Горад Мінеапаліс выплаціць сям'і афраамерыканца Джорджа Флойда, які памёр ад задушвання паліцыянтам, кампенсацыю ў памеры $27 мільёнаў. Такое рашэнне гарадскі савет аднагалосна прыняў на пасяджэнні ў пятніцу, 12 сакавіка.

Выплата адбудзецца ў межах дасудовага ўрэгулявання пазову, пададзенага сваякамі Флойда. «Гэта гістарычнае пагадненне, самае буйное дасудовае пагадненне ў гісторыі ЗША па грамадзянскім пазове аб гвалтоўнай смерці, якое ўяўляе сабой заяву аб тым, што жыццё Джорджа Флойда мела значэнне, а значыць, і жыцці чарнаскурых маюць значэнне (у арыгінале — Black lives matter)», — пракаментаваў кампенсацыю адвакат сям'і загінулага Бэн Крамп.

Джордж Флойд памёр 25 мая ў Мінеапалісе пасля таго, як, паводле звестак следства, паліцыянт Дэрэк Шавін цягам амаль дзевяці хвілін душыў яго каленам пры затрыманні. Гібель Флойда атрымала шырокую агалоску дзякуючы відэазапісам відавочцаў. Галоўнаму фігуранту выставілі абвінавачванне ў забойстве другой ступені, тром астатнім — у дапамозе ў забойстве.

У адпаведнасці з заканадаўствам ЗША, забойства другой ступені азначае, што яно было здзейснена наўмысна, але без папярэдняга намеру, прычым намер заключаўся ў прычыненні фізічнай шкоды пры поўнай абыякавасці да чалавечага жыцця. Усім падазраваным пагражаюць працяглыя тэрміны зняволення. Суд над Дэрэкам Шавінам пачаўся 8 сакавіка.

Трагедыя ў найбуйнейшым горадзе штата Мінесота выклікала ў краіне хвалю пратэстаў супраць расізму і паліцэйскага гвалту — пераважна пад лозунгамі руху за грамадзянскія правы Black Lives Matter («Жыцці чарнаскурых маюць значэнне»). Дэманстрацыі перарасталі ў беспарадкі і сутыкненні з паліцыяй. Пазней падобныя пратэсты прайшлі ў многіх іншых краінах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0