чалавек увайшоў у зялёным у талiю касцюме. Яго магутная шыя была некалькi разоў абгорнутая старым шарсцяным шалiкам, ногi былi ў лакавых чаравiках з замшавым верхам апельсiнавага колеру. Шкарпэтак пад чаравiкамi не было. У руцэ малады чалавек трымаў астралябiю… Звалi маладога чалавека Астап Бэндэр. Са сваёй бiяграфii ён звычайна паведамляў толькi адну падрабязнасць: «Мой бацька, — казаў ён, — быў турэцкападданы…».

Адразу прамiльгнулi шматлiкiя Астапы, якiх стварылi выдатныя акцёры. Асабiста мне больш за ўсiх падабаецца Бэндэр у выкананнi Сяргея Юрскага, не дзiўна, што менавiта яго твар тады ўзгадаўся. Памятаеце, як ён у мiлiцэйскай фуражцы завiтаў да Аляксандра Iванавiча Карэйкi? Але нешта я занадта кiнуўся ва ўспамiны, калi тут такi шанц патрапiць у месца, дзе, магчыма, калiсьцi ступала нага «вялiкага камбiнатара». Нiшто сабе прапанова! Гаспадар аграсядзiбы абяцаў паказаць фота, але грэх адмаўляцца ад таго, каб убачыць усё на ўласныя вочы.

Таму шпацыруем у лес. Блукаць давялося нядоўга, паколькi Дзмiтрый Аляксандравiч добра ведае дарогу. Выходзiм на ўскраек сасоннiку, дзе растуць бярозкi.

На адной з iх у невялiкiм дупле (магчыма, спецыяльна выдзеўбаным) тая самая шыльда: «Астап Бэндэр. 1897—1931». Зроблена дыхтоўна — тоўстая пласцiна з нержавейкi, прафесiйная гравiроўка. Як усё гэта магло аказацца ў лесе?

Версiй шмат, адна з iх — проста супадзенне iмя i прозвiшча. А можа сапраўды «вялiкi камбiнатар» знайшоў свой апошнi прытулак на Бярэзiншчыне. Месцiчы выказваюць i такое меркаванне: iшоў Астап Iбрагiмавiч, увесь абвешаны золатам на мiльён, да мяжы, ды не дайшоў.

Пра падзеi жыцця Бэндэра многiя ведаюць i ўспрымаюць яго як рэальнага чалавека — нiчога, што лiтаратурны герой.

Таму i ў мяне такое адчуванне, што ўдалося знайсцi сапраўдную магiлу Астапа‑Сулеймана‑Берта‑Марыi‑Бэндэр‑Бея — авантурыста, махляра i рамантыка, якога жывасць характару кiдала ў розныя бакi дзяржавы.
Не дзiўна, што ён апынуўся ў гэтых мясцiнах. Шыльда i ўвогуле таямнiчая не толькi таму, што зроблена дыхтоўна (калi гэта жарт, то абышоўся зусiм нятанна). Але тут не толькi гэтыя адметнасцi.

Рэч у тым, што гады жыцця камбiнатара вызначаны з дакладнасцю лiтаратуразнаўцы. Па‑першае, год нараджэння — 1897‑ы. У «Залатым цяляцi» восенню 1930 года Астап паведамляе Зосi Сiнiцынай: «Мне трыццаць тры гады, узрост Iсуса Хрыста…». Такiм чынам, шляхам няхiтрых падлiкаў атрымлiваем той самы 1897‑ы.

Лiтаратурнае жыццё Бэндэра сапраўды абрываецца ў 1931‑м, пасля няўдалай спробы перайсцi мяжу, каб пасля патрапiць у горад сваёй мары — Рыа‑дэ‑Жанейра. Так што супадзенне на шыльдзе поўнае.

Што зноў‑такi прымушае задумацца. Але, напэўна, нядрэнна, што i ў нас ёсць мясцiна, звязаная з цудоўным лiтаратурным героем. А вы кажаце, што немагчыма сёння патрапiць на дзiвосы…

Мікалай Літвінаў, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0