Піша Віталь Тарас.

Пятнаццаць гадоў – гэта, зразумела, не юбілей. У жыцці чалавека першыя пятнаццаць гадоў ёсць нейкім незавершаным этапам. Ужо, як быццам, не дзіцячы ўзрост, але яшчэ не паўналецце. З другога боку, чалавек, якому прысудзілі пятнаццаць гадоў зняволення, успрыме той самы тэрмін зусім інакш.

Сёння забаўна ўспамінаць, як падчас першых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі многія ўпэўнена прадказвалі паразу Лукашэнкі ў другім туры ад Кебіча. А

калі Лукашэнка і пераможа, казалі яны, дык ненадоўга. Гэта будзе каліф на гадзіну.

Так некалі заходнія палітыкі і расійскія белаэмігранты прадказвалі ў першыя гады савецкай улады непазбежны і хуткі крах бальшавікоў. Бо ў бальшавіцкага ўраду таксама не было ні належнай кампетэнтнасці, ні культуры кіравання. Не хапала і проста элементарнай культуры…

Расійскі філосаф Розанаў параўнаў падзеі 1917 году з тэатрам. Сабраўся бамонд, здаў дарагія футры ў гардэроб, рассеўся ў ложах з ларнэтамі ды біноклямі, каб паглядзець на спектакль пад назвай “Рэвалюцыя”. А калі заслона ў фінальнай сцэне апусцілася і святло пагасла, выявілася, што – ні футраў, ні гардэробу, ні тэатру. Вакол адны матросы з маўзерамі.

Дагэтуль спрачаюцца, ці можна назваць выбары 1994 году ў Беларусі электаральнай рэвалюцыяй. Чаму не? Называюць жа рэвалюцыяй падзеі ў Іране 1979 году. Хоць некаторыя публіцысты параўноўвалі аяталу Хамейні з куляй, якая заляцела з ХІІ стагоддзя ў ХХ-е. Куля засела надоўга.

Іранскай ісламскай рэвалюцыі стукнула ўжо двойчы па пятнаццаць. Пераабраны на пасаду кіраўніка дзяржавы Махмуд Ахмадзінежад – не першы прэзідэнт Ірана. Прычым, нягледзячы на ўладу аятолаў і Вартаўнікоў ісламскай рэвалюцыі (да якіх належаў раней і цяперашні прэзідэнт), выбар у народу быў. З аднаго боку, народным масам падабаецца антыіізраільская, антыамерыканская рыторыка Ахмадзінежада. Людзям прыемна чуць, што іх краіна стане ядзернай дзяржавай сусветнага маштабу.
З другога боку, гарадская інтэлігенцыя і моладзь, асабліва жанчыны, галасавалі за памяркоўнага рэфарматара Мусаві. Які, між іншым, пры Хамейні быў прэмьер-міністрам і заснаваў партыю ў яго падтрымку. Невядома, якіх менавіта рэформаў ад яго чакалі, але яны яўна не закранулі б замежную палітыку. Моладзі, напрыклад, проста хочацца слухаць тую музыку, якая ёй падабаецца, а не тую, што дазваляе міністэрства культуры.

Тым не менш, пры ўсіх эканамічных цяжкасцях апошняга часу (а ў каго іх цяпер няма?) за трыццаць гадоў Іран стаў магутнай рэгіянальнай дзяржавай з развітымі тэхналогіямі. І ўзровень жыцця сярэдняга іранца, безумоўна, значна ўзрос за гэты час.

А хіба за пятнаццаць гадоў жыццё ў Беларусі не змянілася непазнавальна? Проста паглядзіце ў вакно. Праўда, і ва Ўкраіне можна пабачыць прыкладна тое ж самае. Дарэчы, насельніцтва яе амаль такое, як у Іране. Справа тут не ў лідэрах, а ў глабальнай эканоміцы.

Правоў і свабод у Беларусі, канечне, не стала больш. Хоць беларускіх музыкаў, якіх яшчэ нядаўна чыноўнікі ўлучалі ў “чорныя спісы”, ужо можна слухаць адносна свабодна. Тут мы апярэдзілі персаў. А ў цэлым засталася запатрабаванай ўсё тая ж рыторыка, як і ў 1994. Праўда, цяпер яна часам улучае антырасійскія выпады.

Нацыянальная свядомасць насельніцтва расце. Толькі яна, гэтая свядомасць, па-ранейшаму не ўлучае ў сябе беларускую мову і культуру як самакаштоўнасць.

Найноўшая гісторыя сведчыць, што ніводная краіна, якой бы спрыяльнай для яе ні была эканамічная кан’юнктура, не можа стаць сапраўды моцнай і незалежнай дзяржавай, калі яна не абапіраецца на развітую культуру, навуку і эфектыўную сістэму адукацыі. Як гэта было, скажам, у СССР 60-х гадоў. У Ірана – падабаецца гэта камусці, або не – ёсць свая ісламская ідэалогія, сістэма каштоўнасцяў, выразныя нацыянальныя прыярытэты і ўласныя кадры. Беларускае грамадства ўсё яшчэ абапіраецца на старыя мыліцы савецкай (чытай – расійскай) ідэалогіі і адукацыі.

Даўно прыйшоў час адкінуць тыя мыліцы, каб навучыцца хадзіць самастойна. Ці, можа, пачакаем яшчэ пятнаццаць гадоў? З гледзішча вечнасці гэта, вядома, не тэрмін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?