Андрэй Пятроўскі з вучнямі. Фота газеты «Светлы шлях»

Андрэй Пятроўскі з вучнямі. Фота газеты «Светлы шлях»

«Такі вось падарунак мне да Дня Канстытуцыі — звальненне, якраз з 15 сакавіка, — сумна жартуе Андрэй Францавіч. —

Напярэдадні ў 11-м класе быў урок грамадазнаўства. Тэма — «Сістэма міжнародных адносін». Мне дзеці задавалі пытанні, як суадносіцца нейтральны статус дзяржавы з удзелам у АДКБ. Я кажу, што ёсць розныя версіі. Пыталіся і пра сімвалы, у тым ліку бел-чырвона-белы сцяг.

Многія ж не ведаюць нават, што ў нас калісьці былі іншыя сімвалы. Дзеці пытаюцца, дык мне што, не адказваць? У мяне і пра крымінальную адказнасць, і пра адміністрацыйную пытаюцца. Я не прыдумваю нічога, даю толькі правераную інфармацыю».

Той урок Андрэя Пятроўскага запісаў на мабільны тэлефон адзін з вучняў, сын мясцовай чыноўніцы з жыллёвага аддзела райвыканкама. Потым вучань выклаў запіс у «сямейным чаце», з таго моманту ў настаўніка і пачаліся праблемы.

«Можна было б замяць гісторыю, але бацькі вельмі актыўнічалі. Адныя званілі заступаліся за мяне, іншыя — наадварот, заклікалі звольніць», — кажа Пятроўскі.

Настаўнік кажа, што тая чыноўніца даўно на яго мела зуб. «Ну як зуб? Не хацелі вучыцца, а хацелі адзнаку мець», — гаворыць спецыяліст. Некаторыя дзеці цяпер збіраюцца пісаць петыцыю, каб настаўніка аднавілі.

Андрэй Пятроўскі расказвае, што прэтэнзіі да яго маглі быць і раней, бо ён быў адзіным настаўнікам у школе, які не ўваходзіў у афіцыйны прафсаюз, не выпісваў дзяржаўныя газеты. «Я зрабіў кабінет гісторыі, дзе былі і Алег Трусаў, і Зянон Пазняк, і сцяг», — расказвае педагог.

«У адукацыі ў мяне варыянтаў ужо няма, хаця гісторыкаў не хапае. Мінімум у дзвюх вясковых школах няма гісторыкаў, але мяне туды ўжо не возьмуць». Працаўладкавацца Пятроўскі хоча зусім у іншай сферы, якая не звязаная з адукацыяй.

Андрэю Пятроўскаму 46 гадоў. Скончыў БДУ і Акадэмію кіравання. Родам з вёскі Вярэбушкі, што каля Крэва. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?