8 сакавіка — гэты звычайна быў дзень, калі я сядаў у машыну, ехаў да свайго сябра, які займаецца продажам кветак, купляў дзвесце цюльпанаў розных колераў і пачынаўся марафон. Маці, жонка і яе сястра, цешча, жонка брата, дачка і шмат хто яшчэ. Ну, карацей, кожны мужык зразумее. Мне падабалася бачыць жаночыя ўсмешкі. А яны заўсёды з'яўляліся ў такія моманты. Вясна, сонейка, цюльпаны…

У гэты раз нешта пайшло не так. І па кветкі не зʼездзіць, і надворʼе нешта сапсавалася. Хаця за амаль пяць месяцаў за кратамі таго надворʼя амаль не бачыў. Вось такая праблема, якая на волі праблемай зусім не здаецца. Другая праблема: адсутнасць нармалёвай музыкі. Увесь час круцяць «Русское радио», ад якога ўжо ванітуе. Прабачце, набалела.

Ведаю, што вы вельмі хвалюецеся за мяне. Дарэмна. Калі гэта цана свабоды, калі гэта выпала на мой лёс — я спраўлюся. Разумееце, тут амаль няма зладзеяў. Тут усе ўсё разумеюць. Магчыма, нават больш разумеюць, чым на волі. Краты — вось чым яны думаюць запужаць беларусаў, якія імкнуцца быць свабоднымі. Але кратамі тут ужо нічога не выправіць. Як пасадзіць усю краіну?

Калі тут знаходзішся, то думаеш не пра сябе. За мяне тут ёсць каму думаць: будзяць, абшукваюць, даюць есці, зноў абшукваюць. Усе думкі аб тым, як вы там спраўляецеся: якія адзнакі ў Варвары? Ці трапляюць у асноўны склад на сваім футболе Мар’ян ды Сцёпа? Як там праца? Ці ўсё добра з нашым прыбіральнікам Васілём Іванавічам?

Часта вы пытаецеся, чым мне дапамагчы. Адказ просты: рабіце ўсё тое, што мы рабілі разам. Калі ў вас будзе ўсё добра, то і ў мяне настрой тут палепшае.

Дакладна ведаю, што цяжэй за ўсё маці. Яе стан пасля суда — гэта, можа быць, самы цяжкі момант за ўсе гэтыя пяць месяцаў. Матуля, давай дамовімся: я тут добра ем і нашу шапку (калі халоднае надвор’е), а ты спрабуеш трошкі менш хвалявацца. Добра?

Карацей, любімыя мае жанчыны, я віншую з 8 Сакавіка вас тут, на старонках «Новага Часу». Разумею, што зараз будзе менш усмешак не толькі ў маіх жанчын. Гэтую вясну ў нас забралі, і мы запомнім яе такой. Але я дакладна разумею, што зусім хутка прыйдзе час, калі ўсмешак стане вельмі-вельмі многа ва ўсёй Беларусі!

Са святам!

Адрас для лістоў Аляксею Беразінскаму: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.

Чытайце таксама:
Прысуд па самай таямнічай крыміналцы: тры з паловай гады калоніі прадпрымальніку са Ждановічаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0