Выйшаў зборнік прозы найцікавейшых літаратараў Паўночнага Каралеўства.

З 20 траўня да 17 чэрвеня ў нашай краіне праходзяць Дні культуры Швецыі. У межах іх літаратурнай часткі 9 чэрвеня ў Мінску адбылася прэзентацыя зборніка прозы найцікавейшых літаратараў Паўночнага Каралеўства пад назвай «Сучаснае шведскае апавяданне». Кніга сталася вынікам сумеснага праекту Цэнтра шведскіх доследаў у Мiнску і выдавецтва «Галіяфы» пры падтрымцы Дзяржаўнай рады культуры Швецыі.

Гэта першы зборнік сучаснага шведскага апавядання, выдадзены на беларускай мове. У кнігу ўвайшлі чатырнаццаць навелаў, што, на погляд аўтараў праекта «раскрываюць самыя значныя тэндэнцыі новай шведскай прозы»: «пачуццё знаходжання ў рэчаіснасці, неаддзеленай ад сну, і адчуванне нерэальнасці, дзе моўных сродкаў ужо не стае». Аўтарамі твораў з’яўляюцца вядомыя шведскія пісьменнікі: Петэр Энглюнд, Сесілія Давідсан, Эрык Лёвендаль, Анна Руус, Улін Стыг і г.д. У сваіх творах яны імкнуцца выявіць «абсурднасць існавання ў часе сацыяльных зменаў», паказаць «драматызм штодзённага жыцця» звычайнага чалавека, акрэсліць канфлікты, якія ўзнікаюць нават у самым блізкім для чалавека асяродку.

Падрыхтоўка зборніка сталася дэбютам для многіх маладых перакладчыкаў. Як распавядае куратар праекту ад Цэнтра шведскіх доследаў, перакладчык Вольга Рызмакова (Цвірка), над творамі працавалі пераважна ўдзельнікі курсаў шведскай мовы, што ўжо працяглы час дзейнічаюць пры цэнтры. Аднак збоку не засталіся таксама выкладчыкі, сябры ўстановы ды студэнты Белдзяржуніверсітэту.

Перакладамі са шведскай мовы ў цэнтры пачалі займацца два гады таму. Ладзілі конкурс, праводзілі заняткі з удзелам такіх знаных беларускіх асобаў як Лявон Баршчэўскі, Уладзімер Арлоў, нават выдалі маленькую кніжку з перакладамі. Аднак усё гэта не выходзіла за межы аматарскай дзейнасці. «Хацелася працаваць больш сур’ёзна, не толькі для сябе, а і для шырокага кола», — кажа Вольга. Таму прапанова выдавецтва «Галіяфы» разам падрыхтаваць зборнік сучаснай шведскай прозы прагучала вельмі дарэчы.

«З рады культуры Швецыі нам далі спіс найбольш папулярных шведскіх пісьменнікаў. Для зборніку я абрала тых, чые апавяданні найцікавей маглі распавесці беларускаму чытачу пра Швецыю», — распавядае пра крытэры складання зборніка Вольга.

У кнігу леглі навелы дванаццаці сучасных пісьменнікаў. Працаваць удзельнікам праекту давялося хутка і зладжана — вельмі хацелася паспець да культурных дзён Швецыі. Таму зборнік быў падрыхтаваны ўсяго за тры месяцы. Што тычыцца аўтарскіх правоў, то іх увогуле атрымалі ў рэкордна хуткі тэрмін, распавядае куратар праекта ад выдавецтва «Галіяфы» Міхась Башура. І гэта яшчэ раз сведчыць пра тое, што зацікаўленасць з боку Швецыі ў мацаванні культурных стасункаў з Беларуссю, пра якую казала прадстаўніца Шведскага інстытуту Юдыф Блэк падчас Дзён Швецыі, — не проста словы.

Што ж тычыцца зборніка «Сучаснае швэдзкае апавяданьне», то навелам, якія туды ўвайшлі, рэдактар кнігі Валянцін Акудовіч даў такую характарыстыку:

— Шведская літаратура засяроджаная, найперш, на выяўленні экзістэнцыяльных перажыванняў чалавека. У цэнтры — драма сям’і і асобы. Але, у той жа час, адчуваецца перманентнае чаканне глабальнай катастрофы, і гэта здзіўляе беларускага чытача. Бо

наша літаратура, зрэпрэсаваная, у якой герой увесь час бядуе, усё ж такі імкнецца данесці, што «загляне сонца і ў наша ваконца». Магчыма, гэта адбываецца таму, што для беларусаў адчуванне катастрофы сталася ўжо звыклым. Праблемы яны ўспрымаюць па прынцыпе: адной больш, адной менш… Шведскі ж герой нібыта ўвесь час забягае наперад, чакае ў трывозе, калі ж «ляснецца» гэтае яго спакойнае існаванне.
І названая акалічнасць дадае пэўны нерв шведскай літаратуры.

Дарэчы, у хуткім часе ў беларускіх аматараў паўночнай літаратуры будзе магчымасць пазнаёміцца і з іншымі яе жанрамі. Як абяцае Міхась Башура, неўзабаве ў выдавецтве «Галіяфы» выйдуць зборнікі шведскай драматургіі ды паэзіі.

І гэта не адзінае, чаго варта чакаць. Вольга Рызмакова прызналася, што зараз яна занятая перакладам рамана Мікаэля Ніэмі «Папулярная музыка з Вітулы». Пралог да кнігі ўжо зачытваўся на шведска-беларускіх літаратурных днях і меў поспех.

Як бачым, аматары «шведскага драматызму» не застануцца без навінак. Калі ж вы не хочаце марнаваць час у чаканні, можаце, пакуль тое, заняцца самастойным вывучэннем мовы гэтай, ужо крыху бліжэйшай да нас краіны. У красавіку ў выдавецтве «Радыёла-плюс» свет пабачыла «Кароткая граматыка швэдзкай мовы», якую, дарэчы, таксама склала Вольга Рызмакова.

Сучаснае швэдзкае апавяданьне. — Мінск: «Галіяфы», 2009

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?