РБК удалося перадаць пытанні банкіру і палітыку, які знаходзіцца з чэрвеня мінулага года пад арыштам, і атрымаць на іх адказы.

Пра тое, што сілавыя разгоны апазіцыйных акцый дазволілі выратаваць краіну, утрымаць незалежнасць, перашкодзілі перадачы ўлады алігархам і захавалі прадпрыемствы ў працоўным стане, казалі чыноўнікі і прыхільнікі Лукашэнкі, у тым ліку ўдзельнікі «Усебеларускага народнага сходу».

Бабарыка называе памылковым тэзіс аб выратаванні краіны, бо, на ягоную думку, яно магчымае «толькі ад замежнай пагрозы, якой не было»: «Міратворчыя войскі NATO і сцягнутыя да мяжы танкі і самалёты былі толькі на экранах БТ і ў інфармацыйных паведамленнях дзяржаўных СМІ». На яго думку, кіраўніцтва краіны ратавала «ўласную ўладу ад людзей, якія хацелі змяніць жыццё да лепшага, і для гэтага гатова было выкарыстоўваць нават прыцягненне замежных Узброеных Сіл».

«Як і ў любога чалавека, у дзяржавы незалежнасць абапіраецца на эканоміку. Калі не можаш забяспечыць сам сябе, а бярэш грошы на сваё ўтрыманне ў бацькоў, сваякоў ці сяброў, то казаць аб незалежнасці складана», — тлумачыць ён. За мінулы год замежны доўг Беларусі вырас на $1,4 млрд, або больш чым на 8%, прыводзіць прыклад Бабарыка. Беларусь і так знаходзілася ў моцнай эканамічнай залежнасці ад аднаго ці двух рынкаў збыту і прыцягнення фінансавання, а «цяпер ні аб якой шматвектарнасці і дыверсіфікацыі казаць не даводзіцца», — працягвае ён.

«Знаходзячыся пад санкцыямі большай часткі цывілізаванага свету, спадзявацца на пашырэнне нашых магчымасцяў на рынках развітых краін і краін, якія развіваюцца, на жаль, нельга. Кожны дзень мы выпрошваем грошы ў партнёраў, прыкрываючыся тэзісамі аб лібералізацыі і напамінкамі «аб братэрскай любові», праяўленай у акопах войнаў. А цяпер у нас нават тэарэтычнай альтэрнатывы іншых партнёраў не засталося», — адзначае Бабарыка.

Тэзіс аб выратаванні краіны ад алігархаў таксама няслушны, упэўнены Бабарыка. «Што тычыцца магчымых «алігархаў» унутры краіны, то, відавочна, яны ўжо ўбудаваныя ў дзейную сістэму ўлады і дакладна не прэтэндавалі на ўладу», — лічыць ён.

На яго думку, калі ўлада выкарыстоўвае аргумент аб тым, што ў выпадку рэвалюцыі зачыняцца беларускія прадпрыемствы, яна таксама ўводзіць людзей у зман. «Праблема ўжо многіх дзесяцігоддзяў — нам абяцалі знакамітыя «па пяцьсот». А сёння пра гэта ўжо гаворкі не вядзецца. Атрымліваецца, што з кожным годам мы ўсё больш працавалі, але працавалі толькі дзеля працы, і нашы прадпрыемствы захоўваюцца толькі для захавання», — адзначае Бабарыка.

Акрамя таго, дадае ён, лідары апазіцыі ніколі не казалі, што закрыццё прадпрыемстваў або іх продаж — адзіны і непазбежны варыянт дзеянняў.

«Існуе мноства варыянтаў «несілавога» пераходу да больш эфектыўнай эканомікі, апрабаваных і рэалізаваных у іншых краінах. Таму «страшылкі» пра масавае беспрацоўе і распродаж «спадчыны» больш нагадваюць гісторыі пра бабайку або чупакабру. Ніхто не бачыў, але ўсе баяцца», — адзначае ён.

Абапірацца на гэтыя страшылкі, на думку Бабарыкі, можна, калі хочацца захаваць «арыенцір на састарэлую сістэму кіравання, заснаваную на хлусні, нянавісці і страху». «Але захаваць нешта немагчыма. У прыродзе няма працяглага стану ўстойлівай раўнавагі. Вы развіваецеся ці падаеце ўніз. Можна толькі рэгуляваць хуткасць руху», — упэўнены ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0