Уражанне, што Крэмль «мяса-малочную гістэрыку» пралічваў. Развязка доўгачасовай гульні на лініі Масква-Мінск-Брусэль ужо недалёка. Піша на сваім блогу Андрэй Пачобут.

Аляксандр Лукашэнка так і не здолеў напужаць Расею. Спачатку ультыматум — не паеду на саміт АДКБ, калі не пусціце малако на ваш рынак, — быў выстаўлены кулуарна, але ніякага ўражання на Крэмль ён не зрабіў.

У суботу адбылася публічная гістэрыка ў выглядзе загаду свайму атачэнню — ідзіце званіце ў Расею і «душыце на расейцаў». Макей, Жадобін і Мартынаў распачалі серыю безглуздых тэлефонных размоваў з сваімі расейскімі адпаведнікамі.

Усё гэта агучвалі дзяржСМІ.

БТ нават адмыслова перарывала праграму, каб суровым дыктарскім голасам паведаміць гледачам пра гэтыя размовы.

Потым у эфіры з’явіўся самаабвешчаны прэс-сакратар амбасады Кітая ў Мінску і цяпер ужо ад імя Беларусі рашуча асудзіў імперскасць Расеі. [Маецца на ўвазе кіраўнік лукашэнкаўскага сацыялагічнага агенцтва «ЭкаОМ» Сяргей Мусіенка. — Рэд.]

Вынік - нуль.

Тады запрашаюцца ў Міністэрства замежных справаў усе акрэдытаваныя ў Мінску амбасадары краінаў-удзельніц АДКБ. Яны таксама атрымоўваюць сваю порцыю плачу і трызнення...

Вынік — нуль.

Нягледзячы на ўсе гэтыя інфармацыйныя выбухі, ніякіх саступак не адбылося.

І ППРБ засталося толькі выканаць абяцанне і збайкатаваць саміт.

Уражанне, што Крэмль гэты крок пралічваў. Прынамсі, пакуль так выглядае.

Інструментаў для барацьбы з Расеяй у Лукашэнкі няшмат. Фактычна, акрамя працягу пулбічных гістэрык і расповедаў ідэалагічных баек, разлічаных на чырвоных імперыялістаў, засталося толькі вайсковае супрацоўніцтва. Ну можна яшчэ нейкія дробныя уколы рабіць расейскай гаспадарцы, але гэта сябе даражэй.

Карацей, цікавы момант.

Развязка доўгачасовай гульні на лініі Масква-Мінск-Брусэль, здаецца, ужо недалёка. Прынамсі, сябраваць і з тымі, і з тымі для Лукашэнкі ўсё складаней.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?