«Ліга справядлівасці» ў кіно ўжо здаралася: у 2017 годзе на экраны выйшаў двухгадзінны фільм, які пачынаў вядомы па «300 спартанцах» і шэрагу супергеройскіх карцін Зак Снайдэр, а дарабляў Джос Уідан. «Ліга» правалілася ў пракаце і атрымала адмоўныя водгукі ад крытыкаў і гледачоў. Можна зрабіць выснову, што двойчы плаціць не толькі скупы, але часам і прадзюсар, што моцна ўмешваецца ў студыйны прадукт.

Фанаты сусвету DC арганізавалі цэлую кампанію і падпісалі шэраг петыцый з патрабаваннем, каб была зробленая рэжысёрская версія менавіта Закам Снайдэрам. І вось яна на экранах.

І на экранах усё пачынаецца са смерці Супермена, які ахвяраваў сабой дзеля чалавецтва. Паралелі з Хрыстом у кіно ўжо сталі мэйнстрымам, але супергеройскія сюжэты на іх напрошваюцца самі. Нават такія «напаўсупергеройскія», як, скажам, «Джокер» Тода Філіпса.

Бо калі DC так дзёрзка і саманадзейна стварае свае незямныя вобразы, якія, канечне, трэба было выдумаць, каб было не так сумна жыць, адзіны суадносны ім па грандыёзнасці персанаж у культуры — Хрыстос. Трэба сказаць, у гэтым выпадку боскае імя знаходзіцца ў добрым кантэксце, то-бок сама эстэтыка «Лігі справядлівасці» яго не абражае.

Жаданне стварыць не кінапрадукт на патрэбу публікі, а эпас размаху Гамера, Махабхараты ці Бібліі ў «Лізе справядлівасці» калі і не пераважае, то займае ў амбіцыях рэжысёра значнае месца. Адсюль тут эпілог і пралог, частыя слоўмо, ахвяраванне дынамічнасцю, зацягнутае панараміраванне і ўсе магчымыя велічныя аб’езды камерай, якімі мы любуемся героямі і аказваемся ўцягнутымі ў іх падспуднае ўсхваленне.

Адсюль тут і чатыры гадзіны хронаметражу, але крытыкаваць гэтую даўжыню дзіўна, бо гэта ж эпас, ён наўмысна замаруджваецца ў смакаванні свайго створанага свету, бо так манументальней, і аддае яму столькі прасторы, колькі гэта яшчэ выглядае прыстойным. Ну і хто, уласна, супраць?

Якраз сюжэт з яго шаблонамі і прадказальнымі паваротамі ў гэтай гісторыі выглядае архаічным і простым. «Прыйшоў канец сённяшняму свету, вернемся ў цёмныя часы» — планеце Зямля пагражае зло. Што за зло і чаму зло — проста зло. Бэтмен збірае каманду людзей з суперздольнасцямі, каб абараніць планету і гэтае зло прагнаць. Зямля ў сям’і бясконцых сусветаў тут належыць да ліку адсталых планет, але ёсць у ёй нешта, што даўным-даўно не дазволіла Дарксайду, што скарыў і спапяліў сотні тысяч светаў, сябе заваяваць. Але каб зрабіць гэта цяпер, яму трэба знайсці тры мацярынскія кубы і даць ім сінхранізавацца (падобнае калекцыянаванне можна заўважыць і ў іншых супергеройскіх сусветах).

У камандзе аказваюцца амазонка Дыяна, аквамен Артур Кары, зверххуткі Бары Ален і кібарг Віктар Стоўн. За кожным аўтары прыцягваюць асабістыя драмы і светы, што дазваляе ўключыць у «Лігу» характар старажытных плямёнаў, каларыт якой-небудзь рыбалоўнай вёскі Паўночнай Еўропы, чаму дапамагае прысутнасць у эпізадычнай ролі акцёра Інгварта Эгерта Сігюрдсана, ці культуру фантастычнага кіно пра высокія тэхналогіі. То-бок, каб расказаць багатую на сюжэтныя лініі «Лігу справядлівасці», Зак Снайдэр хай і дэкаратыўна, але спалучае розныя вобразы гісторыі кінематографа. 

Супраць зла такім чынам аб’ядноўваюцца не толькі невытлумачальныя звышздольнасці, так бы мовіць кроў багоў, але і навука, і ўласна грошы, што ў пэўным сэнсе прызямляе гэты нерэальны свет і робіць яго падуладным у тым ліку «простым» чалавечым здольнасцям.

І нават Супермена, а ён, канечне, уваскрос, утаймоўвае не Бэтмен ці Дыяна, а каханая, простая журналістка Лоіс Лейн. Карацей, каханне перамагае, а таксама «простыя» вера і надзея, якія гучаць у сціплых дыялогах усцяж усяго фільма.

Спалучэнне зразумелага і невытлумачальнага тут бачнае паўсюль: капучына ў аднаразовых кубачках, галенне і фірмовыя фургончыкі суседнічаюць з супергеройскай магіяй і зямны свет незямному як бы і не здзіўляецца. Увогуле, можна падумаць, што ўся гэта звышнатуральная каша заварылася для таго, каб Супермен уваскрос і змог у выніку жыць на ферме разам з блізкімі людзьмі. 

Візуальна гэта яшчэ і неверагодна прыгожы фільм: так у кіно павінен выглядаць эпас, які мы ў першую чаргу ведаем па літаратуры і харастве слова. То-бок каласальнасць выявы адпавядае неверагоднасці гісторый, і ўсё гэта дасягае такога градусу, што нават агульны пафас і самы пафасны персанаж Бэтмен тут выглядаюць арганічна.

Просты сюжэт у Зака Снайдэра такім чынам аброс вечнымі матывамі, візуальнай эфектнасцю і цягучым настроем — і гэта зацягвае. 

За чатыры гадзіны прагляду ад «ваў» і «ну, давай жа» можна застацца з мімічнымі маршчынамі. Але кураж «Лігі справядлівасці» падчас выратавання свету варты таго, бо, апроч самой па сабе забавы, якую ніхто не адмяняў, гледачы бачаць кошт базавых пачуццяў і адзінства. У адзінстве, уласна, і сакрэт, чаму сотні тысяч гадоў таму Зямля не скарылася перад Дарксайдам.

Для беларусаў прэм’ера адбылася ў анлайн-кінатэатры «КінаПошук», дзе карціну можна паглядзець і цяпер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?