Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

За галоўную ўзнагароду «Найлепшы фільм» будуць змагацца кінакарціны «Манк», «Бацька», «Іуда і чорны месія», «Мінары», «Дзяўчына падае надзеі», «Суд над чыкагскай сямёркай», «Зямля качэўнікаў» і «Гук металу».

Лідарам па колькасці намінацый стаў фільм «Манк» рэжысёра Дэвіда Фінчара. Гэты чорна-белы фільм ад Netflix распавядае гісторыю сцэнарыста Германа Дж. Манкевіча, які працаваў над сцэнаром да фільма «Грамадзянін Кейн». Агулам «Манк» атрымаў 10 намінацый, у тым ліку за найлепшую рэжысуру, паведамляе The Wall Street Journal.

Фільм «Зямля качэўнікаў» рэжысёркі Хлоі Чжаа, які нядаўна атрымаў прэмію «Залаты глобус» за найлепшую драму, а таксама сабраў шмат станоўчых водгукаў кінакрытыкаў, замацаваў свой статус прэтэндэнта на прэмію «Оскар». Гэту карціну намінавалі ва ўсіх ключавых катэгорыях: за найлепшую рэжысуру, сцэнар і мантаж.

У намінацыю «Найлепшы рэжысёр», акрамя Дэвіда Фінчара і Хлоі Чжаа, таксама трапілі Томас Вінтэрберг («Яшчэ адзін раўнд»), Эміральд Фэнэл («Дзяўчына падае надзеі») і Лі Айзэк Чун («Мінары»). Гэта першы выпадак, калі ў адзін год за найлепшую рэжысуру намінавалі больш за адну жанчыну. Агулам толькі 5 жанчын траплялі ў гэту намінацыю за ўсю гісторыю прэміі.

Чэдвік Боўзман, які памёр летась ва ўзросце 43 гадоў, быў намінаваны за найлепшую мужчынскую ролю ў фільме «Ма Рэйні: маці блюза». У гэту намінацыю таксама трапілі Рыз Ахмед («Гук металу»), Энтані Холкінс («Бацька»), Гэры Олдман («Манк») і Стывен Юн («Мінары»).

Намінацыю за найлепшую жаночую ролю атрымалі Глен Клоўз («Элегія Хілбілі»), Алівія Колман («Бацька»), Марыя Бакалова («Борат»), Аманда Сейфрыд («Манк») і Юн Ю Юнг («Мінары»).

Упершыню намінацыі атрымала Apple за найлепшы анімацыйны фільм «Легенда пра ваўкоў» і «Грэйхаўнд» (за найлепшы гукавы мантаж).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0