Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч сядзіць ужо чатыры месяцы. Тым не менш, нядаўна следства па яго справе было падоўжанае яшчэ на месяц, да 3 ліпеня.

Праваабаронца Алег Воўчак кажа, што нядаўна вырашалася пытанне аб завядзенні супраць ваўкавысца новай крымінальнай справы: «Гранатамёт, знойдзены недзе ў горадзе, хочуць павесіць на Мікалая. Доўга думалі, ці заводзіць гэтую справу, аднак пакуль усё пакінулі, як і было».

Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенку вінавацяць у падпалах і падрывах дамоў мясцовых чыноўнікаў Кацубы і Мандзіка. Апошнія не маюць прэтэнзій да арыштаваных — па справах ужо былі знойдзеныя вінаватыя.

«Падчас нядаўняга візіту пасла АБСЕ Шмідта да Аўтуховіча следчыя скардзіліся, што зняволены не хоча з імі супрацоўнічаць. Наколькі я разумею, гэтак яны кажуць пра тое, што Мікалай не хоча «браць на сябе» гранатамёт. Ідзе пастаянны ціск на Лявонава і Асіпенку», — расказвае Алег Воўчак.

Праваабаронца перакананы, калі б у следства былі доказы, яны б не сталі іх замоўчваць. «Не праводзіцца ніякіх следчых дзеянняў. Ні допытаў, ні вочных ставак. Вельмі падобна, што справа шытая белыя ніткамі. Але калі ёсць арыштаваныя, іх трэба ў нечым абвінаваціць, вось і знайшлі цяпер «гранатамёт», — гаворыць А.Воўчак.

Тым часам Мікалай Аўтуховіч не збіраецца спыняць галадоўку пратэсту, якая цягнецца ўжо 50 дзён.
Ён дамагаецца разгляду справы ў судзе ці змянення меры стрымання. «Мае намер галадаць да апошняга, — кажа адвакат вязня Павел Сапелка. — Вельмі знясілены. Ёсць праблемы з пячонкай».

«Я баюся за яго. Невядома, у які дзень могуць пачацца незваротныя працэсы ў арганізме, гэта ўжо вельмі небяспечная мяжа. Сем’і вельмі перажываюць, жонкі часта плачуць. Я прасіў Мікалая спыніць галадоўку, на волю яго трэба выцягнуць здаровага», — кажа А.Воўчак.

На ягоную думку, цяпер галоўную ролю ў вызваленні Аўтуховіча павінны сыграць замежныя дыпламаты і еўрапейскія палітыкі. У панядзелак, наведваючы Мінск, міністр замежных справаў Славеніі Самуэль Жбогар выказаў спадзяванне, што бліжэйшым часам «новыя палітвязні будуць вызваленыя».

ЗП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0