12 чэрвеня ў Літве адкрываецца рок‑фестываль Вe2gether («Будзем разам»). Паводле традыцыі ён праводзіцца каля замка Нарвілішкес, які размяшчаецца на адлегласці 50 метраў ад беларуска‑літоўскай мяжы.

Ініцыятарам і галоўным арганізатарам фестывалю з’яўляецца літоўскі бізнесмен Гедрус Клімкявічус. Паводле яго слоў, ідэя Вe2gether — збліжэнне літоўскага і беларускага народаў. Першы фестываль Вe2gether прайшоў у жніўні 2007 года, другі — у жніўні 2008 года.

Сёлета хэдлайнерамі фестывалю будуць гурты Gogol Bordello (США), Clawfinger (Швецыя), Touch And Go (Вялікабрытанія), Polarkreis 18 (Германія), Roni Size (Вялікабрытанія), Dilated Peoples (ЗША). Ад Беларусі выступяць «Ляпіс Трубяцкой» і The Toobes.

Фестываль будзе доўжыцца па 14 чэрвеня. Падчас яго будзе працаваць кінатэатр пад адкрытым небам, пройдуць спартыўныя гульні і шэраг іншых культурна‑забаўляльных мерапрыемстваў.

Для беларускіх гледачоў Вe2gether літоўскі бок выдаваў візы бясплатна. Пагранічныя адміністрацыі Беларусі і Літвы дамовіліся, што падчас правядзення фестывалю пункт пропуску «Піцкуны — Нарвілішкес» будзе працаваць у рэжыме міждзяржаўнага.

Беларускія грамадзяне, якія маюць білет на фестываль і візу, змогуць перасячы мяжу як пешкі, гэтак і на аўтамабілі.

Пункт будзе працаваць: 12 чэрвеня з 18.00 да 22.00, 13‑га — з 12.00 да 22.00, 14‑га — з 16.00 да 20.00.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0