20 красавіка ў Мінскім гарадскім судзе пройдзе разгляд апеляцыі па справе журналісткі Tut.by Кацярыны Барысевіч і доктара БХМД Арцёма Сарокіна, якія 2 сакавіка былі прызнаныя вінаватымі ў выдаванні медыцынскай таямніцы. Суд прызначыў Барысевіч паўгода пазбаўлення волі, Сарокіну — два гады, але з адтэрміноўкай на год, ён выйшаў на волю, нагадвае Tut.by.

Санкцыя артыкула прадугледжвала толькі адно пакаранне: пазбаўленне волі са штрафам. Тэрмін — ад 6 месяцаў да 3 гадоў. Як відаць з прысуду суда Маскоўскага раёна, Барысевіч далі мінімальнае пакаранне, пры гэтым Сарокін атрымаў адтэрміноўку на год, гэта значыць выйшаў на волю адразу пасля абвяшчэння прысуду. І калі цягам года ён не будзе парушаць закон, адбываць пакаранне не давядзецца.

Кацярына Барысевіч, пакуль прысуд не ўступіў у сілу, знаходзіцца ў следчым ізалятары № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Пад вартай наша калега ўжо чатыры месяцы.

Аднак пракуратура горада Мінска падала пратэст на прысуд у дачыненні да Барысевіч «з-за мяккасці прызначанага пакарання». Слуханне справы праходзіла ў закрытым рэжыме, усе ўдзельнікі працэсу былі папярэджаныя аб крымінальнай адказнасці за агучванне даных судовага следства.

Але заява пракуратуры дазваляе зрабіць выснову аб тым, што дзяржабвінаваўца прасіў пакаранне журналістцы вышэй за тое, што прызначана ў прысудзе. Што тычыцца пакарання доктару, то гэты момант не аспрэчваецца, гэта дае падставы выказаць здагадку, што ў гэтай частцы патрабаванні абвінавачвання былі задаволеныя. Сам Сарокін заявіў, што абскарджваць прысуд не будзе, ён ужо вярнуўся на працу ў бальніцу.

Кацярына Барысевіч і Арцём Сарокін былі затрыманыя 19 лістапада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0