Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

У 1931 годзе савецкія навукоўцы пачалі актыўна шукаць крыніцу каўчуку, якая б дапамагла СССР стаць самадастатковым у ключавых гумавых матэрыялах, піша DW.

Даследчыкі пратэсціравалі больш за 1000 розных відаў раслін, каб знайсці альтэрнатыву гевеі — каўчукаваму дрэву, якое расце ў экватарыяльных лясах.

У выніку патрэбную расліну навукоўцы знайшлі ў Казахстане — гэта быў кок-сагыз. Выявілася, што гэта блізкі сваяк звычайнага дзьмухаўца, які не патрабуе асаблівых умоў для вырошчвання.

Ужо ў 1941 годзе 30% каўчуку СССР атрымліваў ад кок-сагызу. Падчас вайны гэта пабудзіла і іншыя краіны вырошчваць дзьмухаўцы і атрымліваць з іх гуму.

Беларускія калгаснікі таксама намучыліся з тым кок-сагызам. Аднак, калі вайна скончылася, СССР зноў пачаў імпартаваць каўчук гевеі, бо гэта абыходзілася танней.

Цяпер жа попыт на каўчук расце ўсё больш, асабліва з боку шыннай прамысловасці, якая спажывае 70% сусветнай вытворчасці каўчуку. Таму зноў вяртаецца цікавасць да вытворчасці гумы з дзьмухаўцоў.

На сёння 90% натуральнага каўчуку прамысловасць атрымлівае з плантацый гевеі ў Паўднёва-Усходняй Азіі. Каб стварыць гэтыя плантацыі, там высякаюць лясы, таму эколагі патрабуюць, каб каўчуку знайшлі альтэрнатыву.

Больш за тое, каўчукавыя дрэвы ўразлівыя да грыбковых хвароб, якія знішчылі цэлыя плантацыі раслін у Паўднёвай Амерыцы. Таму вытворцы шукаюць шляхі, каб не быць залежнымі ад адной культуры з невялікай генетычнай разнастайнасцю, якую можна вырошчваць толькі ў пэўным геаграфічным рэгіёне.

У апошнія гады ў Еўропе і ЗША ствараюцца праекты, каб пашырыць вытворчасць каўчуку з дзьмухаўцоў.

Адзін з такіх праектаў — Taraxagum, які аб’ядноўвае намаганні нямецкага вытворцы шын Continental Tires і Інстытута малекулярнай біялогіі ў Аахене.

Continental Tires ужо выкарыстоўвае гуму з дзьмухаўцоў для вытворчасці шын для ровара, а таксама паведамляе пра шматабяцальныя вынікі выпрабаванняў шын для грузавікоў.

У адрозненне ад гевеі, кок-сагыз можна вырошчваць ва ўмовах умеранага клімату. Да таго ж, расліне не патрэбныя ўрадлівыя землі. Як сцвярджаюць вытворцы, дзьмухаўцы можна вырошчваць нават на забруджаных землях, дзе раней размяшчаліся прамысловыя аб’екты.

Больш за тое, для вылучэння каўчуку з дзьмухаўцоў не патрабуецца шмат хімікатаў, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе, як у выпадку з гевеяй. Каўчук з кок-сагызу атрымліваюць шляхам механічнага драбнення каранёў і экстракцыі гарачай вадой.

Аднак гума з дзьмухаўцоў мае іншыя экалагічныя праблемы. Пры выкарыстанні шын навакольнае асяроддзе забруджваецца мікрапластыкам, які пераносіцца ў паветры і трапляе ў акіяны.

Да таго ж, у вытворчасці шын выкарыстоўваецца сумесь з натуральнага каўчуку і сінтэтычнага. Такую сумесь складана перапрацоўваць, таму большасць шын пасля эксплуатацыі трапляюць на сметнік.

Вытворчасць гумы з дзьмухаўцоў пакуль што не заўсёды акупляецца. Таму эксперты шукаюць варыянты як паляпшэння тэхналогій вырошчвання гэтай расліны, так і стварэння на яе аснове больш эфектыўных матэрыялаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0