Уладлена Функ, асуджаная разам з амерыканскім юрыстам Эмануілам Зельцэрам, адседзеўшы свой тэрмін, раскрывае сенсацыйныя падрабязнасці сваёй справы.

— Уладлена, упершыню пасля свайго вызвалення з беларускай турмы Вы кажаце, што гатовая адказаць на ўсе пытанні прэсы, нягледзячы на падпіску пра нераскрыццё матэрыялаў крымінальнай справы. Чаму?

— Таму, што Эмануіл Зельцэр абвясціў галадоўку ў беларускай калоніі і фактычна гатовы памерці, каб давесці, што невінаваты. Яму ж да гэтага часу не выдалі копію прысуду! Я лічу, што, расказаўшы пра падрабязнасці справы, павялічваю яго шанцы выжыць. І я ўсведамляю, што за гэта мне пагражае крымінальная адказнасць.

— Вы з Зельцэрам апынуліся ў Мінску 12 сакавіка 2008 года. Па сваёй волі?

— Не. 11 сакавіка мы былі ў Лондане ў камандзіроўцы, сустракаліся з іншымі адвакатамі. Барыс Беразоўскі, які цягам апошніх гадоў жыве ў Вялікабрытаніі, даведаўшыся пра наш прыезд, вельмі настойліва прасіў пра сустрэчу з Эмануілам. Нагадаю, што Зельцэр да гэтага часу з’яўляецца адвакатам па пытаннях спадчыны Бадры Патаркацышвілі. Беразоўскі казаў, што ў яго ёсць прэтэнзіі на 50% гэтай спадчыны. Пры гэтым, паводле тэстаменту, па 25% атрымліваюць абедзве жонкі Патаркацышвілі, а 50% размяркоўваецца паміж дзецьмі і сваякамі. Зельцэра сярод спадкаемцаў, безумоўна, няма.

Эмануіл некалькі разоў адмаўляўся ад сустрэчы з Беразоўскім, спасылаючыся на занятасць, але ў нейкі момант усё ж такі вырашыў з ім сустрэцца. Я думаю, што падчас гэтай сустрэчы, на якой прысутнічалі і іншыя людзі, нам штосьці падсыпалі ў ежу і напоі. Хто гэта зрабіў, няхай разбіраецца следства.

Але ў выніку я апрытомнела ў самалёце Беразоўскага, які ляцеў у Мінск. Побач знаходзіўся ў непрытомнасці Зельцэр.

— Арыгінал тэстаменту Патаркацышвілі ў вас быў з сабой?

— Арыгінал быў у Эмануіла, але я не ведаю, ці быў ён пры ім падчас пералёту ў Мінск. Тым не менш, з 11 сакавіка 2008 года ў Лондане гэты дакумент больш ніхто не бачыў.

— Дзе і як вас затрымалі?

— Калі мы прызямліліся ў Мінску,

у салон самалёта зайшлі людзі ў цывільным і сілай выцягнулі мяне ў машыну з зацененымі вокнамі.

Ніхто не патлумачыў, куды мяне вязуць, з якой нагоды і што з Зельцэрам. Прывезлі адразу ў КДБ, дзе я знаходзілася з 12 сакавіка да лістапада.

— Як з Вамі там абыходзіліся?

— Ніхто не тлумачыў, на якой падставе я затрыманая, нібыта я закладніца. Праз 8 дзён мне дазволілі сустрэчу з адвакатам Дзмітрыем Гарачкам. На ўсе просьбы пра сустрэчу з прадстаўніком расійскага консульства ці пра званок родным мне казалі, што нельга. На допытах ад мяне патрабавалі падпісаць заяву пра тое, што Зельцэр і Джозэф Кей (далёкі сваяк Патаркацышвілі, прызначаны распараджацца спадчынай. — БелаПАН) — махляры, якія падробліваюць дакументы. Толькі ў гэтым выпадку мне абяцалі «чым‑небудзь дапамагчы», іначай, маўляў, справа дойдзе да суду, а КДБ не можа сабе дазволіць, каб па іх справах выносіліся апраўдальныя прысуды, таму мяне чакае тэрмін у беларускай турме. Што ў выніку і адбылося.

Думаю, ні для кога не сакрэт, што ў следчым ізалятары КДБ відэаназіранне і праслухоўванне вядуцца 24 гадзіны на суткі. Першы месяц у камеры я была адна, а потым на 2 тыдні да мяне падсадзілі жанчыну, якая мэтаскіравана спрабавала высветліць, што я ведаю. Яна ўпэўнівала мяне, што я павінна супрацоўнічаць са следствам, іначай, маўляў, мне не пазбегнуць гвалту.

«Папярэджвала», што аднойчы мяне адвядуць у сутарэнне, дзе згвалтуюць адразу восем мужчын.

— У якой форме праходзілі допыты?

— Мне з самага пачатку казалі, што мая асоба КДБ не асабліва цікавіць, ім патрэбныя іншыя людзі, і лепш «па‑добраму ўсё падпісаць». Таксама мне далі зразумець, што Беразоўскі сябруе з найвышэйшым кіраўніцтвам краіны.

Я думаю, Зельцэр як юрыст Патаркацышвілі ўяўляе сабой велізарную небяспеку для Беразоўскага, які хоча атрымаць кантроль над спадчынай. Ва ўсіх дэмакратычных краінах падобныя пытанні развязваюцца ў судовым парадку — у Эмануіла дастаткова доказаў, што ў Беразоўскага няма правоў на спадчыну Патаркацышвілі.

На трэці дзень мне зрабілі паказальную экскурсію па ізалятары КДБ і на экране паказалі пакой, дзе, як я разумею, праходзіў допыт Зельцэра. Мяркуючы па позе, ён быў без прытомнасці: з апушчанай галавой сядзеў на крэсле, двое ахоўнікаў трымалі яго за плечы. Вяглядала гэта так, нібыта калі яны адпусцяць яго, ён упадзе на падлогу. Яшчэ адзін чалавек трымаў перад ім кантэйнер з лекамі.

Мне сказалі, што Зельцэр атрымае лекі, калі падпіша поўнае прызнанне пра тое, што ён і Кей падрабілі тэстамент Патаркацышвілі.

— Як праходзіў суд?

— У закрытым рэжыме. Так нібыта трэба было, каб захаваць інкогніта сведкаў ад дзяржабвінавачання, у тым ліку Беразоўскага, які ў Расіі лічыцца злачынцам і якога расшукваюць па лініі Інтэрполу.

У залу суду Беразоўскі прыйшоў у атачэнні ўзброенай аховы.
Па сутнасці, ён не мог нічога засведчыць па абвінавачанні ў камерцыйным шпіянажы. З яго словаў, Бадры Патаркацышвілі меў інвестыцыі ў памеры 150 мільёнаў даляраў ЗША ў нафтаперапрацоўчай галіне ў Беларусі, і яны нібыта былі ўкладзеныя ў прадпрыемства «Нафтан». Гэта былі паказанні на словах, адпаведных дакументаў не было. Аднак суд у Нью‑Ёрку мае інфармацыю пра ўсе актывы Патаркацышвілі: у Беларусі ў яго ўласнасці няма.

— А якое дачыненне гэты факт мае да вашага абвінавачання?

— Гэтага я не зразумела нават адседзеўшы тэрмін. Абвінавачанне ў камерцыйным шпіянажы грунтавалася на паказаннях нейкага Шастакова. Першы раз я яго ўбачыла на адным з допытаў. Па справе Шастакоў праходзіў як сведка, аднак на самім судзе яго не было. З яго паказанняў вынікала, што падчас сустрэчы з ім Зельцэр прапаноўваў яму хабар за канфідэнцыйную інфармацыю пра нафтаперапрацоўчую галіну Беларусі і, у прыватнасці, пра актывы і маёмасць Бадры Патаркацышвілі.

Мы ўсё адмаўлялі — і сам факт сустрэчы з Шастаковым, і зацікаўленасць ў гэтай інфармацыі. Цяпер дакладна вядома, што ў Патаркацышвілі няма ўласнасці ў Беларусі. Але як я магу штосьці абвергнуць? Шастакоў кажа, што Зельцэр прапаноўваў яму хабар, Зельцэр кажа, што ўвогуле яго не ведае. Суд палічыў паказанні сведкі больш праўдзівымі…

А мне здаецца, летам я пазнала «Шастакова» па фотаздымку ў газеце: гэта высокі беларускі чыноўнік, і ў яго іншае прозвішча.

Па другім абвінавачанні — у выкарыстанні заведама падробных дакументаў — вялося пра тэстамент Патаркацышвілі, якое было складзена 14 лістапада 2007 года ў Нью‑Ёрку і нібыта падроблена Зельцэрам і Кеем, якія самі паводле гэтай паперы нічога не атрымліваюць. Больш за тое, у грузінскім судзе пасля дзвюх апеляцыяў, грунтоўных паседжанняў са сведкамі і экспертамі было даказана, што тэстамент сапраўдны. Наш адвакат Дзмітрый Гарачка прывёз рашэнне грузінскага суду, але суддзя не ўключыў гэтыя дакументы ў судовую справу.

Арыгінал тэстаменту Патаркацышвілі ў справе не фігураваў, нас судзілі за адсканаваную копію, якая была ў кампутары Эмануіла.
Гарачка гаварыў пра тое, што паводле беларускага заканадаўства копія не можа разглядацца як афіцыйны дакумент, бо на ім няма сапраўдных пячатак і подпісаў.

Але ў мяне склалася ўражанне, што доказы нашай невінаватасці нікога не цікавілі. Вялікі філосаф Гегель казаў, што ступень факту часта важнейшая за сам факт. Мабыць, акурат гэта датычыць Беларусі: людзі ведаюць пра несправядлівасці ў краіне, але проста не ведаюць іх ступені.

Цяпер гісторыя працягваецца: адвакат Эмануіла зрабіў запыт у Мінгарсуд, патрэбны дакумент, каб разгледзець пытанне пра тое, ці падлягае Зельцэр амністыі, а дакумент ідзе з Мінску ў Магілёў ужо тры тыдні…

Я разумею, што за ўсім гэтым стаіць барацьба за вялікія грошы, у якой могуць удзельнічаць беларускія чыноўнікі.
У розных краінах ідуць суды, спадчыны Патаркацышвілі яшчэ ніхто не атрымаў. Калі Зельцэр выйдзе на волю, то будзе больш шанцаў на тое, што гэтую спадчыну размяркуюць справядліва і паводле волі нябожчыка.

***

Эмануіл Зельцэр з’яўляецца адвакатам грамадзяніна ЗША Джозэфа Кея — далёкага сваяка грузінскага бізнэсмена Бадры Патаркацышвілі. Пасля смерці 12 лютага 2008 г. Патаркацышвілі Дж.Кей прад’явіў дакументы, паводле якіх ён прызначаны выканаўцам тэстамента памерлага. Дакументы былі складзеныя Зельцэрам, аднак сваякі Патаркацышвілі абвесцілі іх падробкай, пасля чаго Зельцэр быў затрыманы ў Мінску.

Мяркуецца, што Зельцэр прыляцеў у Беларусь па справах, звязаных з тэстаментам Патаркацышвілі. Між тым, суд Тбілісі ў траўні і ў лютым (паўторна) прызнаў Кея выканаўцам тэстамента, пацвердзіўшы тым самым сапраўднасць дакументаў.

Сваякі Зельцэра абвінавачваюць у дачыненні да яго арышту кампаньёна Патаркацышвілі — расійскага бізнэсмена Барыса Беразоўскага. Паводле іх інфармацыі, той прыязджаў на судовы працэс у Мінск для давання паказанняў і наведваў Зельцэра ў следчым ізалятары КДБ. Беразоўскі і афіцыйныя беларускія структуры не пацвярджаюць і не аспрэчваюць гэтыя звесткі.

Бадры Патаркацышвілі лічыўся найбагацейшым чалавекам Грузіі. Паводле звестак СМІ, яго маёмасць складае 12 мільярдаў даляраў.

***

Цераз кампанію Bell Pottinger БелаПАН звярнуўся да Барыса Беразоўскага па каментар, але адказу пакуль не было.

Кіраўнік цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязей КДБ Валеры Надтачаеў назваў БелаПАН «небыліцамі» аповед Функ пра ўтрыманне ў ізалятары КДБ. Паводле яго словаў, яна «магла б з поспехам пісаць казкі разам з братамі Грым».

***

Зельцэр і Функ былі затрыманыя 12 сакавіка 2008 года. 11 жніўня за выкарыстанне загадзя ілжывых дакументаў і замах на камерцыйны шпіянаж Зельцэр быў прысуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі, Функ — да аднаго. Сваёй віны яны не прызналі.

31 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі пакінуў прысуд у сіле. Усе судовыя працэсы прайшлі ў зачыненым рэжыме.

Амерыканскаму грамадзяніну таксама інкрымінавалася кантрабанда наркатычных сродкаў. Аднак суд апраўдаў яго, не прызнаўшы наркотыкамі таблеткі, якія Зельцэр прымае апошнія 15 гадоў.

ЗША неаднаразова заклікалі беларускія ўлады вызваліць Э.Зельцэра з меркаванняў гуманнасці, паколькі ў зняволенні яго здароўе сур’ёзна пагоршылася.

Беларускія навіны

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру