Ёсць пэўныя крытэрыі, згодна з якімі відэа трапляюць у трэнды. Гэта мусіць быць арыгінальны кантэнт, цікавы шырокаму колу гледачоў, незвычайны ці нечаканы. Абразы і сцэны гвалту не дапускаюцца. Мае значэнне тое, якія суадносіны лайкаў-дызлайкаў, ці добра каментуецца.

«Уплывае, наколькі хутка відэа набірае абароты. Напрыклад, размова са Шрайбманам на канале Мікіты Мелказёрава «Жыццё-маліна» сабрала больш за 520 тысяч праглядаў, але яна не была ў трэндах. Сам канал, дарэчы, таксама, бо ён яшчэ не заўважаны ютубам.

Важны момант — наколькі відэа рэпосціцца ў іншыя сацыяльныя сеткі. Напрыклад, ютуб любіць, калі відэа шэрыцца ў фэйсбук. Што яшчэ заўважана: калі канал аднойчы трапіў у трэнды, то перыядычна будзе заходзіць туды зноў і зноў, як мы бачым з «Белсатам».

Але гэта складаная рабатызаваная сістэма, і нават супрацоўнікі ютуба не могуць дакладна сказаць, як яна працуе, бо гэта трымаецца ў таямніцы», — дзеліцца журналіст Віталь Зыблюк, які займаецца прадзюсаваннем ютуб-каналаў.

Калі відэа стаіць на платнай прамоцыі, гэта ніяк не гарантуе траплянне ў топ, бо для трэндаў улічваюцца толькі натуральныя прагляды.

Што звычайна глядзяць беларусы? Безумоўна, уплывае расійскае інфаполе, таму інтэрв’ю Юрыя Дудзя, кліпы поп-артыстаў, чэленджы Улада Бумагі заўсёды трапляюць у беларускія трэнды.

Але з чэрвеня мінулага года ўвага да свайго кантэнту, асабліва палітычнага, узрасла. Таму ў топе часта трымаюцца «Белсат», «Свабода Прэміум», блогер Марат Мінскі. Прабіваюцца і каналы з адносна невялікай колькасцю падпісантаў — напрыклад спартовы праект «ЧестнОк», Маргарыта Ляўчук з гумарыстычнымі прыпеўкамі. Раней у трэндах былі таксама стрымы Сяргея Ціханоўскага.

Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

«Калі адбываюцца ўсплескі палітычнай актыўнасці, то палітычны кантэнт выцясняе забаўляльны», — кажа суразмоўца.

За апошні год, дарэчы, ставілася некалькі рэкордаў па праглядзе беларускіх стрымаў.

«Адзін з першых быў, калі Сяргей Ціханоўскі выйшаў з сутак і зрабіў стрым — там было 30 тысяч гледачоў адначасова. У пікавыя моманты на «Радыё Свабода» збіралася каля 50 тысяч», — згадвае Віталь Зыблюк.

Фільм Сцяпана Пуцілы адначасова глядзела 100 тысяч карыстальнікаў.

«Беларускі ютуб кіруецца з маскоўскага офіса. У расійскіх ліберальных колах існуе перакананне, што ютуб рэгулюецца не толькі алгарытмамі, але і ўручную. Наколькі гэта справядліва, цяжка сказаць. Але вось якія мае назіранні.

Канал Сяргея Ціханоўскага трымаўся ўвесь час у трэндах, пакуль Ціханоўскі быў на волі. Калі Святлана стала кандыдаткай і пачала бурную дзейнасць, усё, што звязана з яе імем, стала трапляць у трэнды вельмі рэдка. Я быў здзіўлены, што інтэрв’ю з Гардонам прасачылася. Магчыма, калі б беларускі ютуб курыраваўся з Кіева, мы пабачылі б іншыя трэнды. Але гэта толькі тэорыя, якая не мае пацвярджэння», — заўважыў Зыблюк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?