Назва адсылае да вядомай песні «Паўцарства», а другой часткай — да альбома «Праўдзівая гісторыя аб тым, як у Карлсана ўкралі камбінезон». Кніга ж прадстаўляецца як «амаль праўдзівая», таму што пра адны і тыя ж падзеі розныя суразмоўцы тут расказваюць па-рознаму.

Павел Валатовіч, што некалі займаўся фан-сайтам гурта і пэўны час адміністраваў афіцыйны сайт Neuro Dubel, пачаў пісаць кнігу яшчэ ў сярэдзіне 2000-х, але тады з пэўных прычын яна не паўстала. Вярнуцца да матэрыялу давялося пасля смерці вакаліста Юрыя Навумава ў мінулым годзе.

«Паводле маіх асабістых уражанняў, недзе з 1998 да 2003 год, калі вынесці за дужкі N.R.M. і «Ляпіса Трубяцкога», гэта быў самы папулярны беларускі гурт, — кажа Павел Валатовіч. — Менавіта гэты час я заспеў, калі пачаў слухаць Neuro Dubel сам. Я быў сведкам таго, як літаральна за некалькі гадоў ад падвалаў і непрафесійных кватэрных запісаў яны прыйшлі да піку папулярнасці. Амаль што праз дваццаць гадоў мы змаглі ментальна вярнуцца ў тыя часы».

З дапамогай трыццаці двух інтэрв’ю кніга расказвае пра ўсіх удзельнікаў гурта, ва ўспамінах гаворка ідзе і пра музыку, і пра асабістае жыццё, і пра алкаголь-наркотыкі. «Нам было важна расказаць пра кожнага і па магчымасці з кожным паразмаўляць, — кажа Аляксей Кавалёў. — Мы ніколі не мелі непасрэднага дачынення да гурта і гэта добра, бо дазволіла нам быць максімальна незалежнымі ад сваіх уласных ацэнак. Ад сябе мы сказалі толькі пару слоў у пачатку».

Павел згадвае, як адзін з першых чытачоў, сябар Аляксандра Кулінковіча, падзяліўся, што «Вялізны цень» стварае ўражанне, быццам ты сядзіш з яго героямі ля вогнішча і слухаеш гісторыі, якія яны табе расказваюць.

Паводле выдавецтва «Янушкевіч», «такой унікальнай кнігі ў выдавецтве яшчэ не выходзіла». Вокладку зрабіла Наталля Паваляева — аўтарка вокладак першых альбомаў Neuro Dubel. Выданне выйшла накладам у пяцьсот экзэмпляраў і цяпер даступнае ў продажы.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?