Дацкія інвестыцыйныя фонды BankInvest, Jyske Invest і Sparinvest прадалі аблігацыі, набытыя перад выбарамі-2020. Пра гэта паведамілі адразу дзве буйныя газеты Даніі — Berlingske і Børsen.Сумы склалі 54 мільёны дацкіх крон, 10 мільёнаў дацкіх крон і 7,5 мільёна дацкіх крон адпаведна. Агулам гэта каля 10 мільёнаў еўра.

Хто стаў новым уласнікам гэтых аблігацый, пакуль невядома.

«Перад выбарамі быў некаторы аптымізм у дачыненні да таго, што выбары ў Беларусі могуць прайсці справядліва, але ўсё скончылася масавымі фальсіфікацыямі, а пазней — гвалтам супраць нязгодных з фальсіфікацыямі. Вось чаму адразу пасля выбараў мы пачалі працэс продажу беларускіх дзяржаблігацый, які цалкам скончыўся ў кастрычніку 2020 года», — распавёў прадстаўнік BankInvest.

«На гэты момант у нас няма беларускіх дзяржаўных аблігацый. Мы пачалі працэс продажу партфеля еўрабондаў Беларусі пасля выбараў у жніўні 2020, і 4 сакавіка завяршылі працэс. Мы гэта зрабілі, паколькі, паводле нашых ацэнак, сітуацыя ў Беларусі не адпавядае нашым прынцыпам інвеставання», — патлумачыў генеральны дырэктар Sparinvest.

Міністр замежных спраў Даніі Епэ Кофад пахваліў інвестфонды, якія адмовіліся ад дзяржаблігацый Беларусі:

«Я рады, што гэты сігнал быў пачуты ў шэрагу інвестыцыйных асацыяцый. Лічу, што мы павінны прыкласці ўсе намаганні, каб прадухіліць нават ненаўмысную падтрымку злачынстваў рэжыму Лукашэнкі».

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне працягвае кампанію па працы з інвестыцыйнымі фондамі, якія перад выбарамі купілі беларускія аблігацыі на $1,2 мільярда. Латушка і паплечнікі даводзяць, што атрыманыя грошы пайшлі не на рэфінансаванне знешняга доўгу, як гэта было заяўлена ў праспекце эмісіі, а на рэпрэсіі супраць беларускага народа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0