У дарожна‑транспартным здарэнні 9 чэрвеня ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці загінула чатырохгадовае дзіця.

Як паведаміў БелаПАН старшы інспектар УДАІ МУС Станіслаў Салавей, вечарам 9 чэрвеня 37‑гадовы вадзіцель аўтамабіля «Фальксваген‑Шаран», праязджаючы па вёсцы Варатын, на перакрыжаванні выехаў на паласу сустрэчнага руху.

«Там ён учыніў наезд на дзіця, якое рухалася па правым краі праезнай часткі ў сустрэчным напрамку на трохколавым веласіпедзе. Ад атрыманых траўм хлопчык памёр», — сказаў С.Салавей.

Паводле яго слоў, вадзіцель уцёк з месца ДТЗ, але быў знойдзены і затрыманы па месцы жыхарства. «У яго ўзяты біялагічныя ўзоры для ўстанаўлення фізічнага стану. Па факце ДТЗ распачата крымінальная справа, праводзіцца праверка», — паведаміў прадстаўнік ДАІ.

Паводле інфармацыі УДАІ МУС, за мінулыя суткі ў краіне ўчынена 20 ДТЗ, у якіх тры чалавекі загінулі і 24 атрымалі раненні.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0