Шэраг беларускіх вытворцаў прынялі рашэнне часова спыніць спробы ўвозу малочнай прадукцыі на тэрыторыю Расіі.
«На іх думку, у найбліжэйшыя два тыдні сітуацыя не вырашыцца. Таму некаторыя прадпрыемствы вырашылі накіраваць прадукцыю з абмежаваным тэрмінам прыгоднасці на перапрацоўку, у прыватнасці, малако — на масла, з мэтай замарозкі і наступнага складавання», — паведаміў БелаПАН спецыяліст у галіне продажу малочных прадуктаў Сяргей Ігнацьеў.
Як вядома, Расспажыўнагляд забараніў увоз на тэрыторыю Расіі больш як тысячы найменняў беларускай малочнай прадукцыі ў сувязі з невыкананнем беларускімі прадпрыемствамі патрабаванняў федэральнага закона «Тэхнічны рэгламент на малако і малочную прадукцыю» ад 12 чэрвеня 2008 года.
***
На прэс‑канферэнцыі ў Мінску 11 чэрвеня пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў паведаміў, што ўрэгуляваннем сітуацыі цяпер займаюцца наглядныя органы Беларусі і Расіі, а таксама прадпрыемствы, што пастаўляюць беларускія малочныя прадукты ў Расію.
«Галоўнае тут, безумоўна, абарона спажыўцоў, каб не атруціліся людзі, каб з імі нічога не здарылася, каб куплялі прадукцыю больш якасную», — заявіў Сурыкаў.
Пасол чакае, што сітуацыя з пастаўкамі беларускай малочнай прадукцыі на расійскі рынак вырашыцца ў найбліжэйшы час.Пры гэтым ён падкрэсліў, што не бачыць «ніякіх калізій» у гандлі малочнай прадукцыяй паміж Беларуссю і Расіяй. «Дзе вы тут бачыце калізію? За першы квартал гэтага года з Беларусі ў Расію паступіла малочнай прадукцыі ў пераліку на малако на 37% больш, чым у мінулым годзе. Няўжо гэта калізія? Гэта рэаліі», — заявіў Сурыкаў.
Паводле яго слоў, існуюць «некаторыя праблемы, якія трэба ўладзіць». Дыпламат асабліва адзначыў, што адносіны паміж міністэрствамі сельскай гаспадаркі Расіі і Беларусі «акрамя як добрымі не назавеш». «Усё ідзе сваёй чаргой. Але прэсе заўсёды цікава мусіраваць гарачыя факты. Я ледзь не захлынуўся ўжо ў гэтым малацэ, шчыра кажучы», — адзначыў Сурыкаў.