Больш за паўтары тысячы чалавек звярнуліся па дапамогу да Камітэта абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» цягам трох апошніх гадоў.

«Мы сабраліся на нашу першую сустрэчу з журналістамі, дагэтуль нашу самую таямнічую арганізацыю здымалі толькі праз акно з двара» — такімі словамі пачала прэс‑канферэнцыю з нагоды 3‑годдзя заснавання Камітэта абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» яго кіраўніца Іна Кулей.

Паводле яе словаў, за тры гады дзейнасці камітэт пашырыў сферу дзейнасці ад асноўнага накірунку — абарона правоў на адукацыю пераследаваных па палітычных матывах студэнтаў і навучэнцаў, да аказання прававой, матэрыяльнай і медычнай дапамогі. Іна Кулей, а таксама іншыя сябры Рады камітэту распавялі, што здолеў зрабіць Камітэт ад красавіка 2006 году.

За 3 гады база звестак камітэту склала 1536 чалавек, найбольшая колькасць звярнулася ў 2006 г. (у год правядзення прэзідэнцкіх выбараў) — 971 чалавек.

У 2007 г. гэтая лічба склала 343 чалавекі, летась — 222.

Варта адзначыць, што 74% ад агульнай колькасці тых, хто звярнуўся па дапамогу, не належаць ні да адной партыі, ці арганізацыі. 2,5% не прайшлі праверку Рады камітэту, не здолеўшы давесці факт уціску з боку ўладаў.
Сярод атрымальнікаў дапамогі Камітэту з істотным адрывам перавагаюць мужчыны — 69%. 39% рэпрэсаваных маюць няскончаную вышэйшую адукацыю, 26% — скончылі ВНУ і 22% атрымалі сярэднюю адукацыю. Каля паловы ўдзельнікаў спісу Камітэту ў якасці дапамогі абралі навучанне — 49%, па матэрыяльную дапамогу звярнуўся 21%, працаўладкаваліся 15%, 9% атрымалі медычную дапамогу.
Галоўным вынікам сваёй дзейнасці, найперш арганізацыі навучання за мяжой, І. Кулей лічыць тое, што моладзь перастала баяцца.

Дзякуючы праграме Каліноўскага з 2006 г.больш чым паўтысячы маладых людзей трапілі на вучобу за мяжу.

Больш за ўсіх беларускіх студэнтаў у сябе прыняла Польшча — 377 чалавек,
82 студэнты навучаюцца ў віленскім ЕГУ, 40 чалавек працягваюць вучобу ва ўніверсітэтах Украіны, 17 чалавек паехалі ў Чэхію, 15 — у Эстонію. Таксама месцы для беларусаў вылучылі Аўстрыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Нямеччына, Латвія, Францыя, Расія, Румынія ды інш.

Каля 20% студэнтаў праграмы спынілі навучанне з розных прычынаў. «Але ў іх ёсць магчымасць аднавіцца. Мы ж са свайго боку далі ім такі шанец» — кажа І. Кулей. Сёлета 8 выпускнікоў праграмы Каліноўскага змогуць вярнуцца ў Беларусь, або застацца на стажаванне ў замежных кампаніях.

«Рэпрэсіі суцішыліся і гэта радуе, але яны ўсё адно ёсць» — заўважыла сяброўка Рады камітэту Эніра Браніцкая. Яна адзначыла, што асобныя выпадкі, той жа прыклад салігорскай праваабаронцы Яні Паляковай, яскрава сведчаць пра тое, што шараговы грамадзянін Беларусі зусім неабаронены перад рэпрэсіўным апаратам. Існуе праблема салідарнасці ўнутры краіны — калі польскія фірмы даволі ахвотна прымалі на працу звольненых за палітыку беларусаў, то ў самой Беларусі не знайшлося такой ніводнай.

На сустрэчы было агучанае пытанне каардынацыі дзейнасці праваабарончых арганізацый і незалежнай прэсы. У прыклад паспяховай супольнай працы быў прыведзены выпадак з аднаўленнем студэнта Баранавіцкага дзяржуніверсітэта Пятра Рузава.

Адной з адметнасцяў камітэта ўдзельнікі прэс‑канферэнцыі назвалі спрыянне самаарганізацыі грамадзянаў — вакол арганізацыі кансалідаваліся больш за 300 чалавек, пераважна бацькі, якія наведваюць палітычна матываваныя судовыя працэсы, аказваюць падтрымку арыштаваным у часе апазіцыйных акцый, наведваюць састарэлых вязняў ГУЛАГу. Акрамя таго набіраюць моц каардынацыйныя пункты ў рэгіёнах, якія часта дзейнічаюць на апярэджанне, папярэджваючы чыноўнікаў, выкладчыкаў навучальных установаў і супрацоўнікаў праваахоўных структураў пра недапушчальнасць парушэння правоў чалавека.

***

Незарэгістраваны Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» паўстаў 5 красавіка 2006 году пасля прэзідэнцкай кампаніі, калі сотні ўдзельнікаў сакавіцкіх падзеяў апынуліся пад арыштам, страцілі вучобу, былі звольненыя з працы. Акрамя аказання дапамогі па ўладкаванні на вучобу за мяжой, працаўладкаванні, матэрыяльнай і медычнай, юрыдычнай дапамогі рэпрэсаваным і іх сем’ям, займаецца выпускам бюлетэню, аднаўленнем сайту, якія інфармуюць пра факты палітычнага пераследу, акумулюе інфармацыю пра чыноўнікаў і сілавікоў, якія маюць непасрэднае дачыненне да такіх фактаў. Рада камітэту складаецца з прадстаўнікоў інтэлігенцыі, праваабарончых, студэнцкіх і грамадскіх аб’яднанняў.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0